Берегите свои велосипеды

Общество Происшествия

І шукай ветру ў полі…
Веласіпеды – адзін з любімых  транспартных сродкаў шумілінцаў. Але не ўсе іх як след берагуць. Як сведчаць зводкі РАУС, у гэтым годзе заведзена дзесяць крымінальных спраў па крадзяжах веласіпедаў.
Калі не прыглядваешся да веласіпедыстаў, то здаецца, што іх і нямнога. Але мы прайшліся па вуліцы Ленінскай і налічылі іх 19  (ля магазінаў “Ганна” і “Скарб”, ля бібліятэкі, цэнтральнага ўніверсама, банкаў, райбыткаміната, “Вежы” і “Еўраопта”). Прычым, толькі чатыры былі прышпілены велазамкамі. Гэта значыць, да астатніх можна свабодна падысці, сесці і паехаць. А тады – шукай ветру ў полі. Апошняя фраза адрасавана гаспадарам веласіпедаў, якія не дбаюць пра бяспеку.
Прыкладна трэцяя частка ўбачаных веласіпедаў на вуліцы Ленінскай былі горныя. Гэта значыць, іх кошт ад 500 рублёў і вышэй. А калі яшчэ і не замкнутыя – гэта нядрэнная нажыва для злодзеяў. Напэўна, усе ведаюць, што пакідаць свае рэчы без нагляду ні ў якім разе нельга – або ўкрадуць, або сапсуюць. Але чамусьці не ўсе берагуць свае веласіпеды, якія, дарэчы, міліцыянерам не так і проста знайсці.
“Крадзеж веласіпедаў – гэта галаўны боль, – кажа першы намеснік начальніка РАУС Ігар Шаціла. – Колькі разоў папярэджваем, праводзім прафілактычныя гутаркі – на людзей гэта дзейнічае мала. Пакуль аднойчы веласіпеда не стане. Вось тады чалавек бяжыць у міліцыю, каб прасіць дапамогі. Шчыра кажучы, веласіпедныя крадзяжы раскрываюцца слаба: з дзесяці сёлета раскрыта толькі тры. Гэта звязана з тым, што не ўсе пацярпелыя адразу звяртаюцца ў міліцыю. А злодзеям дастаткова гадзіны-другой, каб вывезці веласіпед за межы раёна. У большасці выпадкаў украдзеныя веласіпеды разбіраюцца і прадаюцца па запчастках.  Таму гаспадарам веласіпедаў хочацца рэкамендаваць захоўваць пашпарты на транспартны сродак: у ім значыцца нумар, які нанесены на раме. Значыць, па гэтаму нумару чалавек можа даказаць, што знойдзены веласіпед (ці рама з нумарам) належыць менавіта яму. Варта карыстацца велазамкамі і не спадзявацца на надзейнасць дамафонных дзвярэй – яны не ўберагуць вашы веласіпеды ад крадзяжоў”.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №70 ад 06.09.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *