Навошта нам крэдыты?

Общество Экономика

Навошта нам крэдыты?
Што рабіць, калі хочацца штосьці купіць, а грошай не хапае?
Ёсць некалькі варыянтаў вырашэння праблемы. Канешне, самы аптымальны – перагледзець свае расходы, адмовіцца ад пакупак і назбіраць неабходную суму. Праўда, працэдура накаплення можа зацягнуцца. Можна пазычыць у знаёмых ці родных, калі ёсць у каго. Аднак на вялікія сумы наўрад ці давядзецца разлічваць. Можна… узяць крэдыт. Банк – гэта тое месца, дзе можна ў любы час пазычыць нават даволі буйную суму грошай. Але за карыстанне імі банк возьме плату ў выглядзе працэнтаў.
Банкаўскія крэдыты бываюць розных відаў. Напрыклад, мэтавыя (на пакупку кватэры, машыны і г. д.). У такім разе банк будзе сачыць за тым, куды чалавек будзе траціць крэдыт. Ёсць крэдыты спажывецкія, іх можна патраціць на звычайныя пакупкі – бытавую тэхніку, мэблю і інш. Той, хто ўзяў крэдыт, сам рашае, на што яго патраціць.
Згодная з тымі, хто лічыць, што крэдыт трэба браць толькі ў крайніх выпадках, калі накапіць грошы сапраўды складана. Напрыклад, на пакупку кватэры. Як правіла, гэта будуць крэдыты на вялікія тэрміны (гадоў на 10-20) і таму каштаваць яны будуць не так дорага, як, напрыклад, хуткія крэдыты ў магазінах.
Чаму трэба плаціць
банку працэнты
па крэдыту?
Крэдыт – гэта грошы, якія на час банк выдае звычайным грамадзянам, фірмам, заводам, бізнесменам. За карыстанне грашыма банк устанаўлівае пэўны працэнт. Так што ў выніку вярнуць трэба будзе больш, чым пазычаеш.
Грошы прыносяць укладчыкі, за што банк плаціць ім працэнты. А каб атрымаць грошы на выплату працэнтаў па ўкладах, банк павінен іх дзесьці ўзяць. Вось для гэтага ён на час бярэ грошы ўкладчыкаў і выдае іх у выглядзе крэдытаў. Людзі вяртаюць крэдыты і плацяць па іх працэнты. Яны і складаюць заробак банка. Чым больш банк абяцае працэнтаў укладчыкам, тым больш будуць каштаваць крэдыты.
Пра што раскажа
крэдытная гісторыя?
З крэдытнай гісторыяй на самой справе няма нічога складанага. Калі ў чалавека просяць у доўг родныя ці сябры, ён ведае гэтых людзей і ведае, ці змогуць яны вярнуць яму гэтыя грошы. А вось банк павінен быць перакананым, што перад ім добрасумленны чалавек. Для гэтага і прыдумалі крэдытную гісторыю.
Добрая крэдытная гісторыя будзе ў таго чалавека, які ў час разлічваецца па крэдытах. У чалавека, які не вяртае даўгі, крэдытная гісторыя дрэнная. Гэтак жа і ў жыцці: калі наш  знаёмы раптам не верне нам грошы, мы наўрад ці згадзімся выручыць яго ў наступны раз, бо так можна і без грошай наогул застацца.
Крэдытная гісторыя – гэта нешта накшталт дасье на чалавека. У ім сабраныя звесткі пра тое, колькі і калі ён пазычаў грошай у банку, а таксама як ён разлічваўся. Перад тым як выдаваць крэдыт, банкіры вывучаюць яго дасье. Калі яны ўбачаць, што чалавек забываў плаціць па крэдыту ці, напрыклад, у яго шмат даўгоў і ён яшчэ не з усімі разлічыўся, новы крэдыт такому чалавеку наўрад ці выдадуць.
Звесткі пра тое, як людзі пагашаюць крэдыты, збірае кожны банк і накіроўвае іх у спецыяльную базу, так званы крэдытны рэгістр. Таму, калі чалавек не заплаціў у адным банку, другі банк усё роўна пра гэта даведаецца.
Падрыхтавала
Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №61 ад 12.08.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *