В Шумилино прошла областная научно-практическая конференция медиков

Здоровье Новости

Раскрыць магчымасці лабараторнай дыягностыкі

11 мая ў Шуміліне прайшла выязная абласная навукова-практычная канферэнцыя “Сучасныя лабараторныя тэхналогіі ў клінічных пратаколах дыягностыкі і лячэння”.

Як заўважыў, адкрываючы работу канферэнцыі, галоўны пазаштатны спецыяліст упраўлення аховы здароўя аблвыканкама Аляксей Цецераў, мерапрыемства праходзіць у новым фармаце, што дазваляе спадзявацца на добры плён работы.
Галоўная праблема якаснай медыцыны (ды і не толькі медыцыны) ў арганізацыі ўзаемадзеяння паміж сумежнымі спецыялістамі, у адсутнасці ўзаемаразумення, якое часта могуць канстатаваць урачы-практыкі. Пачынаецца гэта яшчэ ва ўніверсітэце і працягваецца надалей, часта перашкаджаючы паставіць правільны дыягназ, прызначыць адпаведнае лячэнне, а значыць, выканаць галоўную задачу – аказаць якасную медыцынскую паслугу, вылечыць чалавека.
Шумілінская бальніца абсталявана сучаснай дыягнастычнай лабараторыяй, далёка не ўсе ўстановы аховы здароўя нават Віцебска могуць пахваліцца такім абсталяваннем. Але мець высокатэхналагічнае абсталяванне – зусім не значыць умець выкарыстаць усе яго магчымасці на карысць пацыента. Прасцей кажучы, спецыялістаў трэба навучыць карыстацца новай медыцынскай тэхнікай, трактаваць яе дадзеныя і гэтак далей.
На канферэнцыі былі раскрыты магчымасці сучаснай лабараторнай дыягностыкі ў самых розных сферах медыцыны. Гаварылі пра клінічнае значэнне паказчыкаў аўтаматызаванага аналізу клетак крыві, пра анкамаркеры ў лабараторнай дыягностыцы, пра лабараторныя крытэрыі хранічнай хваробы нырак, пра ролю і значэнне інавацыйных лабараторных тэхналогій у сучаснай рэпрадукцыйнай медыцыне, некаторыя аспекты дыягностыкі цукровага дыябету і пра многае іншае. Удзел у канферэнцыі шумілінскіх урачоў – работнікаў лабараторыі, тэрапеўтаў, хірургаў, гінеколагаў, адкрыў перад імі новыя магчымасці ў аказанні якаснай медыцынскай  дапамогі.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №37 ад 16.05.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *