В Обольском сельсовете прошёл день профилактики

Актуалии Общество Президент

Шансы і надзеі ёсць, калі не ўсё згублена

У мінулы чацвер у рамках дня работы з насельніцтвам на тэрыторыі Обальскага сельсавета прайшоў дзень прафілактыкі.

Група, у якую ўвайшлі старшыня сельсавета Мікалай Будневіч, інспектар інспекцыі нагляду і прафілактыкі РАНС Аляксей Лявонаў, нарколаг Шумілінскай ЦРБ Васіль Багдановіч, наведалі працоўня калектывы малочнатаварнай фермы Рашэтнікі, падраздзялення Обальскае УП ЖКГ Шумілінскага раёна і будаўнічага цэха ААТ “Обальскі керамічны завод” і правялі прафілактычныя гутаркі на самыя разнастайныя тэмы.
У прыватнасці, М. А. Будневіч узняў хвалюючую і актуальную, на яго думку, тэму дамашняга насілля ў сям’і, перасцерагаючы ад тых наступстваў, якія звычайна вынікаюць з сямейных скандалаў. «Як паказвае жыццё, мужыкі жонак б’юць, а тыя іх рэжуць. Не даводзьце да трагедый, – прасіў старшыня сельсавета. – Не дазваляйце сябе прыніжаць і не прыніжайце іншых, праблемы вырашайце цывілізавана, пры ўзнікненні спрэчак абавязкова выклікайце міліцыю». Падчас прафілактычнай размовы ўзнімаліся тэмы даўгоў за камунальныя паслугі, аховы дамашняй маёмасці, працаўладкавання і паводзінаў у грамадскіх месцах.
Супрацоўнік РАНС Аляксей Лявонаў расказаў прысутным пра сітуацыю з пажарамі ў вобласці і раёне, нагадаў, па якіх прычынах часцей за ўсё агонь ідзе да чалавека і губіць усё на сваім шляху, агучыў неацэнную ролю ў ратаванні жыццяў пажарных апавяшчальнікаў, спыніўся на іншых прафілактычных тэмах.
На тэрыторыі Обальскага сельсавета на ўліку ва ўрача-нарколага стаіць 77 чалавек, з іх 23 – жанчыны. Такую лічбу назваў у сваім выступленні ўрач-нарколаг Васіль Багдановіч, ён жа распавёў і пра метады барацьбы з алкагалізмам, пра метады лячэння, пра стымулы і матывацыю станавіцца на цвярозы, усвядомлены шлях існавання.
У гэты ж дзень у будынку Обальскага сельвыканкама прайшло пасяджэнне савета грамадскага пункта аховы правапарадку, на які былі запрошаны асобы, трапіўшыя ў апошні час ў поле зроку адпаведных праваахоўных структур. Трэба сказаць, што кантынгент самы разнастайны. З кожным з запрошаных адбылася сур’ёзная прафілактычная размова. Зразумела, што не да ўсіх, як кажуць, атрымалася дастукацца. Але хочацца спадзявацца, што многія пачулі просьбы, перакананні і рэкамендацыі. Бо, як вядома, шансы і надзеі ёсць, калі не ўсё згублена. А згублена ў многіх канкрэтных выпадках не ўсё.
Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №39 ад 23.05.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *