“А ў нас сёння рыбны дзень”

Актуалии Новости Общество

“А ў нас сёння рыбны дзень”

Аднадумцам і сябрам не трэба шукаць нейкую надзвычайную нагоду, каб сабрацца разам і цікава правесці час. Падыдзе, напрыклад, і рыбны дзень.
Так, менавіта мерапрыемства пад назвай “А ў нас сёння рыбны дзень” сабраў у мінулую пятніцу каля сямідзесяці прадстаўнікоў раённай суполкі Беларускага таварыства інвалідаў (БелТІ). З’ехаліся з усяго раёна, многія неслі ў руках падносы са стравамі, прыгатаванымі, вядома ж, з рыбы, для выставы. Чаго там толькі не нагатавалі гаспадыні: рыба фаршыраваная і запечаная, рыбныя салаты, рулеты, пірагі і 10 літраў юшкі!
Але перш чым спрабаваць стравы, прысутныя ўспомнілі пра Дзень Перамогі, на імправізаваную сцэну запрасілі Ефрасінню Фёдараўну Чарнамордаву, інваліда вайны з дзяцінства. Вядучая вечарыны Валянціна Яўланава прачытала для яе верш, а старшыня раённай арганізацыі БелТІ Любоў Нагібава ўручыла сувенір. Ефрасінні Фёдараўне, а таксама імяніннікам-юбілярам падарылі свае песні Любоў Улюценка і чароўны музычны дуэт Галіны і Рыгора Згірскіх.

Свята набрала абароты, калі журы пачало падводзіць вынікі рыбнага конкурсу (праўда, у выніку Л. М. Нагібава ўручыла сувеніры ўсім удзельнікам), калі пайшлі загадкі, віктарыны. Шумелі, адгадвалі, спаборнічалі, хто больш заробіць папяровых рыбак за трапныя адказы і актыўнасць і выйдзе на прызавое месца…
Разам віншавалі сяброў, разам спявалі, частаваліся рыбнымі стравамі, слухалі інфармацыю пра карысць рыбных страў, з якой выступіла загадчык аддзела арганізацыйна-метадычнай работы Ірына Бондарава, разам накрывалі і прыбіралі сталы… Ім цікава разам, і яны з нецярпеннем будуць чакаць новых сустрэч і старанна да іх рыхтавацца.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №40 ад 26.05.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *