Семья Далецких из Башней названа самой футбольной семьёй Витебской области

Актуалии Новости Семья Спорт, туризм

Самая футбольная сям’я Віцебшчыны

Сям’я Далецкіх з аграгарадка Башні выйграла абласны этап сямейнага футбольнага праекта “Тата, мама, я – футбольная сям’я”, які праводзіць Беларуская федэрацыя футболу.  Цяпер яны і яшчэ дзве сям’і з Шуміліна – Ходзюшы і Крыгіны – разам з дзесяццю лепшымі футбольнымі сем’-ямі Прыдзвіння будуць выступаць у фінале, які пройдзе восенню ў Мінску  ў рамках тыдня масавага футболу.
Абласны этап “Тата, мама, я – футбольная сям’я” праходзіў нядаўна ў Віцебску. У спаборніцтвах бралі ўдзел каля 40 сем’яў, гонар Шуміліншчыны абаранялі шэсць сем’яў.
“Калі даведаўся пра мерапрыемства,  то адразу падаў заяўку, – расказаў Андрэй Далецкі. – Сам люблю футбол ды і сын Мікіта пастаянна ганяе мяч. Дочкі – Аляксандра і Валянціна – успрынялі ўдзел у футбольным свяце як нешта новае і незвычайнае. Жонка Вольга проста не магла застацца ўбаку”.
Перад спаборніцтвамі больш за ўсіх хвалявалася Вольга Далецкая. Як сама прызнаецца, даспадобы глядзець футбол па тэлевізары, балець усёй сям’ёй за любімы клуб – мінскае “Дынама”, а вось самой гуляць у футбол  не выпадала. І, што самае дзіўнае, маці, абсалютны навічок у футболе, прынесла больш за ўсіх балаў у сямейную скарбонку – яе каманда заняла першае месца.
Само свята падарыла ўдзельнікам безліч станоўчых эмоцый і пазітыву. І сёння дзеці гатовы гадзінамі расказваць, як яны гулялі у футбол, як хваляваліся і падтрымлівалі сваіх. Не дарэмна ж маленькая Валя сказала: “Футбол – гэта хвароба маёй сям’і”.
9 чэрвеня сям’я Далецкіх адправіцца на “Барысаў-Арэну” на сустрэчу нацыянальных зборных Беларусі і Балгарыі. Дарэчы, усе ўдзельнікі праекта “Тата, мама, я – футбольная сям’я” атрымалі квіткі на гэты футбольны матч.
Не здзіўляйцеся, калі ўвечары ўбачыце загадчыка Башнёўскага дзіцячага садка Андрэя Далецкага, педагога-псіхолага раённай гімназіі Вольгу Далецкую, гімназістку Аляксандру Далецкую, вучняў Башнёўскай СШ Мікіту і Валянціну Далецкіх гуляючых у футбол. Гэта яны трэніруюцца для  годнага выступлення ў фінале праекта “Тата, мама, я – футбольная сям’я”.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №40 ад 26.05.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *