На повестке дня шумилинских аграриев — картошка, кукуруза, уход за посевами

Актуалии Сельское хозяйство Экономика

Садзяць “скарб” і “брыз”
Садзіць бульбу ў СФГ “Раднік” пачалі амаль два тыдні таму. Не спяшаліся з гэтай работай, бо, як паказвае практыка, вельмі раннія пасадкі не апраўдваюць сябе – у непрагрэтай зямлі клубні часцей хварэюць і ўсходы спазняюцца. Напрыканцы мінулага тыдня з запланаваных 120 гектараў было  пасаджана 80.
“Сёлета сезон веснавых работ нічым асаблівым не адрозніваюцца ад папярэдніх, – расказала аграном гаспадаркі Л. М. Прыгун. – Ніякіх экстрэмальных сітуацый не ўзнікае. Калі калегі з іншых гаспадарак скардзіліся, што на тэхніцы не заехаць на поле пасля дажджу, то ў нас такіх праблем няма – землі ля Заходняй Дзвіны высокія. Тут зараз, як паветра, патрэбны дождж”.
У гаспадарцы строга захоўваюць тэхналогію пасадкі: кожны клубень, перш чым трапіць у цёплы грэбень баразны, апрацоўваецца спецыяльнымі прэпаратамі супраць драцяніка і каларадскага жука, праз некалькі дзён глебу апрацуюць гербіцыдам, які перашкодзіць росту пустазелля”.
У гаспадарцы пакінулі толькі два гатункі – “скарб” і “брыз” – яны добрай лёжкасці і выдатныя на смак. Ды і з пераборкай у арачніках будзе лягчэй управіцца.

Сеяць кукурузу
У гаспадарках раёна ў разгары сяўба кукурузы. Усяго гэтай культуры трэба засеяць 2850 гектараў, на раніцу 29 мая план быў выкананы на 51%.
Аднымі з першых прыступілі да сяўбы кукурузы ў ААТ “Лаўжанскае”. “Наша задача – пасеяць у сціслыя тэрміны і з належнай якасцю, – кажа галоўны аграном гаспадаркі Марыя Марозава. – На 600 гектараў кукурузы  праз “Мясамалпрам” закупілі 20 тон насення  гатунку “краснадарскі-194”. Гэты сорт добра апраўдаў сябе ў папярэднія гады. Пакуль засеялі толькі каля 300 гектараў”.
У гэтым годзе, калі гаспадарка ўвайшла ў інтэграцыйную структуру “Віцебскага мясакамбіната”, стала лягчэй і  з запчасткамі, і з насеннем, і з палівам, і паступленнем новай тэхнікі. Так што працаваць ёсць на чым. Праблема ў тым, што перашкодзілі  дажджы, прыйшлося чакаць, пакуль некаторыя палеткі падсохнуць, таму з сяўбой крыху спазніліся”.
Галоўны аграном кожны дзень аб’-язджае палеткі гаспадаркі.  Вось і ў дзень нашага прыезду Марыя Марозава збіралася ехаць ва ўрочышча Рашэтнікі, дзе сеялі кукурузу.
У “Лаўжанскім” сёлета робяць стаўку на кукурузу з тым разлікам, каб выканаць і перавыканаць план па нарыхтоўцы кармоў. Гаспадарцы, якая мае немалы жывёлагадоўчы комплекс і думае сёлета яго значна папоўніць, трэба нарыхтаваць не менш за 25 тысяч тон сенажу.

Даглядаюць за пасевамі

Адначасова з завяршэннем асноўных пасяўных работ гаспадаркі раёна прыступілі да мерапрыемстваў па доглядзе за пасевамі.
На 392 гектарах азімага рапсу, што пасеяны ў гаспадарках раёна, поўнасцю правялі хіпраполку. “Азімы рапс пасля праведзенай падкормкі інтэнсіўна пачаў расці, – расказала галоўны аграном па ахове раслін раённай інспекцыі па насенняводстве, каранціне і ахове раслін Ларыса Антосік. – Каб захаваць будучы ўраджай насення тэрмінова патрэбна было правесці інсектыцыдную апрацоўку супраць кветкаеда. І з гэтай задачай справіліся дастойна. З патрэбнымі прэпаратамі праблем не было: іх у кошт будучага ўраджаю прадставілі з Віцебскага маслаэкстракцыйнага завода. Але ж на гэтым работа не закончана. Апрацоўку інсектыцыдамі трэба рабіць яшчэ адзін-два разы”.
Таксама праводзіцца хімпраполка азімых зерневых, якіх у раёне пасеяна 4663 гектары. Напярэдадні работнікі раённай інспекцыі па насенняводстве, каранціне і ахове раслін праверылі палеткі на засмечанасць пустазеллем, напісалі патрэбныя рэкамендацыі. Пры гэтым адзначылі, што абсалютна чыстых палеткаў ў гаспадарках практычна няма. Гэта тлумачыцца рознымі прычынамі: з восені не апрацавалі гліфасатамі, ворыва правялі не па тэхналогіі і не ў тэрмін. Вось і прыходзіцца рабіць хімпраполку абсалютна на ўсіх палетках з азімымі.  З гэтай работай на канец мінулага тыдня  ў раёне справіліся на 76,4%.  Усяго тры гаспадаркі – СФГ “Радні”, ААТ “АграБаравінка” і “Ляжні” – паспелі поўнасцю завершыць хімпраполку. Заканчваюць апрацоўку гербіцыдамі ў “Шумілінскім райаграсэрвісе”, “Прыдзвінскім” і “Лаўжанскім”. Работу крыху стрымлівае тое, што на 1400 гектарах азімых зерневых падсеяна канюшына.
Наперадзе ў аграномаў гаспадарак раёна не менш важная работа – апрацоўка яравога рапсу ад крыжакветнай блошкі і хімпраполка яравых зерневых і зернебабовых.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №41 ад 30.05.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *