Выездная коллегия Шумилинского райсельхозпрода рассмотрела вопросы животноводства

Актуалии Власть Экономика

Захаваць, вырасціць, атрымаць малако

На мінулым тыдні прайшла калегія райсельгасхарчу, на якую былі запрошаны кіраўнікі, заатэхнікі, ветурачы, лабаранты сельгасарганізацый раёна, спецыялісты райветстанцыі і племстанцыі. Актыўны ўдзел у нарадзе прыняў старшыня райвыканкама А. І. Снараў.

Удзельнікі калегіі наведалі фермы дзвюх гаспадарак – КУСГП “Сіроцінскі” і ААТ “Прыазёрны мір”. Кіраўнік раёна адзначыў, што зараз галоўнае для кіраўнікоў, спецыялістаў, ветурачоў, жывёлаводаў – не ўпусціць час. Трэба ўдзяліць належную ўвагу асемяненню кароў і цёлак, захаваць маладняк, вырасціць яго, каб у будучым мець надзейны малочны статак. А для гэтага перш-наперш варта стварыць годныя ўмовы ўтрымання жывёлы. У гэтым накірунку пастараліся ў КУСГП “Сіроцінскі”, дзе літаральна за месяц зрабілі рамонт у цялятніках. Кіраўнік гаспадаркі М. У. Прыгодзіч расказаў, што на ферме, якую пабудавалі ў 1981 годзе, практычна ніколі не рабілі рамонту. А ён прасіўся даўно: трэба было і гной прыбраць, і вентыляцыю зрабіць, і асвятленне ўстанавіць, і падлогу падрамантаваць. Да ўсяго гэтага дайшлі рукі. І зроблена, як адзначылі ўдзельнікі калегіі, на сумленне. Зараз і два малочныя статкі, і цяляты на ферме Слабада ўтрымліваюцца ў добрых умовах. Асабліва прысутным спадабаліся хлеўчукі, дзе зрабілі больш за шэсцьдзясят клетак для цялят-малочнікаў. Вядзецца рамонт у памяшканні, дзе маюць намер паставіць цялят на дарошчванні. На ферме Сіроціна ўдзельнікі калегіі  вялі гаворку пра кармленне новацельных і сухастойных кароў. Галоўны ветурач раёна І. У. Галуза рэкамендаваў абавязкова закупіць камбікорм для першацёлак, а сухастойным каровам кожны дзень даваць грубы корм, у тым ліку і салому. Работнікі ветстанцыі правялі для прысутных на калегіі майстар-клас па рабоце з дрэнчарам – зондам для прымусовага ўвядзення ў страўнік цяляці малодзіва ці лекавага адвару. У “Сіроцінскім”, да прыкладу, летам насушылі ўдосталь рамонак, конскага шчаўя, трыпутніку і гэтыя адвары рыхтуюць самі даяркі.
Дырэктар райплемстанцыі А. А. Казьмін рэкамендаваў на кожнай ферме зрабіць пункты па штучнаму асемяненню.
Фермы ААТ “Прыазёрны мір” – добры прыклад таго, што пры захаванні адпаведных тэхналогій утрымання і кармлення можна дабіцца лепшых вынікаў. У пачатку гэтага года пачалі даіць кароў тры разы на дзень. І гэта дало свой плён: на ферме Непароты зараз дояць амаль восем кілаграмаў на карову, гэта на 2 кг больш, чым у мінулым годзе. Плюсуюць і на ферме Маркава. Кіраўнік гаспадаркі В. М. Дзяцко расказаў, што летам на ферме адрамантавалі стойлавае абсталяванне, памянялі вакуумную сістэму. А месяц таму гаспадарка закупіла 50 тон канцэнтратаў для кароў, і гэта дало прыбаўку да малака.
Удзельнікі нарады абмеркавалі ход рамонту тэхнікі. Спецыялісты райсельгасхарчу адзначылі, што час няўмольны – не паспееш азірнуцца, як трэба будзе сеяць.
Падводзячы вынікі калегіі райсельгасхарчу, А. І. Снараў адзначыў, што галоўнае пры любой рабоце – захаванне тэхналогіі і дысцыпліны. Калі такога прынцыпу ў рабоце будуць прытрымлівацца ўсе – ад кіраўніка да даяркі – то будзе і вынік.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №13 ад 14.02.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *