Праздник, посвящённый Дню пожилых людей прошёл в Шумилинском ГДК

Актуалии Общество

Не здавацца на волю лёсу, любіць жыццё!..
У мяне не было пад рукой дыктафона, а то запісаў бы даслоўна тое, што сказаў з трыбуны Браніслаў Раманаў з Мішневіч. Усё адно словы, вынесеныя ў загаловак, перадаюць сутнасць яго думкі. І наогул выступленне Браніслава Міхайлавіча было прачулым, кранала да слёз.
Але гэта па сцэнарыі свята, прысвечанага Дню пажылых людзей, якое адбылося ў Шумілінскім ГДК, стаяла прыкладна ў сярэдзіне. Пачыналася ж яно пад зыкі вядомых песень, чытаннем вершаў юнымі дэкламатарамі. Затым на сцэну выйшаў намеснік старшыні райвыканкама А. М. Зайцаў. У Анатоля Мікалаевіча знайшлося нямала цёплых слоў у адрас тых, хто заслужыў справамі падзяку і шанаванне, хто не шкадаваў жыцця і здароўя ў імя сённяшняга дня. А. М. Зайцава чакала наперадзе не менш прыемная місія — уручэнне дыпломаў і падарункаў пераможцам конкурсу “Мая сям’я — мой родны дом”.
Не паскупілася на пахвалу і старшыня раённага савета ветэранаў К. Ф. Палоўнікава. Яна таксама ўручала дыпломы і падарункі за належны парадак на прыдамавых тэрыторыях. А затым вядучая Настасся Матусевіч дала слова дыпламанту з Мішневіч Браніславу Раманаву. Ветэран з цеплынёй згадаў свае маладыя гады, не прамінуў успомніць пару ваеннага ліхалецця, прызнаўся, што, працаваўшы брыгадзірам, “наперадзе кароў бегаў бягом”. Яму 75, але не падае духам Браніслаў Міхайлавіч, на такое ж стаўленне да жыцця, шчыра і з гумарам, уласцівымі яму, заклікаў усіх у зале. Затым чытаў свае вершы —  таямніча-трапяткія, вершы пра каханне…
Канцэрт, прысвечаны пажылым людзям, удаўся, зала не раз узрывалася гарачымі апладысментамі. Шчыра дзякавалі Вользе Гаўрылкінай — за яе пацешныя частушкі пра Сямёнаўну, усе былі ў захапленні ад песні і байкі ўласнага сачынення Тамары Мікулевіч з аграгарадка Слабада, ад групы “Залаты ўзрост”, ад многіх арыгінальных і цікавых нумароў мастацкай самадзейнасці.
Свята закончылася. Настасся Матусевіч узяла ў запрошаных клятвенныя запэўніванні ў тым, што ў гэтым жа складзе ўсе збяруцца праз год па такой жа шаноўнай нагодзе…
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №76 ад 04.10.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *