Шумилинские школьник собираются на республиканские олимпиады по технологии и географии

Актуалии Образование

Поспех у вобласці, наперадзе – рэспубліка
Шумілінская зямля багатая на таленты. Акадэмікі С. М. Вышалескі і А. І. Лапо, прафесары Ф. Р. Барадулін і В. К. Гусакоў, філосаф П. Д. Пузікаў і гісторык Д. І. Даўгяла пакінулі адметны след у навуцы. У наш час працуюць у навучальных і навуковых установах выхадцы з Шуміліншчыны — прафесар В. Я Несцярэнка (ВДУ імя Машэрава), дацэнты Ю. Л. Казакоў, В. І. Рэпнікаў (БДУ) і іншыя. Поспехі шумілінскіх школьнікаў у рэспубліканскай алімпіядзе па вучэбных прадметах даюць упэўненасць, што і ў будучым вучоныя-шумілінцы будуць праслаўляць раён сваімі дасягненнямі.  У пачатку лютага завяршыўся абласны этап школьных алімпіяд. Наш раён абаранялі ў Віцебску восем вучняў. Адразу можна сказаць, што выступілі яны прыстойна і прывезлі два дыпломы першай і два – трэцяй ступені. Гэта сведчыць аб высокім ўзроўні работы педагогаў раёна, здольнасцях і ўпартай працы вучняў.
Традыцыйна высокія вынікі паказваюць вучні настаўніцы працоўнага навучання Шумілінскай СШ №1 Н. М. Спірыдонавай. Вось і сёлета некалькі яе вучаніц прадстаўлялі наш раён на абласным этапе, а Ганна Ляснічая (8 клас) атрымала дыплом 1 ступені і будзе абараняць гонар Віцебскай вобласці на рэспубліканскім ўзроўні.
Вызначыліся сёлета і прадстаўнікі Башнёўскай школы, якія годна выступілі на раённым узроўні, а вучаніца настаўніцы М. А. Мігуцкай дзевяцікласніца Новікава Кацярына (пра яе ўжо пісала раёнка) з дыпломам 1 ступені па геаграфіі увайшла ў склад абласной каманды на рэспубліканскі этап.
Дыпломы трэцяй ступені заваявалі яшчэ два прадстаўнікі СШ №1: па матэматыцы — Дзіяна Байдакова (9 клас), па грамадазнаўству — Андрэй Казаравец (11 клас). Яны пацвердзілі якасць работы вопытнага педагога Н. У. Лузгіной і маладога настаўніка С. Я. Сахончыка. Яшчэ адзін вучань школы – Аляксей Бурлакоў (11 клас) прывёз заахвочвальны прыз па гісторыі.
Пераможцаў і прызёраў яшчэ чакаюць урачыстасці ў канцы навучальнага года, калі адбудзецца традыцыйны прыём у старшыні райвыканкама і свята “Маладыя таленты Шуміліншчыны”.
А пакуль разумнікам і разумніцам некалі адпачываць на лаўрах, бо ў сераду пачаліся трэніровачныя зборы ў Віцебску, дзе абласныя каманды рыхтуюцца да рэспубліканскага этапа.
Нам жа застаецца толькі пажадаць ім поспехаў, новых вышынь у дасягненні ведаў і новых перамог.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў  №17 ад 28.02.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *