В центре внимания — здоровье белорусов

Актуалии Здоровье Президент

Здароўе  нацыі  –  вышэйшая  каштоўнасць  дзяржавы

Чарговы дзень інфармавання, які прайшоў учора, быў прысвечаны актуальнай тэме “Здароўе нацыі – вышэйшая каштоўнасць дзяржавы. Меры па папярэджанні і пераадоленні п’янства і алкагалізму ў Беларусі”. Інфармацыйна-прапагандысцкія групы райвыканкама наведалі прадпрыемствы і арганізацыі раёна.
Развіццё сістэмы аховы здароўя – адзін з прыярытэтных напрамкаў у нашай краіне. Штогод на гэтыя мэты выдаткоўваецца да 6% ВУП. Беларусь лідзіруе па многіх паказчыках медыцынскага абслугоўвання, якасці жыцця сярод краін СНД, а па некаторых і ў свеце. Сёлета ўпершыню за апошнія дзесяцігоддзі нараджальнасць перавысіла паказчыкі смяротнасці – 12,6 супраць 12,5 на 1 тысячу чалавек.
Разам з тым у ліку сур’ёзных праблем, якія перашкаджаюць паляпшэнню сітуацыі, – алкагалізацыя насельніцтва краіны. І хаця узровень спажывання алкаголю зменшыўся з 13,3 л алкаголю на 1 чалавека ў 2011 годзе да 9,05 у 2015, праблема застаецца. Алкагалізацыя аказвае негатыўны ўплыў на здароўе насельніцтва, дэмаграфічную сітуацыю, узровень правапарушэнняў і злачыннасці, сацыяльную стабільнасць.
Групы, у склад якіх уваходзяць прадстаўнікі раённай газеты, правялі сустрэчы ў Шумілінскім раёне газазабеспячэння і ў цэнтральнай бібліятэцы.
У райгазе галоўны ўрач Шумілінскай ЦРБ К. Ф. Баканаў актуалізаваў тэму на мясцовым матэрыяле. “Тэма дня інфармавання надзвычай важная і для нашага раёна, – падкрэсліў Канстанцін Фёдаравіч. – На ўліку ва ўрача-нарколага стаіць 632 чалавекі, з іх 228 – жанчыны, 8 – падлеткі, выяўлены і наркаманы – 5 чалавек”. За кожнай лічбай – лёсы людзей, зламаныя жыцці, згубленае здароўе. І сумная статыстыка сведчыць, што праблема не зніжае сваёй вастрыні: расце колькасць хворых з алкагольнымі псіхозамі, па лініі праваахоўных органаў сёлета праведзена засведчанне на алкаголь больш за 1500 чалавек, 28 пацыентаў з алкагольным атручваннем ці комай прайшлі праз рэанімацыю, 8 чалавек памерлі ад алкаголю. Выклікае занепакоенасць рост алкагалізму сярод жанчын (35 жанчын за год дабавілася на ўліку ў нарколага), адзначыў галоўны ўрач. Усе гэтыя фактары адмоўна ўплываюць і на зніжэнне смяротнасці, выклікаюць рост траўматызму, хранічных  і вострых захворванняў, пагаршаюць дэмаграфічную сітуацыю ў раёне. К. Ф. Баканаў звярнуў увагу на такія праблемы, як туберкулёз і ВІЧ/СНІД. У прыватнасці, за апошнія два гады колькасць асоб з ВІЧ-інфекцыяй павялічылася са стабільнай многія гады лічбы 5 да 11. І гэтую інфекцыю прывезлі з работы ў Расіі жыхары нашага раёна, прывезлі сабе і заразілі сваіх жонак.
Канстанцін Фёдаравіч расказаў пра рашэнне ў раёне праблемы з медыцынскімі кадрамі: сёлета прыйшлі 10 маладых медыкаў-урачоў, чакаецца прыход медыцынскіх работнікаў і на наступны год, што дазволіць поўнасцю закрыць дэфіцыт вузкіх спецыялістаў у медустановах раёна.
Намеснік кіраўніка інфармацыйнай групы начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама В. А. Емяльянаў  засяродзіў увагу прысутных на здаровым ладзе жыцця, заклікаў больш наведваць фізкультурна-спартыўныя ўстановы, у прыватнасці фізкультурна-аздараўленчы цэнтр, які прадстаўляе шырокія магчымасці для заняткаў фізкультурай і спортам.
*  *  *
Інфармацыйна-прапагандысцкая група, якую ўзначальвае старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава, сустрэлася з калектывам Шумілінскай раённай бібліятэкі.
З асноўнай тэмай дня інфармавання выступіў намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама В. М. Саковіч, пасля чаго пазнаёміў работнікаў бібліятэчнай сістэмы з актуальнымі задачамі ў галіне адукацыі, адказаў на цікавячыя пытанні.
Сітуацыю з пажарамі (з пачатку года ў раёне здарылася 17 пажараў, у якіх адзін чалавек загінуў) і тэму пажарнай бяспекі акрэсліў у сваім выступленні намеснік начальніка райаддзела па надзвычайных сітуацыях І. П. Маскалькоў. Іван Пятровіч таксама нагадаў пра небяспеку выхаду на лёд, наогул пазнаёміў з першачарговымі задачамі, якія стаяць зараз перад службай выратавання.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №98 ад 16.12.2016г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *