5 июня — День охраны окружающей среды

Актуалии Экология

Вада, зямля, паветра – пад кантролем

Напэўна, у эколагаў 5 чэрвеня – самая галоўная дата ў календары, калі яны імкнуцца з розных трыбун, і раённага, і сусветнага маштабу, звярнуць увагу грамадства на праблемы навакольнага асяроддзя, узняць актуальныя экалагічныя пытанні.

У нашым раёне службай, якая ажыццяўляе кантроль за станам вады, зямлі і паветра,  выяўляе і выкараняе парушэнні прыродаахоўнага заканадаўства, з’яўляецца раённая інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Сёння пра экалагічную сітуацыю ў Шумілінскім раёне, пра задачы і праблемы ў сферы аховы навакольнага асяроддзя размаўляем з начальнікам  інспекцыі Генадзем КІСЯЛЕВІЧАМ.
– Нам пашчасціла жыць і працаваць на прыгожай шумілінскай зямлі, якая багатая на чыстае паветра, на лясы, рэчкі і азёры, на разнастайнасць жывёльнага і расліннага свету. На тэрыторыі раёна знаходзяцца самы вялікі камень Беларусі, два рэспубліканскія прыродныя ўнікальныя заказнікі: ландшафтны “Казьянскі” і гідралагічны “Сосна”. Вельмі цікавы водна-балотны заказнік “Варануха”, даволі шмат цікавых і непаўторных месцаў, геалагічных помнікаў. Узяць, скажам, возера Сосна ў вёсцы Рускія. Мала дзе можна сустрэць наяду, гідрылу мутоўчатую. А ў гэтым возеры яны ёсць. Нядаўна навукова даказана, што ў возеры водзіцца даволі рэдкі від рака – рак шыракапалы, занесены ў Чырвоную кнігу.
– Але ж да многага прыклаў руку чалавек, і прычым, не з самых лепшых памкненняў. Інакш вашай службы не было б… Якія першачарговыя задачы стаяць перад супрацоўнікамі раённай інспекцыі на сённяшні дзень?
– Працуем па розных накірунках дзейнасці: ахова прыродных рэсурсаў, кантроль за станам паветра, вады, лясоў, за абыходжаннем з адходамі.                   У прыватнасці, улічваючы дастатковую колькасць на тэрыторыі нашага раёна рэк, азёр, вадаёмаў, шмат выяўляецца парушэнняў рэжыму ўтрымання водаахоўных зон і прыбярэжных палос. Людзі па-ранейшаму мыюць свой транспарт у азёрах і рэчках, ігнаруючы забарону на гэтыя дзеянні і на пад’езд бліжэй за 30 метраў да вады. Атрымліваюць, безумоўна, штрафы. І немалыя – да 20 базавых велічынь. Толькі за вясну па гэтай прычыне аштрафавана 7 аўтааматараў. Да 9 чэрвеня нельга плаваць на лодках на водных аб’ектах. Парушальнікаў, зноў жа, хапае.
– Генадзь Мікалаевіч, у такім разе акрэсліце, калі ласка, галоўныя  экалагічныя праблемы раёна?
– Хворая тэма – нерацыянальнае выкарыстанне водных рэсурсаў сельгаспрадпрыемствамі. Вельмі складана вырашаецца праблема з цечамі вады з воданапорных вежаў і водаправодаў. “Грашаць” гэтым у ААТ “АграБаравінка”, “Прыазёрны мір”, КУСГП “Сіроцінскі”.
Яшчэ адзін галаўны боль – комплекс “Лаўжанскі”, дакладней, яго гноевыя сцёкі. Некалькі год таму быў распрацаваны праект, згодна з якім было запланавана будаўніцтва трох БІЗаў (біялагічных інжынерных збудаванняў), у 2012 годзе за сродкі экалагічнага фонду пабудаваны толькі адзін. І ён, вядома, не знімае пытанне. Патрэбны немалыя грашовыя ўкладанні, а іх няма і ў бліжэйшы час не прадбачацца.
Асобнае пытанне – павелічэнне зямель з зараснікамі баршчэўніка Сасноўскага. Гэта сведчыць пра відавочна недастатковую работу землекарыстальнікаў і ўласнікаў. І хаця ў нашым раёне гэтая расліна рассялілася на параўнальна невялікай плошчы (менш за 2 га), аднак калі не прымаць дастатковых мер – а гэта трохразовае скошванне за сезон плюс апрацоўка гліфасатамі – расліна-агрэсар запаланіць усё. Масавыя зараснікі выяўлены на тэрыторыі ААТ “Лаўжанскае”, уздоўж аўтадарогі Обаль-Полацк, у Башнях, Кардоне, Навіках, вакол Сіроціна. Хачу адразу папярэдзіць, што сёлета прыродаахоўная служба плануе ўзмацніць жорсткасць да парушальнікаў.
– Сёння востра стаіць пытанне адходаў, збору і перапрацоўцы смецця. Як экалагічная служба ацэньвае праводзімую ў раёне работу ў гэтым накірунку?
– Інспекцыя найперш абавязана весці кантроль за адходамі на вытворчасці. Тым не менш, улічваючы важнасць і актуальнасць пытання, не можам стаяць у баку ад работы з камунальнымі адходамі. Шчыра сказаць, работа камунальнікамі вядзецца, але несістэмна і вельмі марудна. На сённяшні дзень не вырашана пытанне збору смецця ў многіх населеных пунктах. Не хапае кантэйнераў, не да канца вырашана пытанне раздзельнага збору смецця. Крайне недастатковай хочацца назваць работу УП ЖКГ па заключэнні дагавораў з насельніцтвам на водазабеспячэнне і вываз смецця. І прыродаахоўная служба, зноў жа, вымушана за парушэнне прыродаахоўнага заканадаўства прыцягваць да адказнасці адпаведныя службы.
– У такім разе можна асабістае пытанне? А сам начальнік прыродаахоўнай службы дома смецце сарціруе?
– Абавязкова. Пластык асобна, шкло асобна, паперу асобна… І гэта, скажу вам, зусім няцяжка, але вельмі важна.
– Дзякуй за размову.
Алена КАРПУШЭНКА.

Сёлета Дзень аховы навакольнага асяроддзя праходзіць у свеце пад дэвізам «Я з прыродай». Тэма прысвечана яднанню чалавека з прыродай і заклікае нас з любоўю акунуцца ў прыроду, ацаніць яе важнасць і абараніць нашу агульную планету Зямля.
Надрукавана ў № 42 ад 02.06.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *