Чем удивят туристов агроусадьбы Шумилинщины в этом году

Актуалии Сельское хозяйство

Аграсядзібы ў чаканні гасцей
Агратурызм – адзін з найбольш паспяховых відаў турызму,  якія развіваюцца ў Беларусі. У краіне зарэгістравана 2 263 аграсядзібы, з 2006 года іх колькасць  вырасла ў 66 разоў, іх паслугамі ў сярэднім за год карыстаецца амаль 300 тысяч турыстаў.
У Шумілінскім раёне  працуюць 6 аграэкасядзіб – Дом паляўнічага  ДЛГУ “Шумілінскі лясгас” (вёска Роўнае), “Обальская флатылія” і “Ведрусы” (у вёсцы Заобаль), “Дзвінскі рай” (вёска Чэрчыцы), “У Пятровіча” (аграгарадок Башні) і сядзіба “Ерашова”.
У мінулую сераду  камісія на чале з начальнікам аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама В. В. Мяньковай наведала аграэкасядзібы раёна з мэтай  праверыць гатоўнасць аб’ектаў аграэкатурызму да новага  сезона.
Сёлетні год для “Обальскай флатыліі” – юбілейны: у 2007 годзе ў вёсцы Заобаль Мішневіцкага сельсавета Анатоль Бычкоў арганізаваў “Обальскую флатылію” з пяці катамаранаў.  Гаспадар  прапаноўвае турыстам водныя экскурсіі па рацэ Обаль. Стандартны спуск разлічаны на 8 гадзін, ёсць экскурсіі, разлічаныя на два дні. Падчас падарожжаў можна не толькі любавацца мясцовымі краявідамі, а і атрымаць змястоўную гістарычную і краязнаўчую інфармацыю пра гэтыя мясціны. На маршруце дзве абсталяваныя стаянкі. “Обальская флатылія” трывала заняла сваё месца на рынку турыстычных паслуг. За мінулы сезон здзейснілі падарожжа на катамаранах 130 чалавек.
У ліку першых, хто пачаў развіваць агратурызм у нашым раёне, была і Антаніна Шэдзько з вёскі Ерашова Мікалаёўскага сельсавета. Гаспадыня зрабіла стаўку найперш на дабрабыт і камфорт для адпачываючых. Аграэкасядзіба  “Ерашова” – экалагічна чысты драўляны дом з мансардай і спадарожнікавым тэлебачаннем, лазня, закрытая альтанка, шашлычніца. Гасцявы домік, разлічаны на пяць чалавек, стаіць на беразе Заходняй Дзвіны. Адпачынак ідэальна падыходзіць для сем’яў, якія жадаюць не толькі вырвацца з гарадской мітусяніны, але і на прыродзе пабыць у камфортных умовах. Антаніна Шэдзько плануе пашыраць свой бізнэс: зараз ідзе будаўніцтва яшчэ аднаго гасцявога доміка. За  мінулы сезон у Ерашове адпачыла каля дваццаці чалавек.
Толькі станоўчыя эмоцыі і ад аграсядзібы “У Пятровіча”, што ў аграгарадку Башні. Дом, у якім можа размясціцца да 10 чалавек,  стаіць непадалёк ад возера. Ёсць лазня. Дагледжаная і аформленая тэрыторыя.  Гаспадар Васіль Зянькоў зрабіў усё, каб адпачынак быў зручным і камфортным. Апошнім часам “У Пятровіча” стала папулярна праводзіць юбілеі, вяселлі і іншыя сямейныя святы. Так, за мінулы год, тут прайшло 14 такіх мерапрыемстваў.
А вось Дом паляўнічага ў вёсцы Роўнае павінен быў стаць візітнай карткай шумілінскага аграэкатурызму. Асноўнае прызначэнне яго  – прыём паляўнічых як з Беларусі, так і з замежжа, якія прыязджаюць на Шуміліншчыну. Таксама тут праводзяцца карпаратыўныя і сямейныя святы. Для гасцей –  утульны двухпавярховы дом са зручнасцямі, більярдная зала, лазня.  Побач – возера. Толькі вось на час прыезду камісіі Дом паляўнічага ніяк не дацягваў да звання лепшага  турыстычнага аб’екта. У вочы кінулася недагледжаная і неабкошаная тэрыторыя.
На Шуміліншчыне аграэкатурызм  развіваецца  не так хутка, як, скажам, на Браслаўшчыне ці Глыбоччыне. Хаця і ў нас  багата  прыгожых мясцін, якія могуць і павінны прыцягваць на адпачынак жыхароў не толькі нашай краіны, але і  замежжа.  Не хапае   ініцыятыўных людзей з новымі праектамі і ідэямі.
Па выніках мінулага года  Беларусь перамагла ў намінацыі  “Агратурызм” рэйтынгу National GeographicTraveler Awards 2016. За нашу краіну было аддадзена 24% галасоў. На другім месцы ў рэйтынгу лепшых для агратурызму краін размясцілася Італія (22%), на трэцім апынулася Францыя (20%), Расія набрала ў  намінацыі 18%. Анлайн-галасаванне праходзіла на сайце часопіса “National Geographic” (Расія) на працягу  амаль двух месяцаў.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў № 43 ад 06.06.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *