Как зарабатывает райбыткомбинат в Шумилино

Общество Экономика

МТЗ – на палетках, рабочыя – на фермах
Кіраўніцтва КУП БАН пастаянна шукае для прадпрыемства новыя віды работ, шукае, каб прадпрыемства жыло, каб людзі своечасова атрымлівалі зарплату. Адной з пастаянных сфер дзейнасці райбыткамбіната стала работа ў сельскагаспадарчых арганізацыях раёна.
“Мы з задавальненнем бярэмся  за навядзенне парадку на фермах і ў майстэрнях, – расказаў дырэктар КУП БАН В. П. Бабічаў. – Дзякуючы такім “дадатковым заданням” па выніках работы за першы квартал Шумілінскі райбыткамбінат – лепшы ў вобласці, бо нашы тэмпы росту вытворчасці склалі 129%”. Па словах Віктара Паўлавіча, тэхніка прадпрыемства не прастойвае ні дня. Два трактары МТЗ-82, пачынаючы з ранняй вясны і да позняй  восені, працуюць  у сельскай гаспадарцы. Сёлета, напрыклад, у КУСГП “Мішневічы” і ААТ “АграБаравінка” Дзмітрый Кулакоў і Юрый Папалаў займаліся хімпраполкай і падкормкай зерневых. Зараз рыхтуюць свае трактары да касавіцы.
Некалькі месяцаў “Газель” райбыткамбіната была задзейнічана ў ААТ “Лаўжанскае” на падвозе даярак да ферм Спаскае, Цаўі і Мясаедава.
У райбыткамбінаце нядрэнная рамонтная брыгада, якую час ад часу запрашаюць у многія сельгаспрадпрыемствы раёна. Так, дапамагалі ў навядзенні парадку ў “Ульскім”, “АграБаравінцы”. Больш за два тыдні працавалі ў “Прыазёрным міры”. Ля фермы Непароты, напрыклад, зрабілі дэкаратыўную агароджу і пафарбавалі  яе – атрымалася вельмі прывабна. Паставілі агароджу і ля дыспетчарскай у майстэрні ў Амбросавічах, непадалёк літаральна за дзень “вырасла” альтанка для механізатараў.  Побач зрабілі стаянку для машын і абнеслі яе каляровай агароджай. Адным словам, майстэрня набыла зусім іншы выгляд.
“Але ж вядомы пастаянныя складанасці з фінансамі ў сельгаспрадпрыемствах. Як яны разлічваюцца з бытавікамі?” – пытаемся ў В. П. Бабічава.
“Мы знаходзім агульную мову з кіраўніком кожнай гаспадаркі, – кажа Віктар Паўлавіч. – Калі адразу не змогуць разлічыцца, мы чакаем да жніва і бярэм разлік зернем. Гэта нас задавальняе: усю зіму прадаём не толькі ячмень з пшаніцай, але і муку для вясковых гаспадароў. Увогуле ў гэтым годзе ў сельгаспрадпрыемствах мы зарабілі больш за сорак тысяч рублёў.
Ёсць і яшчэ заяўкі. Ля канторы ў Дабеі будзем узводзіць гаспадарчую пабудову. На былым малочнатаварным комплексе ў Дабеі мяркуем зрабіць вентыляцыйныя шахты і клеткі для цялят. Магу з упэўненасцю сказаць, што наша прадпрыемства выжыве пры любых эканамічных умовах. За студзень-май маем добрыя вынікі: аказана работ і паслуг на 41% больш, чым за адпаведны перыяд мінулага года. Думаю, за паўгоддзе гэта лічба будзе большай, бо на лета мяркуем браць да сябе памочнікаў – студэнтаў і старшакласнікаў”.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў № 44 ад 09.06.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *