Перезахоронение останков советских воинов, погибших в 1944 году, прошло в агрогородке Кардон 22 июня

Актуалии Общество

Прапусціць праз сэрца боль і жахі вайны
Гады бягуць, і вось ужо 70 гадоў мінула, як першыя бомбы і снарады ўпалі за Бугам і Мухаўцом. Уяўляеш сабе той ранак 22 чэрвеня — светлы, чысты, густа  настоены на травах і росах, і раптам… Вайна, якая расцягнулася амаль на чатыры гады. Цяжкія, невыносна балючыя дні  — і для тых, хто быў пад “новым парадкам” акупанта, для дзяцей і старых, і для франтавікоў, партызан, падпольшчыкаў, і для тых, хто без сну і адпачынку стаяў ля станка, выточваў зброю супраць фашыстаў. Для ўсіх вайна адгукнулася болем за роднага сабе чалавека, за яго пакуты, за пакуты вёсачкі, горада, Айчыны…
Менавіта такі журботна-ўзнёслы настрой панаваў ля брацкіх могілак у аграгарадку Кардон, дзе наладзілі перазахаванне астанкаў савецкіх воінаў, знойдзеных нядаўна ў вёсках Каравайніца Светласельскага, Мазурына Лаўжанскага і Забор’е Мікалаёскага сельсаветаў. Наш святы абавязак — пахаваць іх па-чалавечы, па-хрысціянску.
Восем воінаў — восем лёсаў. Восем няздзейсненых мар і спадзяванняў. Восем сямей пакутліва чакалі і чакаюць (унукі чакаюць, іншыя сваякі), зняверыўшыся  ў тым, што знойдуць апошні салдацкі прытулак свайго дзядзькі і брата, татулі і дзеда… Астанкі васьмярых невядомых (будзем спадзявацца — пакуль што) салдат Вялікай Айчыннай умясціліся ў трох невялікіх трунках, якія выставілі салдаты пачатку 21 стагоддзя на пагорку, побач з помнічкам з чырвонай зоркай.
Яны выстаялі, салдаты 40-х гадоў. І як пераемнасць у воінскім абавязку перад Радзімай — перазахаванне з усімі атрыбутамі: воінскі салют, ганаровая вахта, парадны марш па вясковай дарозе, як па пляцу. Усё гэта — у імя памяці,  каб ніколі не забыліся людзі на тое, што нясе нам вайна.
А мітынг-рэквіем адкрыла старшыня Мікалаёўскага сельвыканкама Л. А. Бандарэнка. Слова даецца намесніку старшыні райвыканкама А. М. Зайцаву, якога змяняюць перад мікрафонам ваенны камісар раёна А. Г. Чарняўскі, старшыня раённага савета ветэранаў К. Ф. Палоўнікава, камандзір узвода 52-га спецыялізаванага пошукавага батальёна А. В. Алюшын. Лейтматыў іх выступлення — шанаваць памяць, рабіць усё, каб невядомых салдат Вялікай Айчыннай заставалася як мага менш. У гэтай высакароднай справе закліканы дапамагчы і вучні школ, і прафесійныя пошукаўцы.
Настае час памінальнай паніхіды. Айцец Фёдар, дыякан Вадзім, старшыня духоўнага праваслаўнага цэнтра В. А. Ільін у суправаджэнні царкоўнага хору “Благавест” выконваюць абрад памінання загінуўшых на ратным полі, пасля чаго айцец Фёдар у кароткай прамове заклікае кожнага паводзіць сябе па-хрысціянску, памятаць і верыць…
На невялікі грудок свежай магілкі, на якім вырас яшчэ адзін помнічак з чырвонай зоркай, кладуцца кветкі — ад удзячных патомкаў, рвуцца ў неба, жалем кладуцца на сэрца бернэсаўскія “Жураўлі”, “Цёмная ноч”…
Мікалай Мароз.

Встреча, с участнікамі войны посвящённая 70 годовщине начала Великой Отечественной войны, прошла в Шумилино в районной библиотеке
“А заўтра была вайна”

Пад такой назвай у цэнтральнай раённай бібліятэцы прайшла тэматычная сустрэча з выпадку 70-ай гадавіны пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Наладзілі яе чытальная зала ЦРБ і клуб “Ветэран” Шумілінскага ГДК.
Чытальную залу ЦРБ да сустрэчы падрыхтавалі з душой, прадумана. Арганізатарам хацелася стварыць для гасцей адпаведны настрой. Тут і салдацкая пілотка, і сіратліва-чырвоныя, пад кроў, гваздзікі, і музыка, якая кранае, вяртае да памятнага чэвеньскага дня 1941 года. Далёкага цяпер ужо 41-га…
На сустрэчы, якую вяла загадчык аддзела абслугоўвання бібліятэкі Л. М. Грыгор’ева, выступілі франтавік-медык Г. К. Лосева, згадала дзіцячыя ўспаміны ваеннай пары Д. М. Нікіфарава, падзяліліся думкамі  іншыя ветэраны.
«Слёзы сціскалі горла,– прызнаецца Людміла Мікалаеўна, – так прачула яны ўспаміналі тое, што баліць, што жыве ў іхнім сэрцы вось ужо 70 гадоў…».
Ветэранам ад імя БРСМ  – кветкі, гучаць песні, для ўсіх, хто беражэ памяць, для нас усіх — метраном і званы Хатыні, якія вечна будуць напамінаць патомках аб трагічнай старонцы гісторыі народа.
Напрыканцы сустрэчы ўдзельнікі  мерапрыемства паглядзелі мастацкую стужку “У чэрвені 41-га…”.
Мікалай Мароз



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *