Происшествия. Криминал

Происшествия

Крымінал. Здарэнні

Пра здарэнні, якія адбыліся ў раёне за апошнія два тыдні, расказаў намеснік начальніка РАУС Аляксандр Шумінскі.
Шыны
У канцы чэрвеня па матэрыялах праверкі супрацоўнікаў аддзела па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі РАУС узбуджана крымінальная справа па ч. 1 арт. 210 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь у адносінах да былога дырэктара аднаго з сельскагаспадарчых арганізацый раёна. З карысных намераў шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі ён набыў і ўстанавіў на свой асабісты аўтамабіль шыны, чым нанёс маёмасны ўрон на суму 1061 руб. 90 кап. (10 мільёнаў 619 тысяч недэнамінаваных рублёў). Шыны канфіскаваны. Былому кіраўніку пагражае пазбаўленне права займаць пэўныя пасады ці займацца пэўнай дзейнасцю са штрафам ці без штрафу, альбо пазбаўленне ці абмежаванне волі тэр-мінам да 4-х год.
Грабеж
За здзейсненае злачынства (ч. 2 арт. 206 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (грабеж)) узбуджана крымінальная справа ў адносінах да жыхара райцэнтра, 1991 года нараджэння, раней неаднаразова асуджанага (апошні раз – за аналагічнае злачынства), які чэрвеньскай раніцай на адной з цэнтральных вуліц Шуміліна вырваў з рук дзяўчыны сумачку і забраў адтуль 15 рублёў. Мужчына затрыманы, у здзейсненым прызнаўся. Грошы вернуты пацярпелай. За падобнае злачынства грабежніку “свеціць” арышт ці абмежаванне волі да 5 год, ці пазбаўленне волі да 6 год.

Са зводак ДАІ
Шукаем сведкаў ДТЗ
Аддзяленнем ДАІ РАУС прымаюцца меры па ўстанаўленні сведкаў і відавочцаў дарожна-транспартнага здарэння, якое адбылося 18 мая на 29 км аўтадарогі Віцебск-Полацк (каля вёскі Ужляціна), дзе вадзіцель аўтамабіля “Рэно-Лагуна”, рухаючыся ў бок Віцебска, выехаў за межы праезнай часткі дарогі і з’ехаў у кювет. У выніку ДТЗ пасажырка, жыхарка Полацкага раёна, атрымала цялесныя пашкоджанні. ДАІ РАУС пераканаўча просіць асоб, якія валодаюць інфармацыяй па да-дзеным здарэнні, паведаміць  па тэл. 4-18-50 альбо па нумары 102.
Перавысіла хуткасць
На аўтадарозе Мінск-Віцебск (110 км) была затрымана жыхарка райцэнтра, 1971 г. н., якая кіравала асабістым аўтамабілем “Фіят-Алхамбра”, пры гэтым перавысіла хуткасць руху на 23 км/гадз. Мала таго, жанчына не мела правоў кіравання транспартным сродкам (закончыўся тэрмін дзеяння вадзіцельскага пасведчання). На парушальніцу складзены два пратаколы, ёй пагражае штраф да 20 БВ.

Са Следчага камітэта
Пагражаў забойствам

Раённым аддзелам Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь узбуджана крымінальная справа ў адносінах да 35-гадовага жыхара райцэнтра, які ў нецвярозым стане накінуўся з нажом на сваю маці.  Як паведаміў намеснік начальніка райаддзела Вадзім Сапега, мужчына не толькі будзе прымусова лячыцца ад алкагалізму, а і можа пазбавіцца свабоды тэрмінам да двух гадоў.
Знайшоўся
Год таму абальчане звярнуліся ў праваахоўныя органы з паведамленнем аб знікненні сваяка, які адправіўся на заробкі ў Расію.  Па дадзеным факце следчыя ўзбудзілі крымінальную справу. На мінулым тыдні мужчына сам прыйшоў у Следчы камітэт. У бліжэйшы час крымінальная справа аб знікненні чалавека будзе спынена.
Падрыхтавалі Алена КАРПУШЭНКА і Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №53 ад 11.07.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *