Доска Почёта Шумилинского района: Сергей Гоманов

Актуалии Экономика

Шчыры руплівец і футбольны заўзятар

Сёння мы размаўляем з механізатарам УП “Шумілінскі райаграсэрвіс” Сяргеем Уладзіміравічам Гоманавым, чыё прозвішча занесена на раённую Дошку гонару.
– Сяргей, чаму вы абралі прафесію механізатара?
– Усё проста. Любоў да сялянскай працы ў мяне ад бацькі і дзядулі. Яны – сапраўдныя прадстаўнікі беларускага сялянства. У нашай хаце слова “хлеб” заўсёды было святым, кожны з сям’і Гоманавых ведае кошт хлеба, які дастаецца руплівай працай і потам. Калі мне было 10 год, бацька ўпершыню на дзень ўзяў мяне на касавіцу. Гэты дурманячы пах свежаскошанай травы і зараз памятаю. Напэўна, менавіта тады і вырашыў, што буду, як бацька, механізатарам.
– За плячыма ў вас…
– 25 год працы, прычым на адным месцы. Гэта маё, роднае. Часам думаю, а ці змог бы я працаваць на іншым месцы. І сам адказваю: “Не!”. Улюбіўся ў бяскрайнія прасторы траў і зерневых, для мяне лепшая мелодыя – шэлест сакавітай травы і таямнічае пашурпванне пшаніцы. Сваё першае жніво не памятаю. У памяці адклалася жніво, падчас якога я першы раз намалаціў тысячу тон збожжа. Гэта было 20 гадоў назад.  Колас у той год быў сапраўды важкі і наліты. Працаваць было адно задавальненне. Пасля намалочаных 700 тон, відаць, толькі лянівы не спытаў у мяне: “Сяргей, ну калі ж тысяча будзе?”. І вось рубеж пройдзены. Мяне на поле прыехалі віншаваць раённае кіраўніцтва, кіраўніцтва гаспадаркі і прафсаюз. Тады мне ўручылі сцяжок лідара. Гэты сцяжок захоўваю да сённяшняга часу.
– А колькі ўсяго разоў станавіўся тысячнікам? І, увогуле, якія заслугі маеш за сваю  руплівую працу?
– Тысячнікам быў 16 разоў. Калі ў вобласці было зацверджана званне “Чалавек года Віцебшчыны”, то стаў адным з першых лаўрэатаў. Быў дэлегатам на 3-га Усебеларускага сходу. На раённай Дошцы гонару – трэці раз. Прыемна, што ў нашым раёне заўважаюць і цэняць шчырых працаўнікоў. Гэта надае сіл, ад гэтага хочацца працаваць яшчэ лепш. Калі шчыра, проста не магу цярпець гультаёў. Не па-сялянску гэта, не па-мужчынску.
– Праца механізатара  нялёгкая. Прыходзіцца працаваць зранку і да позняга вечара. Сяўба, касавіца, жніво…
– Сваю работу трэба проста любіць. А якая работа лёгкая?  Напэўна, толькі тая, дзе мы самі не працуем. Мне вельмі даспадобы касавіца і жніво. І гэта з дзяцінства. Гэта вынік тваёй працы. Хаця, па шчырасці, у  механізатара не можа быць любімай і нелюбімай работы. Усё ўзаемазвязана. Як адсеяўся – такі і ўраджай будзе. Як ўзімку камбайн падрыхтаваў – так і на жніве пашчыруеш.
– Сяргей, ведаю вас як футбольнага заўзятара. Ды і сам у футбол няблага гуляеш.
– Футбол – гэта для мяне самы лепшы адпачынак. З 90-х гадоў хварэю за мінскае “Дынама”. Клуб стаў любімым, бо там гуляў паўабаронцам  мой цёзка Сяргей Гоманаў.
Пераломным стаў 1995 год. Нацыянальная зборная Беларусі ў Мінску перамагла галандцаў – адну з мацнейшых зборных свету, дзякуючы феерычнаму голу Сяргея Герасімца. Гэта быў першы матч зборнай, які наведаў. І з таго часу не прапусціў ніводную хатнюю гульню зборнай.
Ды і сам люблю пабегаць у футбол. Яшчэ з дваравога футбола быў нападаючым. Хоць і непрафесіянал, але па нагах добра атрымліваю. Пасля чарговай траўмы “перакваліфікаваўся” ў галкіпера. Зараз засяродзіўся на міні-футболе. У складзе ФК “Шуміліна” станавіўся сярэбраным і бронзавым прызёрам Альтэрнатыўнай лігі г. Віцебска па міні-футболе, двойчы станавіўся лепшым варатаром спаборніцтваў.
– Напэўна, яшчэ трэба ўзгадаць і пра турзлёты.
– Ну што зробіш, люблю актыўны адпачынак. Не прапусціў ніводнага турзлёту. Турысцкая паласа перашкод, міні-футбол, валейбол, конкурс кулінараў і мастацкай самадзейнасці. Усюды ўдзельнічаў.
– Сяргей, мажліва, яшчэ ёсць захапленні, пра якія не ведаем?
– А як жа! (Смяецца). Я прыхільнік раённай газеты “Герой працы” і спартыўнай газеты “Прессбол”. Падпіска на іх ў маёй сям’і  абавязковая. На жаль, не заўсёды магу іх пачытаць у дзень выхаду. Але яны сталі маімі пастаяннымі спадарожнікамі падчас сяўбы, касавіцы ды жніва. Напачатку сябры-калегі жартавалі з мяне. А зараз і самі ў свабодную хвілінку газету пытаюць…
– Дзякуй за размову. Верым, што раённая газета яшчэ не аднойчы напіша пра механізатара і футбаліста Гоманава.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №54 ад 14.07.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *