Тэма тыдня: Пояс і шлях, якія звязваюць краіны

Тема недели

Тэма тыдня: Пояс і шлях, якія звязваюць краіны
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 25-27 красавіка ў Пекіне прыняў удзел у II Форуме міжнароднага супрацоўніцтва “Пояс і шлях”. На палях саміту Аляксандр Лукашэнка правёў шэраг сустрэч з замежнымі лідарамі.

Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі са Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам.

У Пекін у гэтыя дні прыехалі кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў з амаль 40 краін, уключаючы рэгіёны Азіі, Афрыкі, Еўропы, Лацінскай Амерыкі. Акрамя таго, на саміт прыехалі кіраўнікі шэрага міжнародных арганізацый, сотні высокапастаўленых гасцей, шматлікія прадстаўнікі розных сфер дзейнасці з усяго свету, журналісты. Акрамя падзей на вышэйшым узроўні ў Кітаі праходзяць і іншыя міжнародныя мерапрыемствы, прымеркаваныя да форуму.
Кітай заўсёды можа разлічваць на падтрымку Беларусі
Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы са Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам.
“Сёння ў кантэксце абвастрэння гандлёвых супярэчнасцей і нежадання некаторых краін бачыць Кітай моцным асабліва бачна, хто з’яўляецца сапраўдным сябрам, як прынята гаварыць у Кітаі, усепагодным. У Беларусі ніколі не было і не будзе сумненняў у правільнасці выбраных вамі ініцыятыў. Кітай заўсёды можа разлічваць на нашу падтрымку ў любой сферы, як і мы заўсёды ўпэўнены ў падтрымцы з вашага боку”, – падкрэсліў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што рады сустрэчы з Сі Цзіньпінам і пажадаў паспяховага правядзення Другога форуму “Пояс і шлях”.   Ён таксама асабіста павіншаваў Старшыню КНР і ўвесь кітайскі народ з юбілейнымі датамі: 40-годдзем палітыкі рэформ і адкрытасці, якое адзначалася ў мінулым годзе, і маючым адбыцца ў гэтым годзе 70-годдзем стварэння Новага Кітая.
Аляксандр Лукашэнка даў вельмі высокую ацэнку вынікам сумеснай работы па развіцці двухбаковага супрацоўніцтва. У 2018 годзе абарот тавараў і паслуг паміж Беларуссю і Кітаем дасягнуў амаль $4,5 млрд. Дзякуючы допуску на кітайскі рынак, Шанхайскаму імпартнаму ЭКСПА, загрузцы чыгуначных маршрутаў экспарт беларускай сельгаспрадукцыі і прадуктаў харчавання ў Кітай за год вырас у 4,5 раза, у тым ліку малочнай прадукцыі – у 9 разоў.
У сваю чаргу Сі Цзіньпін пад-крэсліў, што за мінулыя 6 гадоў з моманту абвяшчэння ініцыятывы “Пояс і шлях” супрацоўніцтва па яе сумеснай рэалізацыі ўвянчалася поспехамі. “Індустрыяльны парк “Вялікі камень” стаў адным з узорных праектаў нашага супрацоўніцтва”, – сказаў Старшыня КНР.
Лукашэнка заклікае да каардынацыі дзеянняў краін на ўсёй працягласці “Пояса і шляху”
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заклікае да каардынацыі дзеянняў краін – удзельніц ініцыятывы “Пояс і шлях”, каб максімальна садзейнічаць пашырэнню эканамічнага супрацоўніцтва і зняццю існуючых бар’ераў. Аб гэтым ён заявіў у сваім выступленні на II Форуме міжнароднага супрацоўніцтва “Пояс і шлях”.
“Ініцыятыва “Пояс і шлях” дае магчымасць нам пераканацца ў мудрасці нашых продкаў, якія даўно ўсвядомілі, што развіццё асобна ўзятай краіны без узаемадзеяння з іншымі дзяржавамі практычна немагчыма. Сучасныя тэхналогіі робяць свет больш кампактным. Геаграфічная аддаленасць ужо не з’яўляецца такой перашкодай для выбудоўвання цеснага партнёрства, якой была ў часы стварэння Шаўковага шляху”, – сказаў кіраўнік дзяржавы.
Ён адзначыў, што з надыходам эры лічбавізацыі, якая прынесла новую хуткасць работы з інфармацыйнымі і грашовымі патокамі, лагічна было б чакаць істотнага прагрэсу і ў гандлі. Аднак на шляху руху тавараў усё яшчэ прысутнічаюць штучна створаныя тарыфныя, нетарыфныя, тэхнічныя, адміністрацыйныя бар’еры. “Калі мы хочам расшырыць наша эканамічнае супрацоўніцтва, надаць магутны імпульс развіццю эканомік, нам неабходна больш вынікова працаваць над устараненнем усіх відаў бар’ераў. Але рабіць гэта толькі на тэрыторыі асобна ўзятай дзяржавы – усё роўна што ў вялікім горадзе на адным скрыжаванні ліквідаваць аўтамабільную пробку. Ты проста хутчэй даедзеш да наступнай. Наша агульная задача – каардынацыя дзеянняў краін на ўсёй працягласці Пояса і Шляху”, – падкрэсліў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь, праз якую ідуць таварныя патокі з усходу на захад і з поўначы на поўдзень, як ніхто іншы, зацікаўлена ў існаванні справядлівай, раўнапраўнай і празрыстай сістэмы міжнароднага гандлю.
Ён пералічыў тры пытанні, у якіх, на погляд беларускага боку, у бліжэйшы час належыць дабіцца практычнага выніку.
Па-першае, гэта фарміраванне лічбавых транспартных калідораў, перш за ўсё паміж Кітаем і Еўропай. Прымяненне сучасных спадарожнікавых навігацыйных пломбаў дае магчымасць зняць залішнія мытныя і іншыя нагляды, скараціць час руху кантэйнерных паяздоў амаль на тыдзень.
Другое – скасаванне дазвольнай сістэмы міжнародных аўтамабільных перавозак, што стане дадатковым стымулам для развіцця транспартна-лагістычнай дзейнасці.
Па-трэцяе, актыўнае ўмацаванне ўзаемасувязі інфраструктур. “Патрэбны далейшая рэканструкцыя прыгранічных станцый, аўтамабільных і чыгуначных дарог, мастоў, стварэнне мультымадальных транспартных вузлоў. Узаемазвязаная інфраструктура – базавы элемент развіцця праз супрацоўніцтва”, – упэўнены беларускі лідар.
“Ад нас залежыць, ці прытрымлівацца новых стандартаў эканамічнага супрацоўніцтва, ці ствараць новую вялікую сям’ю або вярнуцца да ўстарэлых геапалітычных манеўраў. Моцны пераадолее перашкоду, мудры – увесь шлях”, – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле матэрыялаў БелТА.
Надрукавана ў №34 ад 30.04.2019 г.