У Шумілінскай СШ №2 мяняюць вокны і падлогу

Актуалии Новости Образование

У Шумілінскай СШ №2 мяняюць вокны і падлогу

Вялікі клопат і вялікая радасць – гэта пра тое, што адбываецца зараз у Шумілінскай СШ №2. А адбываецца тут доўгачаканы рамонт.
Кожны з шумілінцаў ведае гэты школьны будынак па вуліцы 40 год Кастрычніка, за плячыма якога больш за паўсотню гадоў. За гэты час будынак істотна паднасіўся, асабліва яго  вокны.
– Мы іх не маглі адчыніць, каб праветрыць класы, баяліся, што зусім выляцяць, – кажа дырэктар школы Ж. І. Рагуновіч.
У Жанны Іванаўны і яе намесніка Тацяны Дзіковіч зараз адпускная пара, але абедзвюх мы заспелі на рабоце.
– Як жа ўседзіш дома, калі тут такое! – у адзін голас усклікаюць яны.
Сапраўды, работы разгорнуты грандыёзныя па некалькіх франтах: мяняюцца вокны (праўда, пакуль што 25, а гэта недзе чацвёртая частка ад усіх) і цалкам мяняецца падлога на першым паверсе будынка.
Па часова прыбітых дошках асцярожна прабіраемся да лесвіцы на другі паверх. Жанна Іванаўна і Таццяна Пятроўна з замілаваннем спыняюцца ў кожным кабінеце, дзе ўжо заменены вокны, любуюцца іх знешняй годнасцю, тым, што зручна ставіць на праветрыванне, што ёсць магчымасць заблакіраваць, каб свавольнікі не адкрылі (ёсць спецыяльны ключык). І нават пейзаж за гэтымі новымі вокнамі стаў куды прыгажэй.
– Больш за 32 тысячы рублёў выдзеліў сёлета на рамонт нашай школы раённы бюджэт, – расказвае дырэктар Ж. І. Рагуновіч, – каля 16 тысяч з гэтай сумы пайшло на замену аконных блокаў, астатнія – на замену падлогі, рамонт  вентыляцыйнай шахты ў прыбудове, на ўсталяванне адмосткі да спартыўнай залы і іншыя надзённыя патрэбы.
– Можна спадзявацца, што да 1 верасня вы паспееце завяршыць усе гэтыя работы і сустрэнеце вучняў у адноўленым школьным будынку?
– У нас няма іншых варыянтаў, і мы будзем вельмі старацца, бо закончыць рамонтныя работы нам трэба не да 1 верасня, а значна раней –  у пачатку жніўня да нас ужо завітае раённая прыёмная камісія. Да гэтага часу тут усё павінна быць гатова, – дзеляцца клопатамі прадстаўнікі школьнай адміністрацыі.
– Дарэчы, вы кожны год здзіўляеце камісію нейкімі новымі знаходкамі ў афармленні класных кабінетаў і тэрыторыі школы. Што рыхтуеце на гэты раз?
– Сёлета будзем здзіўляць кабінетам англійскай мовы, яго лонданскай атмасферай, наколькі гэта атрымаецца – пабачым, – усміхаецца Жанна Іванаўна. – Наогул, мы афармляем школу ў адным стылі, кожны год адзін з класных кабінетаў робім грунтоўна, задоўга да пачатку рамонту прадумваем і абмяркоўваем праект, сваё бачанне (часта рашаючае) дадае наш мастак Таццяна Анатольеўна Кірпічэнка. Дзякуючы такой сістэме, нам не трэба кожны год рамантаваць усе класныя пакоі, у некаторых дастаткова толькі паднавіць нейкія дэталі. На астатнія ж ёсць фарба (аддзел адукацыі прадаставіў 50 бляшанак), з грашыма на шпалеры і іншыя патрэбы дапамагае апякунскі савет (ужо пералічылі на рахунак школы каля 600 рублёў).
– І на шэфаў вам заўсёды шанцавала?
– Так, – пагаджаецца дырэктар, – у нас выдатныя шэфы – Шумілінская ПМК-70. Дзякуй кіраўніку арганізацыі Аляксею Юр’евічу Крыўко. Сёлета звярнуліся з просьбай дапамагчы адрамантаваць цяпліцы, дык яны прыйшлі, паглядзелі і вырашылі, што лепш і дзешавей будзе купіць новыя. У выніку ў нас з’явіліся дзве новыя цяпліцы – чатырох- і васьмімятровая. А ў мінулым годзе будаўнікі падарылі выдатную альтанку для дзетак, што знаходзяцца ў групе падоўжанага дня. Так што, сапраўды, на шэфаў нам шанцуе.
– Ну і самі ж стараецеся…
– Вядома ж, – кажа Жанна Іванаўна, – У нас і вучнёўскі працоўны атрад створаны, дзеці разбіраюць старыя школьныя сталы, фарбуюць ножкі, прыкручваюць новыя стольніцы – такім чынам асвойваем другасную занятасць. І ўвесь калектыў так ці інакш удзельнічае ў падрыхтоўцы школы да новага навучальнагага года.
– А што з астатнімі вокнамі, калі будзеце іх мяняць?
– Аддзел адукацыі абяцае ў наступным годзе працягваць рамонт, – з аптымізмам і надзеяй на будучае адказваюць педагогі…
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №55 ад 16.07.2019 г.