24-25 июня в г.п. Оболь прошёл районный экологический праздник “Обольское болото – жемчужина Поозерья»

Актуалии Экология

Озеро Россолай

“Адраджэнне прыгажосці”
Не пашкадавалі тыя, хто прыйшоў на афіцыйную цырымонію адкрыцця свята. Пра незвычайнасць Обальскага балота, яго ўнікальнасць і багацце гаварылі ў сваіх выступленнях старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава, дырэктар Обальскай СШ А. М. Штокін, вядомы арнітолаг У. В. Іваноўскі, галоўны рэдактар часопіса “Дзікая прырода” С. Плыткевіч. Уладзімір Валянцінавіч адзначыў, што Обальскае балота ўжо даўно нібы кажа: “Ну дзе вашы турысты?..” Прысутныя выказалі надзею, што наступным годам на Обальшчыне нарэшце з’явяцца шматлікія экатурысты.

"Балотная завіруха"

Арыгінальным атрымаўся тэатралізаваны канцэрт “Балотная завіруха”. Работнікі культуры пастараліся перанесці гледачоў у чароўны свет балота. Прычым зрабілі гэта праз беларускія народныя легенды і паданні, прымаўкі і прыказкі, казкі і загадкі, песні і танцы.
Даспадобы прыйшоўся моладзі рок-канцэрт, які адбыўся пасля “Балотнай завірухі”. Творчасць мясцовага рок-гурта “Акно” добра вядома абальчанам, таму многія не толькі з задавальненнем танчылі, але і падпявалі лідару гурта Алегу Мулькову.

Огненное шоу

Кульмінацыяй  вечара пятніцы стала вогненнае шоў. Трэба было бачыць, што выраблялі з агнём маладыя людзі з віцебскага клуба “Агні”. Вогненныя фігуры ўзнікалі ў паветры… Такога відовішча яшчэ ў Обалі не было…
Экалагічная сцежка
Няма ў свеце нічога больш прыгожага, чым некранутасць, цнатлівасць прыроды. Менавіта таму экалагічная сцежка, што праходзіць па былых торфараспрацоўках “Обаль-1”, атрымала назву “Адраджэнне прыгажосці”.
13 тысяч гадоў спатрэбілася прыродзе, каб стварыць балота і ўсяго 80 гадоў чалавеку, каб яго разбурыць. Але Обальскаму балоту пашчасціла трапіць у міжнародную праграму ПРААН-ГЭФ па аднаўленні балотных комплексаў у нашай краіне. У 2009 годзе за кошт міжнародных экалагічных фондаў былі праведзены работы па будаўніцтву дамбаў, рэкультывацыі торфараспрацовак, на што выдаткавана 156 мільёнаў рублёў (каля 60 тысяч еўра) на плошчы 1078 га (з агульнай плошчы каля 1800 га). І вось цяпер можна назіраць пэўныя вынікі.

На экологической тропе

У Обальскай сярэдняй школе да распрацоўкі маршруту экалагічнай сцежкі падышлі грунтоўна, навуковым кансультантам выступіў дацэнт кафедры экалогіі і аховы прыроды ВДУ імя П. М. Машэрава У. В. Іваноўскі. Сцежка працягласцю 6 кіламетраў пракладзена так, каб наведвальнікі маглі пабачыць розныя прыродныя комплексы і аб’екты, пазнаёміцца з раслінным і жывёльным светам Обальскага балота, убачыць працэс яго адраджэння.
Нібы па зялёных калідорах з блакітна-воблачнай столлю, ідзеш па сцежцы. Недзе далёка застаецца шум цывілізацыі, затое навокал звініць птушыны хор. Справа і злева цягнуцца каналы, за імі – высокі насып былой вузкакалейкі. Часам прыходзіцца перабірацца і праз каналы і праз насып. Ужо зараслі высокай травой, маліннікам, ажынай дамбы, што будавалі меліяратары, і толькі глыбокія  абрывы падказваюць месцы, дзе бралі грунт для дамбаў.
Часам вузкі калідор пашыраецца, адкрываючы прасторныя карты распрацовак. Закінутыя, яны зараслі лесам, па вышыні якога можна вызначыць, як даўно спынілася здабыча торфу. А там, дзе яна вялася нядаўна, – голыя тарфяныя палі з рэдкімі купінамі травы ці асакі, часам са слядамі работы бульдозераў. Але адзнакі аднаўлення паўсюдна: выпаленыя ў пажарах ці выпрацаваныя карты ператварыліся ў сапраўдныя мелкія азёры – рай для вадаплаўных птушак, у каналах стаіць вада, актыўна разрастаецца балотная расліннасць.
На маршруце прадугледжаны тры “станцыі”: на першай можна пазнаёміцца з працэсам рэнатуралізацыі (аднаўлення) балота; другая дае магчымасць паназіраць за калоніямі птушак – чароды гогаляў, крачак, чаек, разнастайныя кулікі, ёсць і “чырвонакніжныя”; трэці прыпынак — ля астаткавага возера ледавіковага паходжання, што ў цэнтры балотнага масіву. Тут – знаёмства з раслінным светам балот: імхі і падвей, трыснёг і асокі, дзераза і балотная кала-белакрыльнік, журавіны і расіца.
У якасці экскурсаводаў выступілі настаўніца Обальскай СШ Т. Л. Сачыўка і вучаніцы школы, якія падрыхтавалі цікавы расказ пра балота і яго насельнікаў. А экскурсантамі сталі вучні і настаўнікі школ раёна, што бралі ўдзел у свяце.
Вельмі задаволеныя вярнуліся экскурсанты з балота. Але аднаго візіту мала, бо толькі цярплівым даследчыкам можа адкрыць свае тайны і сваю прыгажосць Обальскае балота.
Размова аб будучым
Хаця круглы стол, праведзены падчас свята, меў назву “Сучаснае і будучае Обальскага балота”, размова павялася, галоўным чынам, аб будучым.
Праект адраджэння балот і захавання ўстойлівага развіцця экасістэм, біялагічнай разнастайнасці прадставіла спецыяліст грамадскай арганізацый “Ахова птушак Бацькаўшчыны” Лідзія Пшаніцына.
Сваёй апантанасцю запальваў удзельнікаў абмеркавання гарачы прыхільнік, даследчык і абаронца Обальскага балота, адзін з ініцыятараў свята Уладзімір Валянцінавіч Іваноўскі. Чалавек, улюбёны ў прыроду, у прыгажосць роднага краю, ён гаварыў аб адраджэнні і ахове балот. Обальскае балота – адно з буйнейшых ў Віцебскай вобласці, а градава-азёрны комплекс наогул унікальны (такія комплексы ёсць толькі на Ельні і ў Обалі). Нельга перацаніць значэння балота – экалагічнае, турыстычнае, адукацыйнае, навуковае. Дарэчы, свой погляд на будучыню Обальскага балота Уладзімір Валянцінавіч выказаў у артыкуле “Обальскае балота. Успаміны пра будучыню” (”Герой працы” №47 ад 24 чэрвеня бягучага года).
Вырашаючы здабываць торф на паліва, ці не варта падлічыць, што выгадней: “Спаліць за адзін раз торф і атрымаць пэўную выгоду і потым тысячы гадоў чакаць аднаўлення тарфяных залежаў ці на працягу дзесяцігоддзяў і стагоддзяў здабываць з балота ягады, вадзіць туды турыстаў і атрымліваць стабільныя даходы?” – запытаў вучоны.
Былі пытанні і да У. В. Іваноўскага: “Ці не створаць турысты пагрозу экасістэме? Ці будуць наогул жадаючыя паглядзець на наша балота?”
Цікавасць да балота ёсць – прыязджаюць і з Еўропы, і з Азіі, і з Афрыкі, расказаў навуковец. Дзікая прырода ўяўляе цікавасць для мільёнаў людзей ва ўсім свеце, галоўнае — стварыць неабходную інфраструктуру, каб наладзіць экатурызм. Што тычыцца пагрозы экалогіі, тут неабходна захаваць баланс, каб не нашкодзіць прыродзе і задаволіць турыстаў. Але станоўчыя прыклады ёсць у свеце, і ў Беларусі таксама. У прыватнасці, ў Расонскім раёне існуе аграсядзіба, дзе галоўная забава – экскурсія на балота – усе месцы распісаны на паўгода наперад, прычым круглы год.
У заключэнне У. В. Іваноўскі падкрэсліў, што нашы продкі захавалі і данеслі да нас вялікі скарб – Обальскае балота, нам варта задумацца, што мы перададзім нашчадкам.  Ёсць надзея, што мы ўявілі яго значэнне і нават пачалі аднаўляць разбуранае, а значыць ёсць надзея, што і мы захаваем гэты скарб, каб перадаць будучым пакаленням.
Экскурсія па вёсцы
У рамках свята адбылося прадстаўленне і абарона эколага-краязнаўчых маршрутаў, распрацаваных у школах раёна. Педагогі і вучні сямі адукацыйных устаноў раёна прапанавалі цікавыя экскурсіі і паходы па шумілінскай зямлі. Знаёмства з прыродай і гісторыяй роднай зямлі – лепшы спосаб патрыятычнага выхавання.
Нават ў межах адной вёскі ці мікрараёна можна правесці цікавую экскурсію, даказалі прадстаўнікі трох школ. “Зялёны скарб” – так назвалі свой маршрут па аграгарадку Мішневічы краязнаўцы з мясцовай школы.  Маляўнічае возера і графскія разва-ліны, старая царква ў Лескавічах – склалі аснову экскурсіі, распрацаванай у раённай гімназіі. Мікрараён “Дабееўскі мох” быў калісьці галоўным у райцэнтры – вось і прапанавалі вучні Шумілінскай СШ №2 наведаць прыродныя, культурныя, прамысловыя аб’екты ў сваім мікрараёне.
З экалагічнай сцежкай “Адраджэнне прыгажосці” гаспадары свята з Обальскай СШ пазнаёмілі ўсіх гасцей у пачатку свята.
Цікавы маршрут “Ровенскі край – край гонару і смутку” прапанавалі эколагі Суравенскай БШ.
Журы, у склад якога ўвайшлі прадстаўнікі Цэнтра пазашкольнай работы і экалагічнай інспекцыі, ўручыла суравенскім вучням дыплом трэцяй ступені.
Другое месца у Язвінскай БШ. Яны правялі паход па рэчцы Язвінцы.
Бясспрэчнымі пераможцамі сталі прадстаўнікі Башнёўскай СШ з цікавейшым веласіпедным паходам “Блакітныя пацеркі Шуміліншчыны”. 46 кіламетраў уздоўж азёрных ланцужкоў. Азёры з пратокамі, курганы і гарадзішчы, гідралагічны заказнік “Сосна” і рэдкія расліны, мемарыяльныя мясціны і рэшткі панскіх маёнткаў, “Кацярынінскі тракт” – усё аб’яднаў прапанаваны маршрут.
Менавіта з абуджэння цікавасці да малой радзімы пачынаецца выхаванне патрыятызму, бо сапраўдны патрыёт той, хто – любіць свой край, ведае яго і адкрывае для іншых.
Майстар-класы

Мастер-классы по работе с природными материлами Шумилинского ЦВР

Добра выглядалі ў праграме свята арганізаваныя майстар-класы. Тут можна было знайсці занятак на любы густ. Майстар-класы па лепцы з гліны, саломапляценню, работа з салёным цестам, паперай, дрэвам прапаноўвалі кіраўнікі гурткоў Цэнтра пазашкольнай работы. Сёлета сваё майстэрства дэманстравалі і майстры з участка керамікі Обальскага керамічнага завода і Шумілінскага Дома рамёстваў.
Дзеці з задавальненнем пераходзілі ад аднаго захаплення да другога, спрабуючы свае сілы і таленты ў розных відах рамяства, збіраючы сувеніры, зробленыя ўласнымі рукамі.
У школьным дворыку свае мастацкія здольнасці можна было паспрабаваць ў стварэнні экалагічных коміксаў.
Выставы
Уразіла фотавыстава “Балота. Незвычайнае”, арганізаваная грамадскім аб’яднаннем “Ахова птушак Бацькаўшчыны” (АПБ) у рамках праекту “Клімат і разнастайнасць”. Кожны фотаздымак – факт таго, што ёсць і што можа стаць з-за бяздумнага абыходжання з прыродай. Балоты на гэтай выставе займалі асаблівае месца. “Захаванне біялагічнага багацця – адзін з прыярытэтаў дзейнасці любой экалагічнай арганізацыі, — расказвае інфармацыйны памочнік праекта АПБ “Клімат і разнастайнасць” Лідзія Пшаніцына. – Важнае месца займае работа па ўзнаўленню і захаванню балот”.
Гэта сумесны праект “Аховы птушак Бацькаўшчыны” і многіх замежных таварыстваў і фондаў .
Выставу фотаработ вучняў і педагогаў раёна, прадстаўленых на рэспубліканскі конкурс “Няма ў свеце прыгажэй нашай Беларусі”, прапанаваў Цэнтр пазашкольнай работы.
Многіх зацікавіла выстава “Аптэка на балоце” Обальскай бібліятэкі.

Руслан Шайкин (АПБ) с детьми

“Птушыныя разумнікі”-
пад такой назвай правялі конкурс-віктарыну супрацоўнікі АПБ. Спецыяліст па экалагічнай адукацыі АПБ Руслан Шайкін літаральна заваражыў дзяцей. Што не пытанне, то сапраўднае адкрыццё пра дзівосны птушыны свет, прычым, распавёў пра птушак, якіх кожны ведае з дзяцінства. За кожны правільны адказ – падарунак ад АПБ: часопіс, паштоўка, значок альбо маска птушкі.

На старте

Касі каса, пакуль раса
У спаборніцтвах па кашэнні траў уручную, якое прайшло ў в. Вішня, прынялі ўдзел чатыры каманды (Обальская СШ, ОКЗ, лясгас і райгаз). Сем мужчын і адна жанчына з косамі зранку выйшлі на дыстанцыю. І калі на пачатку касьба ўспрымалася як забава, то з кожным узмахам касы удзельнікаў ахоплівала жаданне даказаць, што ты лепшы. У камандным заліку перамогу святкавалі касцы райгазу, другое месца ў Обаль-скай СШ, трэцяе  – у ОКЗ. А вось у асабістым заліку перамога дасталася абальчаніну Андрэю Грыцака (ОКЗ), які абышоў шумілінскіх касцоў Уладзіміра Свірыдзенку і Васіля Іваненку (абодва з райгазу, на здымку ўнізе). А пасля ўсе жадаючыя маглі паплаваць на катамаранах па возеры Расалай і рацэ Абалянка…
Надрукавана ў №48 ад 28.06.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *