25 июля — День пожарной службы

Актуалии Безопасность

Сёння – Дзень пажарнай службы!
Чарговы выпуск сумеснага праекта раённай газеты “Герой працы” і раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях “101” выходзіць якраз у дзень прафесійнага свята выратавальнікаў, што дорыць нам магчымасць першымі павіншаваць супрацоўнікаў РАНС з Днём пажарнай службы, пажадаць ім моцнага здароўя, кахання і жыццёвага аптымізму. А мы, у сваю чаргу, ад імя жыхароў раёна абяцаем старацца даваць як мага менш падстаў уключаць сірэны пажарным МАЗам, абяцаем берагчы сваё жыццё і здароўе, бо ведаем, што каб выратаваць любога з нас, вы, не вагаючыся, аддасце свае жыцці.
Толькі б паспець
Цяжка сабе ўявіць іншую прафесію, у якой ад бездакорнага выканання сваіх абавязкаў супрацоўнікамі залежыць і жыццё немаўля, трапіўшага ў вогненны палон; і жыццё грыбніка, які не разлічыў свае сілы і заблудзіўся ў лесе; і нават жыццё алкаголіка, які ў чарговы раз заснуў з непатушанай цыгарэтай. Яны не выбіраюць, каго ратаваць, яны думаюць толькі пра адно: «Мы павінны паспець».
Сёння РАНС – гэта сукупнасць розных службаў і падраздзяленняў, якія працуюць на папярэджанне ці, у выніку неабходнасці, ліквідацыю надзвычайнай сітуацыі, займаюцца выратаваннем людзей, пабудоў, іншых матэрыяльных каштоўнасцяў. Будні супрацоўнікаў РАНС звычайна праходзяць напружана і згодна з раскладам, як і ў любым вайсковым падраздзяленні.
Абавязкі выратавальнікаў даўно выйшлі за рамкі проста тушэння пажараў. Супрацоўнікі РАНС выходзяць на барацьбу з любой стыхіяй ці катастрофай, выязджаюць на ДТЗ, на ліквідацыю гнёздаў шэршняў, дзяжураць на масавых мерапрыемствах, суправаджаюць важныя сельскагаспадарчыя работы на палях. У іх шмат іншых задач, з якімі яны годна спраўляюцца.
Супрацоўнікі РАНС – актыўныя ўдзельнікі раённых спартыўна-масавых мерапрыемстваў. Дзе б яны ні бралі ўдзел, заўжды дэманструюць сілу, вынослівасць, выдатную спартыўную падрыхтоўку.
Па выніках мінулага года Шумілінскі РАНС быў прызнаны пераможцам Кубка “Лепшае баяздольнае падраздзяленне МНС Віцебскай вобласці”.
Заўжды ў баявой гатоўнасці
Раніца ў РАНС пачынаецца з разводу каравулаў. Найперш даводзіцца інфармацыя аб бягучай пажарнай сітуацыі, правяраецца гатоўнасць супрацоўнікаў да нясення дзяжурства, а таксама спраўнасць тэхнікі і пажарнага ўзбраення. Каравул  №3 узначальвае Аляксей Шустроў. Пад яго кіраўніцтвам розныя па ўзросце, інтарэсах і характарах людзі на суткі становяцца адзіным цэлым. Іх новы МАЗ укамплектаваны ўсім неабходным не толькі для тушэння пажараў, але і для любых аварыйна-выратавальных работ.
Сёлета менавіта каравул №3 выратаваў на пажары, які здарыўся ў адным з інтэрнатаў Шуміліна, трох чалавек. Гэтыя, у звычайным жыцці вясёлыя жыццярадасныя хлопцы, па сігналу трывогі ў імгненне становяцца сапраўдным баявым атрадам, які смела выходзіць насустрач бядзе.
Раўненне на ветэранаў
Сённяшнія супрацоўнікі, моладзь аддзела глыбока шануюць заслугі старэйшага пакалення работнікаў, той значны ўклад, які яны ўнеслі ў развіццё пажарнай службы раёна,  адзначыў намеснік начальніка РАНС Дзмітрый Красоўскі. Ветэраны пажарнай службы заўжды адчуваюць гэтую ўвагу да сябе, якая праяўляецца ў такіх натуральных чалавечых учынках, як дапамагчы расчысціць двор зімой, павіншаваць з днём нараджэння і прафесійным святам, запрасіць у госці, каб нагадаць, што іх саміх і іхнія заслугі перад аддзелам і перад Радзімай памятаюць і шануюць.
Ужо некалькі год у раёне дзейнічае грамадская арганізацыя ветэранаў органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях “Выратавальнік”, узначальвае якую былы начальнік РАНС Мікалай Уладзіміравіч Жукаў. Штогод 17 красавіка праходзяць мерапрыемствы з нагоды Дня ўшанавання ветэранаў пажарнай службы.

Лепш – папярэдзіць
Папярэдзіць бяду заўжды лягчэй, чым змагацца з яе наступствамі, – гэту жыццёвую мудрасць даўно ўсвядомілі выратавальнікі, таму і работа па прафілактыцы надзвычайных сітуацый для іх прыярытэтная. Яны выкарыстоўваюць любую магчымасць сустрэцца з людзьмі ў працоўных калектывах, выступіць на прадпрыемствах і ў арганізацыях, правесці спецыяльныя мерапрыемствы для дзяцей. Парады выратавальнікаў заўжды кампетэнтныя і слушныя, бо сфармуляваны і падпісаны тымі няшчасцямі, якія ім удалося ці не ўдалося папярэдзіць.
Сёння – Обаль, Заўтра – “Дружба”
Інспекцыяй нагляду і прафілактыкі РАНС на чале з першым намеснікам начальніка РАНС Рыгорам Жуком 19 ліпеня быў арганізаваны комплекс мера-прыемстваў на тэрыторыі Обальскага сельсавета. Той факт, што менавіта на тэрыторыі гэтага сельсавета сёлета на пажары загінуў чалавек, падштурхнуў выратавальнікаў удзяліць гэтаму рэгіёну павышаную ўвагу. Да работы таксама былі прыцягнуты супрацоўнікі РАУС і пракуратуры для камісійнага абследавання патэнцыйна небяспечных аб’ектаў. Упор быў зроблены на работу з так званымі катэгарыраванымі групамі насельніцтва.
Падчас дваравых сходаў, сустрэч у працоўных калектывах і візітах на дом да выратавальнікаў паступала шмат пытанняў, у прыватнасці, па рамонце печак, праводкі, устаноўцы аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў (АПА) і інш. Усім былі дадзены кампетэнтныя рэкамендацыі. Дарэчы, дзвюм шматдзетным сем’ям выратавальнікі падарылі і адразу ж усталявалі АПА.
Таксама ў рамках акцыі “Канікулы без дыму і агню” пажарныя сустрэліся з обальскімі школьнікамі. Якую небяспеку ўтойваюць летнія забавы; як дзейнічаць, калі ў доме пажар, а ты – адзін; як пачысціць АПА і памяняць у ім батарэйку – пра гэта і многае іншае вялі размову з дзецьмі супрацоўнікі РАНС. Апагеем сустрэчы, як і заўжды, стала магчымасць прымераць сапраўдную форму выратавальніка.
Пажарны МАЗ 20 ліпеня накіраваўся ў Амбросавічы ў летнік “Дружба”, дзе яго з нецярпеннем чакалі больш за сотню дзяцей. Яны ўжо ведалі, што ім абавязкова дазволяць апрануцца ў форму выратавальніка і пальюць вадой з пажарнага рукава. Але найперш дзеці цярпліва выслухалі ўсе рэкамендацыі інспектара РАНС Уладзіслава Салабуты па захаванні ўласнай бяспекі і жыцця. “Беражыце сябе, вы самае дарагое, што ёсць у вашых бацькоў”, – сказаў інспектар.
А потым баявая машына перайшла ў распараджэнне дзяцей. Уладзіслаў Салабута разам з курсантам Мікітам Паўлікавым дапамагалі дзецям даследаваць пажарную тэхніку і абсталяванне, на хвіліну адчуць сябе сапраўднымі выратавальнікамі.

Матэрыялы падрыхтавала Наталля Чарнічэнка.

Надрукавана ў №57 ад 25.07.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *