Из зала суда. В Шумилино конфискован автомобиль у пьяного водителя

Актуалии Закон Общество

Час збіраць каменне
Сказаць, каб для спадара Рагулькіна (прозвішча зменена па этычных меркаваннях) гэтая сітуацыя была ў нечым выключная – не скажаш. Меркаваць, што п’яным за руль ён сеў для таго, каб выратаваць нечае жыццё ці, да прыкладу, усё чалавецтва, ён не дае ніякіх падстаў. Можна смела адмесці і варыянты: не ведаў, падманулі, не ўсведамляў адказнасці. Выходзіць, што нават з пункту гледжання абывацеля для чалавека, які бярэцца кіраваць машынай у нецвярозым стане, няма апраўдання, а што ўжо гаварыць пра суд, рашэнні якога строга абмежаваныя законам. А закон з нядаўняга часу праду-гледжвае крымінальную адказнасць за “п’янае” ваджэнне. І старшыня суда Шумілінскага раёна А. А. Сініцкая, якая вяла справу, упэўнена, што ўзмацненне жорсткасці ў адносінах да несумленных вадзіцеляў – мера неабходная.
Рагулькіна ў Шуміліне ведае кожны даішнік. Чалавек, нават не маючы ўласнага аўтамабіля, умудрыўся ў пяты раз (!) быць асуджаным за ваджэнне ў нецвярозым стане. Яго не раз пазбаўлялі правоў кіравання, што не перашкаджала яму зноў і зноў са-дзіцца за руль. П’яным. Ён не двухсэнсоўна даваў зразумець, што яму абсалютна начхаць на ўсе забароны і рашэнні суда. Наогул – на ўсіх вакол.
…Нічым не вызначаўся і гэты  дзень. Ну, бадзяліся, ну, пілі – Новы год жа, хто не п’е? Але быў жа пры памяці, дамоў збіраўся. А што на чужой машыне і п’яны – дык гэта ж не ў першы раз, што тут такога? Як-небудзь даеду. Прыкладна так разважаў Рагулькін, калі ў чарговы раз садзіўся за руль, добра-такі паддаўшы. І гэта, дазвольце, не бязвусы юнак, якому не дай паесці, а дай пафарсіць. Гэта мужчына, які мае жонку, двух дзетак, бацькоў, якія за яго перажываюць. Ён па-вінен несці адказнасць за свае паводзіны яшчэ і перад імі. У першую чаргу перад імі. І калі Рагулькін не ўсведамляе гэтага, то гаварыць пра тое, што сям’ю нельга пазбаўляць адзінага кармільца (дарэчы, нідзе афіцыйна не працуе, а час ад часу выязджае ў Маскву), па меншай меры наіўна і непераканаўча.
Менавіта для тых, хто настойліва не хоча выпраўляцца, і прадугледжана “ін’екцыя” абмежавання волі. Гэту думку падчас судовага працэсу выказаў дзяржаўны абвінаваўца памочнік пракурора раёна А. П. Гасанаў, патрабуючы для Рагулькіна два з паловай года пазбаўлення  волі.
Суд прызнаў віну Рагулькіна (якой, дарэчы, той і не адмаўляў). У выніку яму было назначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на год шэсць месяцаў з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму з пазбаўленнем права займацца дзейнасцю, звязанай з кіраваннем транспартнымі сродкамі, тэрмінам на 5 год. Аўтамабіль “Фольксваген-Джэта” 1988 года выпуску, якім кіраваў Рагулькін, быў канфіскаваны ў даход дзяржавы.
У сваім апошнім слове асуджаны прасіў прабачэння ў жонкі і ў гаспадара машыны. Жонку, канешне, шкада. Але калі на хвіліначку ўявіць, што вярнуўшыся дадому пасля адбыцця пакарання, яе муж стане іншым чалавекам, самастойным, здольным несці адказнасць за свае словы і ўчынкі, ад гэтага выйграюць усе. А нават калі ён і не ўсвядоміць сваіх памылак, а проста будзе баяцца зноў трапіць за краты – гэта таксама нядрэнна.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №42 ад 03.06.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *