Як вы адпачываеце гэтым летам?

Актуалии Молодёжь Общество

Як вы адпачываеце гэтым летам?

Наталля Іванова, Каравайніца:
– Пра адпачынак на моры марыла цэлы год. У турыстычнай фірме набыла пуцёўку ў Турцыю, куды паляцелі разам з чатырохгадовым сынам Ільёй. Вельмі спадабалася мора, загарэлі і паздаравелі.  Думаю, што такі адпачынак нам будзе толькі на карысць.
Дзмітрый Емяльянаў, Шуміліна:
– Пасля здачы сесіі (закончыў першы курс Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта) мне прапанавалі папрацаваць у прыёмнай камісіі. Тлумачыў абітурыентам умовы паступлення, працаваў з дакументацыяй. На днях прыеду ў Шуміліна і буду дома адпачываць: схаджу на возера, сустрэнуся з сябрамі, пагляджу цікавыя фільмы.
Марыя Марозава, Мікіціха:
– Пра адпачынак летам нават і не думала. Працую галоўным аграномам у ААТ “Лаўжанскае” – і гэтым усё сказана. Спачатку пасяўная была, потым корманарыхтоўка, на падыходзе рапс і азімыя зерневыя. Лета сёлета халоднае, таму не выбралася нават ні пакупацца, ні пазагараць.
Кірыл Андрэеў, Сураўні:
– Першая палова лета была напружанай: здаваў экзамены за сярэднюю школу, потым цэнтралізаванае тэсціраванне. Зараз, калі паступіў ва ўніверсітэт грамадзянскай абароны ў Мінск, магу дазволіць сабе расслабіцца: паспаць, пагуляць уволю ў камп’ютарныя гульні. Ну, а яшчэ баўлю час з малодшым братам, дапамагаю бацькам і бабулі пакалоць дровы, нанасіць вады, прапаліць лазню.
Вераніка Шніпава, Добрына:
– Летам купаюся, загараю і збіраю ягады. Паехала да сваякоў у Федзькава – разам хадзілі ў чарніцы. І для сябе назбірала, і на продаж. За выручаныя грошы куплю сабе адзенне да школы.
Надзея Вераксіч, Светласельскі:
– З бацькамі, сястрой і братам сёлетнім летам ездзілі на Каўказ, у госці да маёй цёці. Падарожжа і адпачынак вельмі спадабаліся. Тым больш, што на зваротным шляху мы заязджалі на Азоўскае мора.
Надрукавана ў №59 ад 01.08.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *