Прыпынак – станцыя Шуміліна

Актуалии Экономика

Прыпынак – станцыя Шуміліна
Шуміліну пашанцавала яшчэ ў далёкім 1866 годзе, калі праз тады зусім невялічкае сяленне на некалькі дзясяткаў двароў былі пракладзены чыгуначныя пуці і па іх прапыхкаў першы цягнік. Менавіта са з’яўленнем чыгункі пачаў буйнымі тэмпамі развівацца наш пасёлак і стаў пасля  раённым цэнтрам. І нават цяпер, нягледзячы на тое, што ў нас дужа развіты аўтамабільны рух, пад бокам буйная траса і практычна кожная сям’я мае ў распараджэнні свой аўтамабіль, значэнне чыгункі не меншае.
Паглядзіце, колькі чалавек карыстаецца чыгункай! Едуць на работу, на вучобу, за пакупкамі, у госці, па іншых неадкладных справах. А ўсё таму, што гэта зручна, даступна, і самае галоўнае, бяспечна. У выхадныя на перонах не праціснуцца, людзі едуць у абодва бакі: на Віцебск і на Полацк.
“Пасажырапаток праз станцыю Шуміліна, сапраўды, вялікі, – кажа начальнік станцыі Анатоль Атрошчанка. – У выхадныя за змену (а гэта 12 гадзін) праз білетную касу праходзіць да 400 чалавек, у будні прыкладна напалову менш. Людзі вельмі актыўна карыстаюцца чыгункай”.
Надта папулярныя ў шумілінцаў напрамкі на Маскву і Санкт-Пецярбург, аблюбавалі жыхары раёна і новы маршрут цягніка павышанага камфорту Полацк-Магілёў. Ды і наогул, дзякуючы чыгунцы ў нас ёсць магчымасць даехаць практычна ў любую кропку свету.
Даволі напружаная і таварная праходнасць вагонаў, зазначаюць шумілінскія чыгуначнікі. Зноў жа за змену праз станцыю Шуміліна праходзіць ад 30 да 40 цягнікоў.
Усю сістэму перавозак, рытмічную, дакладную і бесперабойную работу станцыі, выкананне пастаўленых задач забяспечвае невялікі калектыў на чале з начальнікам станцыі Анатолем Атрошчанкам. У яго падначаленні – пяць дзяжурных, тры білетныя касіры, два прыёмаздатчыкі, брыгада пуцейцаў з 12 чалавек і станцыйны работнік.
Дарэчы, асобнае слова варта сказаць пра брыгадзіра пуці Аляксандра Касцючэнку, паважанага сярод чыгуначнікаў работніка. Ён асабіста і яго брыгада ў цэлым у адказе, як кажуць, за рэйкі і шпалы. Калі ў больш шырокім сэнсе – за нашу з вамі бяспеку, за бягучае ўтрыманне і рамонт пуці. І менавіта той факт, што мы са спакойнай душой адпраўляемся кожны раз у паездку, сведчыць пра строга наладжаную і выконваемую гэтым калектывам работу.
У Аляксандра Уладзіміравіча ўсё пад пільным кантролем: кожная рэйка і шпала, кожная гайка і вінцік, кожны перагон. І так на працягу ўсяго замацаванага ўчастка чыгуначнага пуці – ад Лоўшы да Старога Сяла. І, як зазначае кіраўніцтва станцыі, спраўляецца з ўсімі сваімі абавязкамі А. У. Касцючэнка вельмі сумленна, дастойна, прафесійна і граматна.
На чыгунцы Аляксандр Касцючэнка не навічок, за плячыма ў яго амаль паўтара дзясятка год работы. І хаця па спецыяльнасці мужчына будаўнік, усё адно найперш лічыць сябе чыгуначнікам. І кажа, што дзень чыгуначніка – яго прафесійнае свята.
Алена КАРПУШЭНКА.
На здымку: брыгадзір пуці станцыі Шуміліна Аляксандр КАСЦЮЧЭНКА.
Надрукавана ў №60 ад 04.08.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *