Паспорта готовности получили все учреждения образования Шумилинского района

Актуалии Образование

“Апусцела поле, толькі людна ў школе,
Зазвінеў ізноў званок – пачынаецца ўрок”

Зараз  у школьных аддзелах і маленькіх магазінаў, і вялікіх супермаркетаў не праціснуцца, касіры не паспяваюць выбіваць чэкі на чаравікі і ранцы, на сшыткі і дзённікі. Бацькі ж, як звычайна, давалі сабе зарок усё закупіць загадзя, але то грошай няма, то часу. А тут глянулі – жнівень на зыходзе, хутка ў школу…
А школы Шумілінскага раёна ўжо гатовы да 1 верасня. І дзіцячыя сады, і іншыя навучальныя ўстановы. Падпісаны пашпарты гатоўнасці, і раённая камісія па правядзенні праверкі гатоўнасці ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года дала высокую ацэнку зробленай рабоце.
Камісія працавала ўвесь мінулы тыдзень, агледзела ўсе школьныя кабінеты і дзетсадаўскія групы, спартзалы і стадыёны, майстэрні і бібліятэкі, сталовыя і санвузлы, энергаблокі і кацельні, цяпліцы і агароды – і ў цэлым засталася задаволенай.
На гэты вынік, зазначыла старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Новікава, якая прыняла ўдзел у рабоце камісіі, і працуюць штогадовыя праверкі. Ірына Мікалаеўна ўспомніла той час, калі пачыналіся гэтыя аб’езды, і калі ў канцы жніўня яшчэ знаходзілі паламаныя парты, абарваныя шпалеры ў кабінетах, нямытыя вокны. Тады некаторым установам не падпісвалі пашпарты гатоўнасці, некаторым падпісвалі ўмоўна, работы вялі аўральна.
Цяпер жа ўжо на пачатку жніўня навучальныя ўстановы раёна дэманстравалі высокі ўзровень гатоўнасці да заняткаў, да зімовых выпрабаванняў, да харчавання дзяцей. Аб’езды аказаліся карыснымі і для самой камісіі, у якой працуюць не толькі прадстаўнікі аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, але і раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, энергаінспекцыі, энергазбыту, раённай газеты. А гэта дазваляе на месцы атрымліваць кансультацыю вузкіх спецыялістаў, знаходзіць рашэнне многіх пытанняў, планаваць работу гаспадарчай групы аддзела адукацыі, вызначаць прыярытэтныя накірункі фінансавання.
Нельга адкідваць і элемент спаборніцтва, жаданне паказаць сябе з лепшага боку, уразіць. Многім гэта ўдалося, нават маленькім садкам, з якіх мы і пачнём гаворку.

Дашкольная адукацыя
У раёне працуе 17 дашкольных устаноў, чатыры з якіх – у комплексе “дзіцячы сад-школа”. Пры аглядзе камісія зыходзіла з таго, што не ўсе яны ў роўных умовах, што няма сэнсу сёння параўноўваць той жа Мікіціхінскі яслі-сад ці Светласельскі, якім пашчасціла на добры рамонт і абсталяванне, з Дабейскім ці Язвінскім, размешчанымі ў старых доміках.
Так, калі везці гасцей убачыць сучасную прыгожую ўстанову дашкольнай адукацыі, то хутчэй за ўсё для гэтага падыдзе Мікіціхінскі дзіцячы сад (загадчык Жанна Васільчанка). Тут выдатныя ўмовы ў групах, добрая тэрыторыя, шмат гульнявых формаў. І калектыў тут старанны, хаця яму лягчэй ствараць на добрым фундаменце.
У ідэале так яно і павінна быць. Але ж дзе ідэал, а дзе мы. Таму будзем зыходзіць з рэалій. А рэаліі такія. Возьмем, да прыкладу Шумілінскі яслі-сад №4 (загадчык Зінаіда Зазыба). Садок месціцца ў старым будынку на “Брыкеце”, цеснаваты для гэтага мікрараёна, даўно просіць капітальнага рамонту. А пакуль ён прыйдзе, калектыў не сядзіць склаўшы рукі: вядзе платныя гурткі, здае макулатуру, выро-шчвае гародніну. Ад пазабюджэтнай дзейнасці атрымалі 2150 рублёў, за гэтыя грошы сёлета памянялі чатыры акны (і ў мінулым годзе – тры), купілі кухонны камбайн, замянілі месцамі лінолеум, абшылі старыя печкі сайдынгам, пачалі рамантаваць столь.
Уразіла ў гэтым садку і спартыўна-гульнявая пляцоўка з выдатнай бегавой дарожкай, з футбольнымі варотамі, спартыўнымі снарадамі. Лепшая, бадай, сярод устаноў дашкольнай адукацыі. Як вынік, тут мы ўбачылі самых актыўных і разняволеных дзяцей. Але ж ухвальных слоў заслужылі і іншыя дзіцячыя сады.
Шумілінскі яслі-сад №2 (в. а. загадчыка Таццяна Бесарабская). Камісія пахваліла калектыў за ўзорны вопытны ўчастак, за плённую індывідуальную работу з бацькамі і пазабюджэтную дзейнасць (зарабілі 2600 руб). Акрэслены праблемы, якія патрабуюць рашэння і фінансаў: адвядзенне вады з падвала, добраўпарадкаванне асфальтавага пакрыцця.
Шумілінскі яслі-сад № 3 (загадчык Наталля Пашкевіч). Густанаселены яслі-сад (тут зараз 155 дзетак) парадаваў шыкоўнымі кветнікамі на ўваходзе, цудоўна аформленай, адрамантаванай музычнай залай, важкім пазабюджэтам (зарабілі больш за 3 тысячы руб.) Усяго ж разам з дапамогай бюджэту, апякунскага савета і спонсараў тут на падрыхтоўку да новага навучальнага года пайшло больш за 5,5 тыс. руб.
Шумілінскі яслі/сад № 1. Тут сёлета асноўныя аднаўленні прыйшліся на гульнявую тэрыторыю і вулічныя аб’екты, якія цяпер аформлены ў марскім стылі. На падрыхтоўку затрацілі каля 2,5 тыс. руб, з якіх пазабюджэт склаў 1100 руб. Старшыня камісіі намеснік старшыні райвыканкама Ірына Шалахава пахваліла калектыў і разам з тым нагадала, што “ўзровень першага дзіцячага сада райцэнтра, які бачны з усіх бакоў, павінен быць вышэй”. А каб аднавіць дах і фасад, адрамантаваць вулічныя дарожкі і аснасціць харчаблок, патрэбна сур’ёзная дапамога бюджэту.
Обальскі яслі-сад (загадчык Наталля Спірыдзенка). Напорыстасць кіраўніка і актыўнасць калектыву накіравана перш за ўсё на стварэнне ўтульнасці ў групах, на ўнутраны рамонт. І ім гэта ўдаецца. Начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Валянціна Мянькова адзначыла “ўменне калектыву працаваць са спонсарамі, рабіць грошы з немагчымага”. Даходы ад пазабюджэтнай дзейнасці тут самыя высокія ў раёне – 3155 рублёў. Разам з тым камісія дала рэкамендацыі па ўдасканаленні тэрыторыі ўстановы.
Светласельскі яслі-сад (загадчык Людміла Ястрабава). Аднойчы зроблены тут якасны рамонт і сёння прыносіць дывідэнды. Радуюць гульнявыя і спальныя пакоі, размаляваныя сцены. Тут вельмі камфортна дзецям. Калектыў падтрымлівае ўзровень, але камісія адзначыла, што афармленне тэрыторыі жадае лепшага.
Добрынскі дзіцячы сад (загадчык Ніна Бегунова). Ня-гледзячы на тое, што з 1 верасня ўстанова мяняе статус (школы тут не будзе), калектыў не апусціў рукі. Тут, як заўсёды, дагледжаная тэрыторыя, нарыхтавана дроў на паўзімы, зроблена ўсё, каб дзеткам (а іх усяго 10) было ўтульна. Праблема: пустуючы першы паверх будынка. Магчыма, сюды перае-дзе мясцовая бібліятэка.
Башнёўскі дзіцячы сад (загадчык Андрэй Далецкі). Скарыла ка-місію актыўнасць загадчыка, уменне рашаць пытанні, ствараць умовы ў маленькім старым будынку, дзе месціцца ўстанова.
Мікалаеўскі дзіцячы сад (загадчык Людміла Мамойка). “На работу, як на свята” – гэта наш дэвіз заўзяты…”  Загадчыца бойка шпарыла вершамі, дэманстравала тэрыторыю, прыгожага драўлянага каня, які нядаўна тут пасяліўся.
Крывасельскі дзіцячы сад (загадчык Іна Пруднікава). Лёс яго не выклікае аптымізму. Сёння тут 5 дзетак. Старшыня Каўлякоўскага сельсавета Таццяна Дзятлава, якая заўсёды прысутнічае пры прыёмцы навучальных устаноў сельсавета, прасіла не закрываць установу. Тут, сапраўды, ёсць усе ўмовы для дзетак, прыгожая тэрыторыя, агарод… Але з 1 студзеня 2018 года апты-мізацыя вымушае закрываць установы, дзе менш за дзесяць дзяцей.
Дабейскі дзіцячы сад (загадчык Жанна Янчыліна). “Сёння ў Дабеі нарадзілася двойня”, – такой радаснай навіной сустрэла камісію кіраўнік установы. Прыгожыя шпалеры ў групах, выдатна аформлены куток нацыянальнай сімволікі і нават элементы севазвароту на ўчастку сведчаць пра тое, што дзіцячы сад збіраецца жыць доўга. А пакуль што тут 8 дзетак і 9 працуючых.
Язвінскі дзіцячы сад (загадчык Ірэна Кажанеўская). Падрыхтавацца да навучальнага года дапамог бюджэт (іншых даходных крыніц тут пакуль што не адшукалі). Пафарбавалі гульнявое і спартыўнае абсталяванне, падрамантавалі дарожкі.

Комплексы “дзіцячы сад-школа”
Такіх комплексаў у раёне чатыры: у Слабадзе, Амбросавічах і Мішкавічах, а з гэтага года – і ў Мішневічах.
Слабадская дзіцячы сад-сярэдняя школа (дырэктар Алена Пузікава). Гэтая ўстанова па-ранейшаму трымае вельмі высокі ўзровень. Уражвае проста ўзорны парадак у школе і на яе тэрыторыі, дасканаласць у афармленні нагляднасці, класных пакояў. Тут выдатная спартыўная база, не дзіва, што школьны стадыён стаў пераможцам у абласным конкурсе. Да новага навучальнага года тут рыхтуюцца круглы год. Таму няма аўралаў і белых плямаў у падрыхтоўцы. І ўся падрыхтоўка абышлася ў 851 рубель.

Мішневіцкая дзіцячы сад-сярэдняя школа (дырэктар Пётр Спірыдонаў). У такім статусе ўстанова будзе працаваць з 1 верасня. Засяленне ў школу дзетсада, вядома, дадало клопатаў. Для дашкольнікаў патрэбны спальныя пакоі, асобны ўваход, санвузлы. Усе патрабаванні тут выканалі. Нават строгі галоўны санітарны ўрач раёна Сяргей Конышаў пахваліў, што рэдка бывае. Стараннасць і працавітасць гэтага калектыву проста не мае межаў. Прасторныя светлыя класы, утульнасці якім дадалі парцьеры, пашытыя школьнікамі па другаснай занятасці, прыгожая тэрыторыя. Асобных слоў заслугоўвае ўчастак. Толькі бульба тут заняла 40 сотак, столькі ж аддалі пад зерневыя, дагледжаныя плантацыі капусты, морквы, буракоў, агуркоў, цыбулі, цяпліцы з памідорамі, ягаднікі (нядрэнна зарабілі на продажы клубніц), пладовыя кусты…
Праблема: куды дзець двухпавярховы будынак дзіцячага сада?
Амбросавіцкая дзіцячы сад-сярэдняя школа (дырэктар Ірына Матэленак). На 1 верасня тут чакаюць 63 вучняў (17 з якіх будуць падвозіць з прыдзвінскага рэгіёна), плюс 20 дзетсадаўцаў. Калектыў установы зрабіў нямала, нават узяўся за рамонт праблемнага даху. Члены камісіі ўбачылі падрыхтаваныя класы, выдатны агарод, а кабінет абслугоўваючай працы назвалі лепшым у раёне да гонару яго гаспадара Генадзя Шчарбакова.
Мішкавіцкая дзіцячы сад-пачатковая школа (дырэктар Наталля Казлоўская). “У бліжэйшыя пяць год перспектыва ёсць”, – такой аптымістычнай заявай сустрэў камісію калектыў. Гэтае жаданне існаваць праявілася пры падрыхтоўцы да новага навучальнага года школьных кабінетаў, дзетсадаўскіх груп, вялікай тэрыторыі і прышкольнага ўчастка.

Базавая і сярэдняя адукацыя
Навікоўская базавая школа (дырэктар Алег Далімаеў). Якім будзе статус школы і яе лёс з 1 верасня, яшчэ вырашаецца. І гэтая нявызначанасць, перамешаная са смуткам, пасялілася сёння ў класных пакоях і на ўсёй вялізнай тэрыторыі. А для вучобы не толькі 14 дзяцей, але і ў разы болей, тут усё гатова.
Обальская сярэдняя школа (дырэктар Іна Чарнічэнка). Да навучальнага года дапамог падрыхтавацца раённы бюджэт, спонсары, сярод якіх Обальскі керамічны завад, мясцовае торфапрадпрыемства, ДРБУ-204, плюс свае сродкі – усяго больш за 7 тысяч, далажыла дырэктар. Зрабілі аб’ёмны рамонт стэлы, купілі свяцільнікі, новы тэнісны стол, набылі карову (да свінаматкі з 11-цю парасятамі і іншай жыўнасці, якая ёсць), пафарбавалі, паклеілі, адрамантавалі…  Маштаб зробленага ўражвае, тэрыторыя, участак, кожны кабінет чатырохпавярховага будынка – усюды адчуваецца рука гаспадара і сучасны падыход. Школа ў лідарах не толькі па інфарматызацыі вучэбнага працэса, рашэнні гаспадарчых пытанняў, але і па дызайну кабінетаў. Зазірніце, напрыклад, у кабінет матэматыкі – пераканайцеся самі.
Прыемная навіна: зацверджаны праект на капітальны рамонт Обальскай СШ з заменай даху і вокнаў.
Мікіціхінская сярэдняя школа (дырэктар Вольга Асташонак). Па традыцыі камісію сустракаў увесь калектыў школы. Падрыхтоўку да новага навучальнага года тут пачалі яшчэ ў студзені, затое паспелі зрабіць многа і на тэрыторыі, і ў кабінетах. Дызайн кабінетаў з дапамогай інтэрнэту і ўласнай фантазіі распрацоўвае сама дырэктар, калектыў дапаўняе. І варта павучыцца, як дасканала тут у кожным кабінеце падабрана колеравая гама, у тон пашыты фіранкі, якую дапамогу ў афармленні кабінетаў могуць аказаць літары “Ў”, “Ё” ці корань квадратны.
Шумілінская СШ №1 (дырэктар Наталля Мясаедава).  Самая вялікая школа раёна чакае сёлета каля 720 вучняў. Сярэдняя напаўняльнасць класа – 23 чалавекі. Адноўлены хол з шыкоўнымі цюлямі сустракае ўваходзячых (у якасці дызайнера, вядома ж, настаўнік працы Надзея Спірыдонава). У класах светлыя парты і шпалеры, адрамантаваная спартзала, гатовая да новых рэкордаў. Але, на думку камісіі, гэтага сёння недастаткова для школы такога ўзроўню, якая павінна задаваць тон іншым установам. На рамонт патрачана каля 7,5 тыс. руб, у тым ліку каля 4,5 тыс. – з раённага бюджэту, 639 – пазабюджэтныя сродкі школы.
Задачы: неадкладнага рамонту патрабуюць санвузлы ў школе, трэба падвесці гарачую ваду на харчаблок і да санвузлоў.
Шумілінская СШ №2 (дырэктар Жанна Рагуновіч).  Школа выйшла з застою і прадэманстравала добрую падрыхтоўку. Дагледжанасць бачна і на тэрыторыі, і на школьным участку, і ў самой школе. Парадавалі некаторыя кабінеты, напрыклад, кабінет беларускай мовы і літаратуры, такой пашаны да родных вытокаў мы не ўбачылі ў іншых школах. Камісія пахваліла калектыў і за будаўніцтва сваімі сіламі дарожак на прышкольнай тэрыторыі.
Башнёўская сярэдняя школа (дырэктар Васіль Зянькоў). У статусе сярэдняй школа працуе апошні год, з наступнага года тут будзе базавая, і ўжо сёлета тут няма дзясятага класа. Школа пакідае добрае ўражанне, радуе вока тэрыторыя. Яна пацвярджае ісціну, што аднойчы спланаванае граматнае рашэнне апраўдае сябе праз гады. Школе зрабілі заўвагу (як, дарэчы, і многім іншым) за адсутнасць на радыятарах ацяплення ахоўных экранаў.
Кардонская сярэдняя школа (дырэктар Таццяна Салаўёва). 95 вучняў сядуць за парты ў гэтай школе 1 верасня. З улікам некаторых заўваг школу прызналі гатовай да навучальнага працэсу. А школьная сталовая ўжо сёння гатова смачна карміць падрастаючае пакаленне. У меню – нават выпечка. Школьныя повары пачаставалі нас пірагамі і падзяліліся рэцэптам.
Пячэнне “Прынцэса”
Для цеста паўлітровую шклянку мукі змяшаць з паловай пачка мяккага маргарыну ці масла (як у нашым выпадку), дадаць 3 яйкі і паўлыжкі (чайнай) соды. Частку цеста пакласці ў халадзільнік. Для начынкі: 400 г дамашняга тварагу змяшаць з трыма яйкамі, дадаць 1 ст. лыжку крухмалу. Раскатаць цеста, пакласці тварожную начынку, упрыгожыць цёртым цестам (мы яго паклалі ў халадзільнік). Прыемнага апетыту!

Шумілінская раённая гімназія (дырэктар Ларыса Маладзечкіна). Гімназія сустракае новы навучальны год акрыленая поспехам 100-працэнтнага паступлення выпускнікоў у ВНУ. Сёлета назіраецца конкурс пры паступленні ў гімназію. Нягледзячы на тое, што летам тут у дзве змены працаваў кругласутачны лагер, неабходныя работы па падрыхтоўцы выкананы, за што калектыў атрымаў падзяку.

А цяпліца з самым важкім ураджаем памідораў прызнана лепшай у раёне.

Дадатковая і спецыяльная адукацыя
Шумілінскі раённы цэнтр дзяцей і моладзі (дырэктар Раіса Туманава) можа падзяліцца вопытам папаўнення ўласнага пазабюджэтнага фонду, недарэмна ж ён прызнаны лепшым у вобласці. Ды і лічба ў 10 тысяч рублёў з гакам гаворыць сама за сябе. Без праблем дазволілі сабе купіць два сістэмныя блокі, капіравальны апарат, кустарэз, газонакасілку. І цяпер побач з установай – узорны газон. А галоўнае – цэнтр поўніцца дзецьмі (48% – ахоп дзяцей), ёсць вынікі і важкія поспехі, напрыклад, перамогі на еўрапейскіх спаборніцтвах барцоў па вавінам в’ет во дао.
Шумілінскі раённы цэнтр карэкцыйна-развіваючага абучэння і рэабілітацыі (дырэктар Алёна  Шашкова). 42 дзіцяці будуць атрымліваюць карэкцыйную дапамогу цэнтра. 5 дзетак займаюцца ў самым цэнтры штодзень. Для іх падрыхтаваны вучэбны клас, ідзе рамонт спартыўнай залы.
*   *   *
Шумілінскі раённы сацыяльна-педагагічны цэнтр (дырэктар Таццяна Бабарэка). Зараз у цэнтры ці, як мы прывыклі называць, прытулку 5 дзяцей. Тут шмат зроблена па аднаўленні спальных і гульнявых пакояў, па стварэнні ўтульнасці і неабходных умоў.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №64 ад 18.08.2017 г.



1 комментарий по теме “Паспорта готовности получили все учреждения образования Шумилинского района

  1. Добрый вечер поздравляю Все Навучальныя установы с разрешением на принятие Детей и с Наступающим 1-ым Сентября,скажите пожалуйста а почему не написали про Центр Культуры?

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *