Шумилинские коммунальники готовятся к зиме: ремонтируют теплосети и готовят дрова

Актуалии Экономика

Рамантуюць цеплатрасы і цеплапункты
Жнівень і верасень – напружаны час для работнікаў УП ЖКГ. Сёлета за кошт бюджэтных сродкаў абсталявалі ўсе шматпавярхоўкі райцэнтра  цеплалічыльнікамі, што дазволіць больш дакладна вызначаць памер платы за ацяпленне. Час прыспешвае – да новага ацяпляльнага сезона засталося не так і многа. А работы па рамонце цеплатрас, замене труб, засовак у цеплавых пунктах жылых дамоў яшчэ даволі.
Увогуле рамонтам цеплатрас камунгасаўцы пачалі займацца ў маі. Па плану да 1 кастрычніка трэба было замяніць тры кіламетры старых труб на новыя перадізаляваныя. “На сённяшні дзень працуем з апераджэннем графіку: замянілі 2,8 кіламетра, – расказала вядучы інжынер-цеплатэхнік  К. В. Сіўцова. –  У сувязі з тым, што на кацельні ў Мішкавічах  устанавілі пелетныя катлы, прыйшлося замяніць чатырыста метраў цеплатрасы  на трубы, меншыя ў дыяметры – гэтым самым зменшацца страты цяпла. У Обалі працуюць работнікі мясцовага падраздзялення ЖКГ – яны праклалі больш за два кіламетры новай цеплатрасы, засталіся работы па падвядзенні труб да жылых дамоў. Усяго на закупку неабходных матэрыялаў для пракладкі цеплатрас у Мішкавічах і Обалі затрацілі 216 тысяч рублёў”.
На мінулым тыдні мы сустрэліся з начальнікам цепласетак УП ЖКГ Вадзімам Сільчанкам і ягонай брыгадай, якая працавала на цеплавым пункце ў доме № 2 па вуліцы Шумілінскай. “Цеплавы пункт павінен працаваць рытмічна і бесперабойна, бо тут сабраныя ўсе вузлы для падачы халоднай і гарачай вады, для ацяплення жылога 60-кватэрнага дома, – кажа Вадзім Барысавіч. – Памянялі дзве засоўкі ў сістэме ацяплення, правяраем работу яшчэ чатырох, каб не здарылася аварыйнай сітуацыі ў марозныя дні”.
Пасля рамонту ў цеплапункце  брыгада накіруецца ў дзіцячы сад № 1, дзе трэба часткова памяняць цеплатрасу. Такая ж работа чакае і ля інтэрната прадпрыемства меліярацыйных сістэм.
Лета – самы час паклапаціцца і пра ацяпляльныя катлы на кацельнях. Хоць некаторыя шумілінцы і крыўдуюць наконт адключэння гарачай вады ў шматпавярхоўках, але рамонт ёсць рамонт. Лепш зрабіць яго летам, чым у марозныя дні. Тым больш, што катлы на многіх кацельнях “паляцелі”. Так, на цэнтральнай кацельні ў райцэнтры рамантуюць адзін кацёл, які працуе на шчапе, потым будуць “чараваць” над другім.
Кіпіць работа па рамонце ацяпляльных катлоў у падраздзяленні Слабада. Тут працуюць спецыялісты “Белкатламашу” –  працуюць над двума ацяпляльнымі катламі, на чарзе – рамонт катла ў Обалі.

Рыхтуюць дровы летам
Рыхтуй дровы летам – па такому прынцыпу працуюць работнікі лесанарыхтоўчага ўчастка УП ЖКГ. Сем вальшчыкаў, чатыры лесарубы  на чале з майстрам участка Ю. І. Сівагрывай кожны дзень у лесе. Іх задача – нарыхтоўваць дровы і шчапу, якія так патрэбныя  для камунальных кацельняў.
“На зіму нам спатрэбіцца 8 тысяч шчыльных кубаметраў дроў, – расказаў в. а. дарэктара УП ЖКГ А. А. Шпакаў. – Да 1 кастрычніка даведзены план нарыхтаваць  7,5 тыс. м. куб. дроў. Ад графіка не адстаём – сёння на кацельню завезена ўжо 6900 кубаметраў”.
Нарыхтоўкай дроў займаецца не толькі ўчастак лесанарыхтоўкі УП ЖКГ, але і іх памочнікі. Так, згодна з рашэннем аблвыканкама работнікі лясгасу павінны рыхтаваць для патрэб ЖКГ  штоквартальна па 4,5 тыс. м. куб. дроў. Але лясгасаўцы, спасылаючыся на вялікую занятасць, адстаюць ад графіка: за студзень-ліпень прывезлі ў кацельні толькі 6,7 тыс. м. куб.  дроў. Затое работнікі ПМК-70 не ўпусцілі магчымасці зарабіць для прадпрыемства дадатковыя грошы і прапанавалі свае паслугі. І імі УП ЖКГ скарысталася – на сённяшні дзень работнікі лесанарыхтоўчай брыгады будаўнікоў нарыхтавалі 218 м. куб. дроў і працягваюць займацца гэтай работай.
“Таксама да 1 кастрычніка нам трэба нарыхтаваць 5 тысяч шчыльных м. куб. шчапы, – працягвае гутарку Аляксей Арцёмавіч. – З мая да сярэдзіны жніўня дзве шумілінскія кацельні падагравалі ваду для шматпавярховак і спалілі 3 тыс. м. куб шчапы. У запасе засталося нямнога, таму зараз усе сілы работнікаў участка лесанарыхтоўкі мабілізаваны на нарыхтоўку паліва”.
Шчапу нарыхтоўваюць на розных дзялянках: у Новай Барсучыне, дзе камунгасу выдзелілі 22 гектары, у Завяззі, у Дворышчы. Работу ўскладняе толькі тое, што лесанарыхтоўчыя ўчасткі знаходзяцца далёка, часта ў балоцістых мясцінах, і тэхніка буксуе.  Дарэчы, у гэтым годзе пры падтрымцы кіраўніцтва раёна ў камунгасе вырашылася праблема захоўвання шчапы. Заключылі дагавор арэнды з УП “Шумілінскі райаграсэрвіс” на арачнік у Светласельскім. Ён вялікі, плошчай 1200 метраў квадратных, таму змесціць ўсю нарыхтаваную шчапу, сцвярджаюць спецыялісты.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №65 ад 22.08.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *