Профсоюз Шумилинского лесхоза потратил в 2015 году 84 млн руб. на своих работников

Общество Экономика

На чале з актыўным лідарам
Святлану Станіславаўну Ляонаву старшынёй прафсаюзнай арганізацыі Шумілінскага лясгаса выбралі пяць гадоў таму, пасля дэкрэтнага водпуску зноў была выбрана на гэту пасаду. Маладая, поўная ідэй і творчых задумак, яна ахвотна расказала аб прафсаюзным жыцці.

“Як начальніку лесапункта, мне так ці інакш прыходзіцца працаваць з людзьмі, вырашаць іх праблемы, – кажа Святлана. – Мае калегі станоўча адносяцца да прафсаюзнай арганізацыі: у яе ўваходзяць амаль 260 чалавек (98,5% ад усяго калектыву). Можна з упэўненасцю сцвярджаць, што прафсаюзу давяраюць”.
Старшыня Шумілінскага раённага аб’яднання арганізацый прафсаюзаў В. В. Юхнавец адзначыў, што сярод прафсаюзных лідараў нашага раёна Святлана Ляонава – самая маладая. “Але яна падае вялікія надзеі, вельмі стараецца, – кажа Васіль Васільевіч. – Душой хварэе за сваю пярвічку, заўсёды раіцца, як лепш арганізаваць работу”.
Святлана Ляонава сціпла дадае, што актыўнае прафсаюзнае жыццё – гэта заслуга ўсяго прафсаюзнага актыву, у які ўваходзяць сем чалавек, а таксама прафарганізатараў шасці лясніцтваў лясгаса. “Справядлівасць, калектыўная падтрымка, раўнапраўе – вось той фундамент, на якім трымаецца наша прафсаюзная арганізацыя, – кажа Святлана. – У нас выпрацаваны дзейсны калектыўны дагавор, які гарантуе істотную сацыяльную падтрымку работнікам. Мы аказваем матэрыяльную дапамогу ў сувязі з юбілеем, нараджэннем дзіцяці, уступленнем у шлюб. На Новы год работнікам і іх дзецям уручаем навагоднія падарункі. Прафсаюз часткова аплачвае пуцёўкі ў летнія дзіцячыя аздараўленчыя лагеры, а таксама турыстычныя паездкі (летась, напрыклад, ездзілі ў Пскоў). Займаемся і дабрачыннасцю – у мінулым годзе за прафсаюзныя грошы купілі навагоднія салодкія падарункі дзецям Язвінскага дзіцячага садка”.
Галоўная каштоўнасць любога прадпрыемства – людзі. І для іх прафсаюзная арганізацыя стараецца стварыць бяспечныя ўмовы працы. У прыватнасці, у кожным структурным падраздзяленні ёсць грамадскія інспектары па ахове працы, рэгулярна праводзіцца іх вучоба. А яны ў сваю чаргу расказваюць калегам пра бяспечныя ўмовы працы, асаблівая ўвага ў гэтым накірунку адводзіцца тым, хто працуе на пагрузачных пляцоўках, на будаўнічым участку, у рамонтна-механічных майстэрнях. Прычым, прафсаюз па пытаннях аховы працы цесна супрацоўнічае з кіраўніцтвам прадпрыемства, якое заўсёды ідзе насустрач. Так, у мінулым годзе на ахову працы лясгасам было выдаткавана 572 мільёны рублёў – гэтыя грошы пайшлі на набыццё бяспечнага абсталявання, на спецадзенне.
Прафсаюзная арганізацыя лясгаса стараецца заахвоціць і сваіх перадавікоў, лепшых работнікаў білетамі на канцэрт ці ў тэатр.  Летась прафсаюз сумесна з кіраўніцтвам лясгаса  праводзіў спаборніцтвы паміж лясніцтвамі, і пераможцаў – работнікаў Мікалаеўскага лясніцтва – узнагародзілі паездкай на “Славянскі базар”. Штогод адзначаюць граматамі і падарункамі пераможцаў спаборніцтваў сярод вальшчыкаў лесу.  У 2015 годзе ляснік Шумілінскага лясніцтва Іван Барсукоў і ляснік Мікалаеўскага лясніцтва Валерый Еранькоў былі ўзнагароджаны за добрую работу граматамі Віцебскага абласнога аб’яднання прафсаюза работнікаў лясной гаспадаркі. А ляснічага Казьянскага лясніцтва Уладзіміра Мазейку і памочніка ляснічага з Мікалаева Сяргея Сафончыка па хадайніцтве прафсаюза і кіраўніцтва лясгаса ўзнагародзілі  нагруднымі знакамі “30 год плённай работы ў дзяржаўнай лясной ахове”.
Работнікі лясгаса штогод удзель-нічаюць у розных конкурсах і спартыўных святах. Сёлета многія работнікі выказалі жаданне наведваць фізкультурна-спартыўны клуб “Здароўе”, і прафсаюз задаволіў гэту просьбу – з мінулага месяца пачалі арандаваць у ФСК па чацвяргах і аўторках спартыўную залу. Туды, трэба адзначыць, рэгулярна ходзяць як мужчыны, так і жанчыны.
У мінулым годзе прафсаюзная арганізацыя лясгаса на спартыўныя, культурна-масавыя мерапрыемствы, пуцёўкі і матэрыяльную дапамогу патраціла 84 мільёны рублёў. Грошы пайшлі на людзей і дзеля паляпшэння іх дабрабыту, адзначае Святлана Ляонава.
У такім жа накірунку прафсаюзная арганізацыя працуе і сёлета. У бліжэйшых планах – экскурсія ў сталічны музей Вялікай Айчыннай вайны  і спартландыя паміж лясніцтвамі.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №31 ад 19.04.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *