На заседании Шумилинского райисполкома говорили о порядке на земле и качестве питьевой воды

Актуалии Власть

Парадак на зямлі і якасць пітной вады

У мінулую пятніцу 18 жніўня пад кіраўніцтвам старшыні райвыканкама Аляксандра Снарава прайшло чарговае пасяджэнне раённага выканаўчага камітэта. Была прааналізавана  работа па захаванні зямельнага заканадаўства і ажыццяўлення кантролю за выкарыстаннем і аховай зямель, а таксама па выкананні заканадаўства ў галіне санітарна-эпідэміялагічнага дабрабыту ў часці забеспячэння дабраякаснай пітной вадой насельніцтва раёна.
Начальнік землеўпарадкавальнай службы райвыканкама Зоя Гарэленкава паведаміла, што на 1 студзеня 2017 года агульная плошча зямель Шумілінскага раёна складае 169 540 га, у тым ліку зямель сельскагаспадарчага прызначэння 54 693 га, з іх ворыўных – 32 581 га і лугавых – 21 830 га. Дакладчык адзначыла, што аналіз інфармацыі паказвае адмоўную дынаміку плошчаў сельскагаспадарчых угоддзяў (з 2012 года сельскагаспадарчыя ўгоддзі скараціліся на 3884 га), гэта сведчыць пра недастатковую работу па захаванні сельгасзямель. На 1039 га павялічылася плошча лугоў, якія зараслі кустоўем, на 2364 га павялічыўся дзяржлесфонд. Акрамя аб’ектыўных прычын дадзенай сітуацыі, Зоя Лявонаўна адзначыла і недастатковую работу сельгасарганізацый раёна па эфектыўнаму выкарыстанню сельскагаспадарчых угоддзяў.
У ліку тыповых парушэнняў начальнік землеўпарадкавальнай службы назвала неэфектыўнае выкарыстанне зямельных участкаў ці яны не апрацоўваюцца наогул, у выніку чаго зарастаюць пустазеллем, кустоўем.  У 2016 годзе да адміністрацыйнай адказнасці былі прыцягнуты 86 парушальнікаў, сума штрафаў склала 3329 рублёў, сёлета – 29 парушальнікаў на суму 1184 рублі.
У якасці станоўчага прыклада Зоя Гарэленкава прывяла Каўлякоўскі сельсавет, дзе ў аграгарадку Крывое Сяло ўзараны і ўцягнуты ў сельгасабарот 16 га зямель, якія незапатрабаваны грамадзянамі, а грамадзяне за кошт пераразмеркавання атрымалі 18 га зямель у межах населеных пунктаў.
У ходзе абмеркавання пытання кіраўнік раёна звярнуў увагу землеўпарадкавальнай службы на парушэнні зямельнага заканадаўства пры нарыхтоўцы і вывазцы лесу, калі псуюцца сельскагаспадарчыя пасевы, разбураюцца дарогі. Намеснік старшыні райвыканкама Алег Быкаў заўважыў, што работа зямельнай службы павінна ісці на апераджэнне падобных парушэнняў, калі за лесанарыхтоўшчыкамі вядзецца кантроль у ходзе работы, а не шукаюцца вінаватыя постфактум.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Новікава звярнула ўвагу кіраўніка землеўпарадкавальнай службы на ўзмацненне кантролю за навядзеннем парадку на зямлі: “Нават лічбы з дакладу сведчаць пра зніжэнне колькасці прыцягнення да адказнасці парушальнікаў, у той час як у населеных пунктах зарастаюць сядзібы і прылеглыя тэрыторыі. Закінута практыка выдзялення зямельных участкаў пасля разбурэння і рэкультывацыі лядашчых дамоў, марудна ідзе працэс пераносу ўчасткаў грамадзян з сельскагаспадарчых угоддзяў у межы населеных пунктаў, з-за чаго немагчыма ўвядзенне ў севазварот значных плошчаў каля населеных пунктаў”.
Было вырашана дапоўніць праект рашэння з улікам  выказаных заўваг і прапаноў.
Па другім пытанні парадку дня выступіў галоўны санітарны ўрач раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Сяргей Конышаў. Цэнтралізаванае водазабеспячэнне маюць 88,7% насельніцтва раёна, у тым ліку сельскае – 50,5%. У раёне маецца 115 артсвідравін (65 – УП ЖКГ, 41 – сельгасарганізацыі, 6 – іншыя), 210,24 км водаправода, 536 калонак, а таксама 228 калодзежаў. У якасці асноўнай праблемы якасці пітной вады дакладчык назваў перавышэнне ўтрымання жалеза ў шэрагу водных крыніц. Былі названы і асноўныя недахопы па ўтрыманню водных крыніц: адсутнасць агароджы вакол свідравін, калонак і калодзежаў, зарастанне іх пустазеллем і кустоўем, адсутнасць адмосткі і гліняных замкоў і іншае. Адбылося вострае абмеркаванне азначанай праблемы з кіраўніцтвам УП ЖКГ, КУСГП “Сіроцінскі”, бо вада – гэта адзін з важнейшых прадуктаў у жыцці людзей.
Алег Быкаў заўважыў, што адной з прычын няякаснай пітной вады з’яўляецца зношанасць сістэмы водазабеспячэння і прапанаваў прадоўжыць УП ЖКГ практыку замены старых водаправодаў на сучасныя поліэтыленавыя трубы, што дазваляе павысіць і якасць вады, і стабільнасць яе паступлення да спажыўцоў. Праект рашэння таксама прыняты з улікам выказаных заўваг.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №65 ад 22.08.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *