В Шумилинском райисполкоме прошёл торжественный приём золотых медалистов

Актуалии Молодёжь Образование

“Вы наш гонар і наша надзея”

У іх было вельмі напружанае лета, такое, што не пазайздросціш: заканчэнне школы, школьныя экзамены, падрыхтоўка і здача тэстаў, выбар прафесіі і навучальнай установы, чаканне вынікаў… Толькі ім адным (ну, яшчэ і бацькам) вядома, колькі сіл, напружання і перажыванняў было патрачана на ўсё гэта. Ну, вось, можна перадыхнуць, перавесці, як кажуць, дыханне. А з першага верасня – новы этап жыцця. Ужо, праўда, больш дарослага і самастойнага.
Але мы яшчэ не ўсё сказалі, каб вось проста так адпусціць нашу сёлетнюю “залатую моладзь” з парога роднага дома. Мы не выказалі ім словы шчырай удзячнасці за ўпартую нялёгкую працу, за веды і старанне, за тое, што праславілі нашу Шуміліншчыну “золатам”, мы не сказалі вялікі дзякуй іх бацькам за дастойнае выхаванне і падтрымку.
У мінулую пятніцу чацвёра залатых медалістаў – Дар’я Бабуська з СШ №1, Сяргей Пусянкоў са Слабадской СШ, Ганна Шаматурына з раённай гімназіі і Ева Штокіна з Обальскай СШ – разам з бацькамі былі запрошаны на ўрачысты прыём у райвыканкам. Спачатку ўсіх чакала ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання: уручэнне выпускнікам імянных прэмій Шумілінскага райвыканкама, бацькам – падзячных лістоў і кветак. А пасля за салодкім сталом – шчырая гутарка на самыя розныя тэмы: які кошт медаля, ці спраўдзіліся мары, ці лёгка даліся тэсты.
Можна толькі парадавацца, што амаль усе медалісты сталі студэнтамі тых навучальных устаноў, пра якія марылі, прычым бюджэтных форм атрымання адукацыі. Аня Шаматурына будзе вучыцца на фармацэўта ў Віцебскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце. Сяргей Пусянкоў мае ўсе шансы стаць пасля заканчэння біялагічнага факультэта БДУ мікрабіёлагам. Дар’я Бабуська паступіла ў Беларускі дзяржаўны эканамічны універсітэт і будзе эканамістам-менеджарам. Толькі крыху не пашанцавала Еве Штокінай: ёй не хапіла некалькі балаў, каб прайсці на “бюджэт” у медуніверсітэце. Дзяўчына прынцыпова адмовілася ад платнай вучобы, а вырашыла займацца на спецыяльных курсах пры ВДМУ, каб на наступны год ажыццявіць мару. З яе напорыстасцю, характарам і сілай волі, упэўнена, у Евы ўсё атрымаецца.
“Вы наш гонар і наша надзея, – прызналася старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Новікава. – Мы жадаем вам поспехаў, цярпення, цікавых сустрэч і знаёмстваў, удалага лёсу. І мы будзем вельмі чакаць вас дома. Ніколі не забывайце сваю маленькую радзіму, той куток, дзе прайшло ваша юнацтва, дзе вы атрымалі свае першыя веды і вопыт”.
Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў № 67 ад 29.08.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *