Жатва на приусадебных участках Шумилинского района — в разгаре

Общество Экономика

Камбайны – на ўласныя соткі вяскоўцаў

“Ніколі не забуду часы сваёй маладосці, калі жалі і малацілі ўручную, а вечарам з ног валіліся ад стомы. А зараз чаму ж не сеяць зерневыя? З уборкай – ніякіх праблем. Прыехаў камбайн, абмалаціў практычна сухое зерне і высыпаў на посцілку – любата”, – вось так яскрава ахарактарызавала адна з жыхарак Каўлякоўскага сельсавета сёлетняе жніво на прысядзібных участках.
Сапраўды, камбайнеры ААТ “Прыдзвінскі” аднымі з першых у раёне прыступілі да абмалоту вясковых агародаў. Пачалі з тых, якія размешчаны побач з зерневымі палеткамі гаспадарак. І такі выбар апраўданы: не трэба было двойчы ганяць магутную тэхніку ў адно і тое ж месца. “Усяго ў нашых вёсках 49 участкаў з зерневымі, 31 з іх абмалацілі, – расказала старшыня Каўлякоўскага сельвыканкама Т. А. Дзятлава. – Паскорыла работу тое, што 25 участкаў  знаходзяцца ў палях севазвароту. Думаю, вяскоўцы застануцца задаволенымі, бо атрымаюць са склада сухое і ачышчанае зерне. Засталося абмалаціць 18 агародаў у Крывым Сяле, Полькавічах і Гаравых.  З гэтай работай справімся за два дні – толькі было б сонечнае надвор’е”.
Па колькасці абмалочаных сотак лідзіруе Мікалаеўскі сельсавет. Са 129 участкаў тут убрана 73. “Азімыя зерневыя абмалацілі ў Кардоне, Ілаве, Федзькаве, Мікалавеве і Макраках, – расказаў старшыня сельвыканкама У. А. Сядлоўскі. – З КУСГП “Ульскі” выдзелілі адзін камбайн на абмалот прысядзібных участкаў. Будзем прасіць, каб камбайнер захапіў і Гусінцы, і Андрэева, бо ў СФГ “Раднік” не хапае зернеўборачнай тэхнікі – пакуль пачалі абмалот прыватных сотак толькі ў Мішкавічах”.
Па ўсім бачна, людзі задаволены жнівом на прысядзібных участках на Мікалаеўшчыне. Так, нядаўна ў рэдакцыю завітаў жыхар а.-г. Кардон Віктар Салаўёў, які прасіў падзякаваць кіраўніцтву Мікалаеўскага сельсавета і КУСГП “Ульскі” за добра арганізаваную работу: азімыя зерневыя абмалацілі ўсе, на чарзе – яравыя.
Усе сельгаспрадпрыемствы прыступілі да абмалоту прысядзібных участкаў. Выключэнне складаюць толькі “Сіроцінскі” і “Шумілінскі райаграсэрвіс”, кіраўніцтва якіх абяцала на днях прыступіць да гэтай работы.
Спрадвеку жніво для селяніна лічыцца адным з самых галоўных клопатаў. І не мае значэння, гэта гектар, два ці некалькі сотак. Усяго па раёне ў гэтым годзе 979 прыватных участкаў з зерневымі, якія займаюць 217,6 гектара. На 29 жніўня было ўбрана 335 участкаў (34% ад агульнай колькасці). Усім сельгаспрадпрыемствам рэкамендавана адзіная цана за абмалочаную сотку – адзін рубель.
Многія сельгаспрадпрыемствы прыступілі ўжо да абмалоту яравых зерневых на прыватных участках грама-дзян. Праўда, рабоце перашкодзілі дажджы. І людзі чакаюць, пакуль зерне абсохне і не спяшаюцца турбаваць сельвыканкамы. Жыхары раёна не сумняваюцца, што камбайны прыедуць на кожную сотку і кожны ўчастак з зерневымі будзе абмалочаны.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў № 68 ад 01.09.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *