В Шумилино прошла конференция работников системы образования

Актуалии Новости Образование

Якасць адукацыі: вектары развіцця і перспектывы на будучае

Менавіта пад такім дэвізам гучаў даклад начальніка аддзела адукацыі спорту і турызму райвыканкама Валянціны Мяньковай на канферэнцыі работнікаў сістэмы адукацыі раёна, якая прайшла 30 жніўня ў актавай зале Шумілінскай СШ №1.
Валянціна Васільеўна падрабязна прааналізавала вынікі работы ўстаноў адукацыі раёна за мінулы навучальны год, адзначыла, што новыя ўмовы развіцця эканомікі і грамадства прад’яўляюць новыя патрабаванні да якасці адукацыі, заўважыла, што работа аддзела, усіх устаноў адукацыі на новы 2017/2018 навучальны год планавалася, зыходзячы з гэтых патрабаванняў.
З улікам дэмаграфічнай сітуацыі працягваецца аптымізацыя сістэмы адукацыі: з 1 верасня будуць аптымізаваны 7 устаноў. Парог устаноў адукацыі пераступяць каля 2 тысяч вучняў, больш за  800 дашкольнікаў. Адукацыйны працэс будзе забяспечваць 931 работнік, з іх 444 – педагогі.  Работа ўстаноў адукацыі накіравана на забеспячэнне высокай якасці адукацыі, стварэнне ўмоў для ўсебаковага выхавання і навучання дзяцей.
У бягучым годзе у ВНУ краіны паступілі 51,4% выпускнікоў, што вышэй за паказчыкі апошніх гадоў, а ў гімназіі студэнтамі сталі 100% выпускнікоў. Па выніках рэйтынгу, які вызначаецца па 37 паказчыках, лепшымі ўстановамі адукацыі прызнаны Мішневіцкая СШ, Обальская СШ, СШ №1 г.п. Шуміліна.
Дакладчык адзначыла неабходнасць далейшай работы па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі. У ліку задач на новы навучальны год – забеспячэнне ўмоў для матывацыі навучання ў дзяцей, далейшае ўдасканаленне работы з адораным дзецьмі, павышэнне кампетэнтнасці і матывацыі педагагічных работнікаў. Усе гэтыя фактары уплываюць на вынікі работы і якасць адукацыі.
Начальнік аддзела вызначыла задачы па павышэнні ўзроўню работы педагогаў у шосты дзень, развіцці дадатковай адукацыі, пашырэнні работы па фарміраванні здаровага ладу жыцця. Для гэтага створаны ўсе умовы – працуюць цэнтр дзяцей і моладзі, фізкультурна-аздараўленчы цэнтр. На высокім ўзроўні працуюць педагогі дзіцячай юнацкай спартыўнай школы, поспехі якой адзначаны сёлета прысваеннем статуса спецыялізаванай установы алімпійскага рэзерву па грэка-рымскай барацьбе.
Вызначаны напрамкі работы па ўдасканаленні гарачага харчавання вучняў: сёлета ўсе ўстановы будуць самастойна забяспечваць дзяцей абедамі, што дазволіць палепшыць іх якасць і знізіць іх кошт.
Развіццё сістэмы адукацыі забяспечваецца стабільным бюджэтным фінансаваннем – 41,1% выдаткаў раённага бюджэту – выдаткі на адукацыю.
Выхавальнік ясляў-сада №1 Алена Красоўская падзялілася вопытам выкарыстання сучасных тэхналогій дашкольнай адукацыі ў развіцці выхаванцаў сада.
Бібліятэкар Обальскай СШ Ніна Штокіна расказала пра тое, як зрабіць прыцягальнай бібліятэку і кнігу ў цяперашні час. У школе знайшлі выхад у стварэнні інфармацыйна-бібліятэчнага цэнтра, дзе вучні і педагогі могуць шукаць інфармацыю, абменьвацца думкамі з выкарыстаннем кампьютараў, сацыяльных сетак, інтэрнэта. У бібліятэцы праводзяцца шматлікія мерапрыемствы, выставы, флэш-мобы, цікавыя для сучаснай моладзі.
Настаўнік Слабадской дзіцячы сад-сярэдняй школы Уладзіслаў Траццякоў пазнаёміў педагогаў са сваёй сістэмай работы са здольнымі вучнямі пры падрыхтоўцы да алімпіяд.
Пра ролю праектнай дзейнасці ў сістэме выхаваўчай работы расказала намеснік дырэктара СШ №1 г. п. Шуміліна Святлана Емяльянава. Першы праект “Дарогамі Перамогі” ў школе рэалізоўвалі яшчэ ў 2012-2015 гадах. Пасля былі “Раднікі духоўныя”, “Горад міру”, “Маладзёжны экспрэс” і іншыя праекты. На новы навучальны год педагогі школы прапануюць вучням праект “Акадэмія незвычайных навук”, прысвечаны Году навукі ў Беларусі.
Намеснік старшыні райвыканкама Ірына Шалахава ў сваім выступленні адзначыла важнасць работы педагогаў, якія маюць ўплыў практычна на ўсё насельніцтва раёна. Ірына Іванаўна адзначыла станоўчую работу ўстаноў адукацыі па розных напрамках, падкрэсліла, што перад педкалектывам раёна стаіць задача павышэння выніковасці навучальнай работы. Пакуль жа маем сціплыя вынікі ў прадметных алімпіядах, у тым ліку і ў гімназіі, многія школы не маюць пераможцаў нават на раённым узроўні ўжо шмат гадоў. Аддзел адукацыі павінен вызначыць прыярытэтныя накірункі работы па рашэнні праблем, падкрэсліла яна.
Ірына Іванаўна павіншавала педагогаў з пачаткам новага навучальнага года, пажадала поспехаў у рабоце, маладым спецыялістам – замацавацца ў раёне. Яна ўручыла Ганаровую грамату раённага выканаўчага камітэта настаўніку гісторыі раённай гімназіі-інтэрната Таццяне Дарафеевай.

Старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Новікава падзякавала педагогам за дасягнутыя вынікі, за захаванне традыцый адукацыі, за штодзённую карпатлівую працу. Ірына Мікалаеўна пажадала паспяховага навучальнага года педагогам, вучням і выхаванцам, настаўнікам – цярпення, мудрасці, сіл і здароўя. Старшыня раённага Савета ўручыла Ганаровую грамату раённага Савета дэпутатаў настаўніку тэхнічнай працы Амбросавіцкай дзіцячы сад-базавай школы Генадзю Шчарбакову і старшыні Светласельскага Савета дэпутатаў Віктару Шчарбакову. Віншуючы ўзнагароджаных, Ірына Мікалаеўна падкрэсліла, што Генадзь Вікенцьевіч – прыклад адданасці школе, а Віктар Вікенцьевіч – прыклад супрацоўніцтва мясцовай улады з установамі адукацыі.

Ганаровыя граматы аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама атрымалі дырэктар Мішневіцкай д/с-СШ Пётр Спірыдонаў, настаўнік працоўнага навучання Мікіціхінскай СШ Вольга Сташонак, намеснік загадычыка ясляў-сада №3 Галіна Аўтушка, выхавальнік ясляў-сада №2 Таццяна Карпенка, настаўнік замежных моў раённай гімназіі Вольга Жыгунова.
Шчырыя словы падзякі, кветкі і падарункі ад прафсаюза атрымалі педагогі-ветэраны, запрошаныя на канферэнцыю. Былі прадстаўлены і маладыя спецыялісты, якія сёлета папоўнілі рады педагогаў раёна. Са зваротам да іх выступіла дырэктар Мішкаўскай дзіцячы сад-пачатковай школы Наталля Казлоўская, якая падкрэсліла, што прафесія настаўніка вымушае не толькі вучыць, але і пастаянна вучыцца самому, каб ісці ў нагу з часам і з сучаснымі  вучнямі.
Цёпла сустракалі выхаванцаў Шумілінскага ясляў-сада №1, якія віталі ўдзельнікаў канферэнцыі. Канцэртныя нумары былі таксама падрыхтаваны работнікамі ўстаноў адукацыі раёна.
Гарачую падтрымку залы атрымалі і госці: “Тэатр моды” Віцебскага індустрыяльна-педагагічнага каледжа і ўзорны харэаграфічны ансамбль Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі “Рамонкі”.
Учора ва ўсіх школах раёна прайшлі жнівеньскія педсаветы, а сёння прагучыць першы званок, пачнецца новы навучальны год, і настаўнікі павядуць нашых дзяцей па дарозе ведаў.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў № 68 ад 01.09.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *