Прошёл семинар идеологических работников района

Актуалии Общество Президент

“З людзьмі трэба размаўляць”
У  аўторак на базе цэнтра банкаўскіх паслуг №225 ААТ “ААБ Беларусбанк” прайшоў выязны семінар ідэалагічных работнікаў і  спецыялістаў, якія адказваюць за ідэалагічную работу на прадпрыемствах і ў арганізацыях раёна. Вяла семінар начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Валянціна Навіцкая.
Ва ўступным слове Валянціна Георгіеўна расказала ідэолагам раёна, як прайшоў у нашым раёне прыём грамадзян Кіраўніком Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Наталляй Качанавай, на якія пытанні акцэнтавала ўвагу Наталля Іванаўна, якія рэкамендацыі давала ідэолагам у рабоце з людзьмі. “З людзьмі трэба размаўляць”, – яшчэ раз паўтарыла словы высокага госця В. Г. Навіцкая.
Пасля слова ў якасці гаспадара семінара ўзяла дырэктар ЦБП №225 Вольга Масько, якая расказала прысутным аб праводзімай інфармацыйна-прапагандысцкай  і культурна-масавай рабоце ў працоўным калектыве. Трэба адзначыць, што работа ў банку вядзецца планавая, мэтанакіраваная  і разнастайная, у баку не застаецца ніводны чалавек. На сённяшні дзень у банку працуюць 18 чалавек, тут трымаюць цесную сувязь з 19 ветэранамі працы. Асноўны прынцып работы з калектывам: ад увагі ўсім – да ўвагі кожнаму. Вялікую ролю ў ідэалагічнай рабоце іграюць грамадскія арганізацыі, у прыватнасці, ветэранская пярвічка, прафсаюзная арганізацыя, “Белая Русь”, “Беларускі саюз жанчын”, БРСМ.
Шмат увагі надаюць работнікі Беларусбанка здароваму ладу жыцця. Напрыклад, заключаны дагавор з фізкультурна-аздараўленчым цэнтрам на наведванне работнікамі банка заняткаў па аквааэробіцы. 50% кошту абанемента аплачвае прафсаюз. Наогул работнікі банка – пастаянныя ўдзельнікі спартыўных і іншых мерапрыемстваў.
Сёлета ў наш раён пасля заканчэння навучальных устаноў прыйшло 108 маладых спецыялістаў, паведаміў у сваім выступленні начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама В. А. Емяльянаў. Вячаслаў Анатольевіч расказаў, як наладжана работа па іх адаптацыі, як вырашаюцца пытанні па прадастаўленні першага працоўнага месца і жылля, матэрыяльным стымуляванні. Ён жа праінфармаваў прысутных і аб тым, як ідзе падрыхтоўчая работа да выбараў ў мясцовыя Саветы дэпутатаў, якія павінны прайсці не пазней 18 лютага 2018 года.
Аб арганізацыі фізкультурна-аздараўленчай работы ў працоўных калектывах раёна расказаў намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама А. У. Мазанкоў. Андрэй Уладзіміравіч пазнаёміў ідэолагаў раёна з бліжэйшымі спартыўнымі мерапрыемствамі, якія пройдуць у раёне. Так, на канец верасня запланавана правядзенне міжнароднага валейбольнага турніру памяці трэнера Анатоля Завадскага. У кастрычніку пройдзе спартакіяда сярод арганізацый і прадпрыемстваў па наступных відах спорту: валейбол, стральба, дартс, шашкі, гіравы спорт, настольны тэніс, лёгкаатлетычная эстафета.
Запрасіў Андрэй Мазанкоў і на заняткі ў ФАЦ, расказаўшы ў тым ліку і пра новыя віды паслуг цэнтра: пра адкрыццё групы аздараўленчай гімнастыкі, скандынаўскай хады, абучэння дзяцей плаванню. Дарэчы, кожную пятніцу ФАЦ праводзіць дні адчыненых дзвярэй, куды можа прыйсці любы жадаючы і пазнаёміцца з работай усіх гурткоў.
Заклікалі падпісацца на абласную газету “Віцебскія весці” журналісты выдання, якія прынялі ўдзел у рабоце семінара. Наогул пра падпісную кампанію на 4 квартал расказала начальнік паштовай сувязі Алеся Новікава. Пра работу цэнтра прававой інфармацыі, што працуе пры раённай бібліятэцы і мае на мэце аказваць інфармацыйна-прававую дапамогу ідэалагічным работнікам, праінфармавала загадчыца аддзела абслугоўвання і інфармацыі цэнтральнай раённай бібліятэкі Таццяна Сокалава.
Падагуліла работу семінара Валянціна Навіцкая, якая нацэліла ідэолагаў на плённую работу і ў дадатак пазнаёміла з анонсам раённых мерапрыемстваў да канца года, расказала, як ідзе падрыхтоўка да ўдзелу Шумілінскага раёна ў абласным фестывалі “Дажынкі-2017”. Работы шмат, заўважыла Валянціна Георгіеўна, работы сур’ёзнай і важнай, цікавай і неабходнай, той, якая робіць наша жыццё больш разнастайным, насычаным. Ідэолагі павінны быць у курсе ўсіх спраў, ісці крыху наперадзе і весці за сабой калектыў.
Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №72 ад 15.09.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *