«Шумилинский райагросервис» вырастил самый лучший рапс в районе

Актуалии Экономика

“Рапс стаіць сцяной”
У нашым  раёне ў  разгары ўборка яравога рапсу. Самы лепшы ўраджай сёлета ва УП “Шумілінскі райаграсэрвіс” – 22 цэнтнеры з гектара. Пра сакрэты вырошчвання гэтай культуры мы гутарым з галоўным аграномам гаспадаркі Міхаілам Ягоравічам Маліноўскім (на здымку).
–  Напэўна, у вас, як у вопытнага агранома, за плячыма якога больш як трыццаць гадоў стажу, ёсць нейкая асаблівая тэхналогія вырошчвання рапсу?
–  Не, тэхналогія вырошчвання гэтай культуры для ўсіх адна.  Рапс вельмі патрабавальны, нават дробныя пралікі могуць прывесці да гібелі культуры. Перш-наперш немалаважна выбраць добры папярэднік. У гэтым годзе, напрыклад, мы ўзаралі палеткі, дзе расла канюшына. На насычанай азотам глебе рапс узняўся добра. Потым мы правялі хімпраполку, апрацавалі ўсходы інсектыцыдамі супраць шкоднікаў.  Сеялі элітны гатунак  “прамень” беларускай селекцыі, які набывалі на маслаэкстракцыйным заводзе ў Віцебску. Ён не першы год апраўдвае сябе.
Вось, здаецца, і ўсе сакрэты. Самі бачыце, рапс сёлета чысты, стаіць сцяной, сцябло па вышыні месцамі амаль да двух метраў будзе.
– Колькі гектараў яравога рапсу расце сёлета на палетках райаграсэрвісу?
–  202 гектары, як і патрабавалася заданнем. Вядома, калі б ведалі, што рапс уродзіць, пасеялі больш. Самы вялікі ўраджай – 26 ц/га – атрымалі з поля ў Светласельскім, што насупраць сасонніку.
–  Важна не толькі вырасціць, але яшчэ і якасна ўбраць.
– На ўборцы яравога рапсу ў нас працуюць вопытныя механізатары – Сяргей Гоманаў і Мікалай Баранаў. На камбайны ўсталявалі рапсавыя сталы, што дазваляе пазбегнуць страт ураджаю. Механізатары выбіраюць самую аптымальную хуткасць для камбайнаў, якая дазваляе ўбіраць якасна –  чатыры кіламетры ў гадзіну. Адзін механізатар намалочвае за светлавы дзень па 6-7 бункераў, гэта прыкладна па трыццаць тон. Галоўнае – убраць без страт каштоўнае для нас “чорнае золата”, ад якога гаспадарка мае неблагі прыбытак.
– А куды збываеце абмалочанае насенне?
– На маслаэкстракцыйны завод у Віцебск. Там адна тона каштуе каля сямі тысяч рублёў. Было б менш выдаткаў, калі б наша гаспадарка мела магчымасць сушыць і ачышчаць сваімі сіламі. Але паколькі сёлета задажджыла – не паспяваем. Перш-наперш дасушваем запасы збожжа, якое знаходзіцца на тэрыторыі зернесушыльнага комплексу.
– Напэўна, дажджы перашкаджаюць і ўборцы рапсу?
– Так, прыйшлося чакаць пагодлівых дзён. У мінулыя выхадныя, калі выдаліся  сонечныя дні, працавалі да позняга. Ды і то ў нізкіх мясцінах камбайны буксавалі. Таму на палетках дзяжурыў механізатар на “Амкадоры”. Цяпер “ловім” пагодныя хвіліны, стараемся ўбіраць выбарачна.
– Дзякуй за гутарку. Поспехаў вам у рабоце.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №73 ад 19.09.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *