Мікалай Шарснёў: на месцах адсутнічае сістэмная работа

Актуалии Общество Президент

Толькі сістэмная праца дае плённыя вынікі

“Прамая лінія” старшыні аблвыканкама Мікалая Шарснёва ў мінулую суботу пачалася з падвядзення вынікаў папярэдняй тэлефоннай размовы з жыхарамі Віцебшчыны. Як паведаміла начальнік аддзела па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб аблвыканкама Ілона Шульга, з 16 даручэнняў, якія былі дадзены па пытаннях, паднятых у тэлефонных зваротах, 13 выкананы поўнасцю, яшчэ тры знаходзяцца на кантролі. Была адзначана тэндэнцыя на зніжэнне колькасці зваротаў за 9 месяцаў бягучага года на 30%. Сярод пытанняў, з якімі звяртаюцца грамадзяне ў аблвыканкам, пераважаюць пытанні жыллёва-камунальнай гаспадаркі, працоўнага заканадаўства, стану дарог і жыллёвага права грамадзян.
Дарэчы, гэтыя напрамкі былі асноўнымі і ў ходзе прайшоўшай “прамой лініі”. Трэць усіх праблем, з якімі звярнуліся да Мікалая Шарснёва жыхары Віцебшчыны, тычылася пытанняў жыллёва-камунальнай гаспадаркі, а дажджлівае надвор’е вызначыла і праблему, характэрную для панельных будынкаў – зацяканне сценавых швоў. Тэлефанаванні са скаргамі былі з Віцебска, Полацка, Оршы, Глыбоцкага раёна.
Некалькі тэлефанаванняў былі са скаргамі на стан дарог, вуліц і пад’езадаў да могілак.  Людзі прасілі кіраўніка вобласці дапамагчы з працаўладкаваннем і рашэннем жыллёвай праблемы, скардзіліся на медыцынскае і гандлёвае абслугоўванне.
Кожнага заяўніка старшыня аблвыканкама ўважліва слухаў, пытанні адразу ж удакладняліся з кіраўнікамі мясцовых выканкамаў, якія тлумачылі сітуацыю, атрымлівалі даручэнні па рашэнні праблем жыхароў. Шэраг пытанняў быў адрасаваны спецыялістам абласных службаў.
Падводзячы вынікі тэлефоннай размовы, Мікалай Шарснёў адзначыў, што такія размовы кожны раз пацвярджаюць: на месцах адсутнічае сістэмная работа, службы працуюць у “пажарным” парадку. Калі чалавек звяртаецца ў аблвыканкам з такімі дробнымі пытаннямі, што гучалі падчас “прамой лініі” – гэта прамая недапрацоўка на месцах. Часта праблема ўзнікае ад таго, што чалавека не выслухалі, адштурхнулі, замарудзілі рашэнне пытання.
Старшыня аблвыканкама прывёў прыклад з тымі ж сценавымі швамі – праблема ёсць паўсюдна, а сістэмнай работы па яе рашэнні няма нідзе. Трэба планаваць гэтую работу наперад і выконваць яе ў поўным аб’ёме, а не працаваць толькі па скаргах, трэба запытаць будаўнікоў і камунальнікаў за якасць работы, падкрэсліў кіраўнік вобласці. Толькі сістэмная работа дасць плённы вынік і дазволіць пазбегнуць скаргаў людзей.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №79 ад 10.10.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *