В Шумилинском районе под кукурузой занято 2133 гектара

Актуалии Экономика

Асноўны клопат – уборка кукурузы

У гэтым годзе ў раёне 2133 гектары палеткаў засеяны кукурузай. Напрыканцы мінулага тыдня было ўбрана 17% плошчаў.
Уборка кукурузы сёлета стала сапраўдным выпрабаваннем на прафесійнасць, цярплівасць і вынослівасць механізатараў і вадзіцеляў. На некаторыя палеткі ў пачатку мінулага тыдня ўвогуле не змаглі заехаць – нават самая магутная тэхніка буксавала пасля вялікіх дажджоў. Пашанцавала тым, у каго палеткі размешчаны на больш-менш высокіх месцах. Такое мы знайшлі за вёскай Пабеда УП “Шумілінскі райаграсэрвіс”. Тут нават пасля ліўня, які прайшоў напярэдадні ноччу, бурліла работа: працаваў кормаўборачны камбайн, адзін трактар вёз здробненую кукурузу да сянажнай траншэі, наступны загружаўся. Кукуруза на полі была няроўнай: месцамі ў рост чалавека, а месцамі і зусім нізкай.
“Убіраем кукурузу выбарачна –  спачатку на ўзгорках, а нізіны пакідаем да лепшых часоў, –  расказаў механізатар Уладзімір Матузаў. – Выбралі самае лепшае поле, але і тут месцамі КВК буксуе – яго прыходзіцца “Кіраўцу” браць на буксір”.
Уладзімір Матузаў за рабочы дзень паспявае здрабніць 250 тон кукурузы. І гэта, на думку механізатара, не самы лепшы вынік. Сёлета ўраджайнасць кукурузы не вельмі радуе – 115 цэнтнераў з гектара. У мінулым годзе было ўдвая больш.
Кукуруза не набрала сілы, бо першая палова лета была халоднай. Агранамічная служба райаграсэрвісу бачыць вялікі мінус і ў тым, што вясной не хапала азотных угнаенняў. А без іх кукуруза расце слаба.
Тым не менш галоўны клопат зараз – убраць трыста гектараў кукурузы на сілас да маразоў. Кожная кармавая адзінка на асаблівым рахунку. На 16 кастрычніка механізатары УП “Шумілінскі райаграсэрвіс”  убралі 124 гектары кукурузы (41% да патрэбнага).
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №81 ад 17.10.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *