Доска почёта Шумилинского района: Дмитрий Зубарев

Актуалии Безопасность Общество

Паспрабаваў. І ў яго атрымалася

Прозвішча Дзмітрыя Мікалаевіча Зубарава, участковага інспектара міліцыі аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС, капітана міліцыі, занесена на раённую Дошку гонару. Такая пашана – за добрую работу і стараннасць, за дапамогу людзям. Мы гутарым з Дзмітрыем Зубаравым пра яго службу ў РАУС, пра поспехі і праблемы ў рабоце.
–  Дзмітрый Мікалаевіч, як вы апынуліся на службе ў раённым аддзеле ўнутраных спраў?
– Прызнацца, не думаў, што буду працаваць у міліцыі. У Віцебскім дзяржаўным універсітэце атрымаў спецыяльнасць “гісторыя і сацыяльна-палітычныя дысцыпліны”. Якраз падчас заканчэння маёй вучобы ў раённы аддзел унутраных спраў патрабаваліся спецыялісты. Па ўсіх параметрах я падыходзіў. Вось і вырашыў: паспрабую. І ў мяне атрымалася. Вось ужо амаль восем гадоў працую ўчастковым. Спачатку ў маім падначаленні быў адміністрацыйны ўчастак Сіроцінскага сельсавета, а зараз яшчэ і Мішневіцкага.
– Ці лёгка быць участковым на радзіме – у аграгарадку Мішневічы?
– Калі шчыра, то не вельмі хацеў працаваць на гэтым адміністрацыйным участку. Але што зробіш – участковых не хапае. З аднаго боку, мне лягчэй у тым плане, што ведаю ў Мішневічах усіх людзей і магу прадбачыць, хто здольны здзейсніць правапарушэнне. У той жа час цяжка прыцягваць да адказнасці свайго знаёмага ці суседа. Да таго ж, не ўсе разумеюць простую ісціну: закон – ёсць закон.
– Колькі населеных пунктаў на вашым адміністрацыйным участку?
– Аграгарадкі Мішневічы і Слабада і яшчэ 50 вёсак, у якіх пражывае каля дзвюх тысяч чалавек. Самая далёкая вёска – Запалянка, да яе з райцэнтра з паўсотню кіламетраў будзе.
– А што ўваходзіць у сферу вашай дзейнасці?
– Абавязкаў ва ўчастковага налічыцца з сотню. Асноўныя з іх – гэта ахова бяспекі грамадзян на адміністрацыйным участку, прафілактычныя гутаркі з насельніцтвам, раскрыццё адміністрацыйна-прававых парушэнняў. Рэгулярна аб’язджаю тэрыторыю, сустракаюся з жыхарамі вёсак, разглядаю іх заявы па фактах, якія ўтрымліваюць прыкметы адміністрацыйнага правапарушэння або злачынства.  Участковага рэгулярна бачаць уладальнікі паляўнічай і траўматычнай зброі, якую ў абавязковым парадку трэба правяраць адзін раз у год.
– А як часта людзі звяртаюцца да ўчастковага?
– Даволі часта. Можна сказаць, кожны дзень. Грамадзяне звязваюцца са мной напрамую – тэлефануюць на мабільнік. Расказваюць пра свае праблемы і беды. Многа зваротаў па розных бытавых сварках, скандалах, крадзяжах. Часам вяскоўцы задаюць пытанні, якія зусім не адносяцца да кампетэнцыі супрацоўнікаў РАУС. У такім разе падказваю, да якога спецыяліста і ў якую арганізацыю можна звярнуцца.
–  Што самае цяжкае ў рабоце?
– Напэўна, даказаць чалавеку, што ён паступіў няправільна. Чыста з псіхалагічнага боку самае цяжкае – мець ідэальнае цярпенне. Часам яго не хапае. Асабліва ў такіх выпадках, калі наведваеш сем’і, у якіх бацькі п’юць, а дзеці галодныя. Калі дзеці, якіх забіраюць у прытулак, плачуць, крычаць, просяцца да мамкі, а тая ў п’яным угары і не разумее, у чым сэнс справы – вось тады сапраўды цяжка на душы.
–  Ці часта ў вашай практыцы здараюцца незвычайныя выпадкі?
– Не столькі незвычайныя, колькі кур’ёзныя. Напрыклад, вясковец патэлефанаваў і паведаміў, што на ягоны агарод прыляцелі прышэльцы. Яшчэ адна жыхарка напісала заяву ў міліцыю з той нагоды, што ў яе сусед купіў самагон, а грошы, абяцаныя прынесці заўтра, так і не вярнуў. У выніку на жанчыну быў складзены адміністрацыйны пратакол за продаж самагону.
– Як і раней, так і сёння, участковы інспектар – незаменны. Ці раіце вы хлопцам звязаць сваё жыццё з аховай грамадскага парадку?
– А чаму ж не? Галоўнае – гэта мець жаданне працаваць і дапамагаць людзям, а ўсяму астатняму можна навучыцца. Тым больш, што для пасады ўчастковага дастаткова любой вышэйшай адукацыі. Чакаю маладых калег, з задавальненнем падзялюся сваім вопытам работы.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №82 ад 20.10.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *