С начала года в ДТП на территории района погибло 5 человек, 19 — ранены

Актуалии Безопасность Общество

5 чалавек загінула, 19 паранена
На працягу лістапада ў раёне праходзіць месячнік бяспекі дарожнага руху. Супрацоўнікі дарожна-патрульнай службы працуюць ва ўзмоцненым рэжыме, сумесна з ДАІ Упраўлення ўнутраных спраў аблвыканкама праводзяць рэйды на дарогах.
Сітуацыя на дарогах трывожная. Толькі за першыя паўтара тыдня лістапада ў раёне адбыліся дзве аварыі. Каля Язвіна пад коламі аўтамабіля загінула жанчына. У Шуміліне на аўтадарозе Віцебск-Полацк на жанчыну наехаў МАЗ. Пацярпелая ад атрыманых траўм памерла.
Усяго сёлета ў раёне адбылося 10 ДТЗ (5 чалавек загінула, 19 паранена). На жаль, гэтыя сумныя лічбы перавышаюць мінулагодні ўзровень: летась на дарогах раёна загінуў адзін чалавек, 16 было паранена.
Самымі небяспечнымі ў раёне застаюцца ўчасткі дарогі Р-20 каля  Язвіна і Мікіціхі, а таксама аўтадарога Гарадок-Ула-Камень. Менавіта тут за апошнія пяць гадоў часцей за ўсё адбываліся дарожна-транспартныя здарэнні.
Зараз рана цямнее. Большасць з нас ідзе па-цёмнаму  на работу і з работы. Але пры гэтым не ўсе помняць, што трэба абазначыць сябе святловяртальнымі элементамі. Падчас рэйдаў, якія праводзілі на вуліцах райцэнтра, Мікіціхі, Обалі, Язвіна, убачылі, што далёка не ўсе думаюць пра ўласную бяспеку. Між тым, сёлета за адсутнасць святловяртальных элементаў аштрафавана амаль паўтары сотні чалавек. Штраф за адсутнасць флікера складае ад адной да трох базавых велічынь. А калі чалавек пры гэтым яшчэ і п’яны (такім ён лічыцца пры 0,3 праміле і больш), то штраф будзе ад трох да пяці базавых велічынь.
На прадпрыемствах раёна выдаюць спецадзенне з флікерамі.  Але многія гэтае спецадзенне не носяць. Менавіта такая сітуацыя склалася на Обальскім керамічным заводзе. Тут каля шасцісот работнікаў, але многім з іх прыйшлося плаціць штраф за адсутнасць флікера. А спецадзенне пры гэтым пылілася ў шафе.
Падчас месячніка асаблівая ўвага ўдзяляецца веласіпедыстам і возчыкам. Ім рэкамендуецца рухацца ў святловяртальных камізэльках. Дзеля іх жа бяспекі і здароўя, а не таму, што гэта  патрэбна дарожна-патрульнай службе. Веласіпедыстам трэба памятаць, што ехаць трэба на адлегласці аднаго метра ад краю праезнай часткі і ні ў якім разе не насустрач руху.
І апошняе. Па пытаннях пераходу дарогі. Вадзіцелі (дарэчы, як і пешаходы) –  людзі розныя. Адзін строга прытрымліваецца правілаў дарожнага руху, а другі ігнаруе. Адзін уважлівы, а другі не захоўвае хуткасны рэжым. Можа быць за рулём і п’яны. Таму перш за ўсё пра бяспеку пешаходаў павінны паклапаціцца самі пешаходы. Пажадана спыніцца перад пешаходным пераходам і ўпэўніцца, што машына, якая павінна вас прапусціць (так бывае ў ідэале), сапраўды спынілася, і толькі тады прадоўжыць рух. Такім элементарным правілам бяспекі  дарослыя павінны навучыць і сваіх дзяцей.
М. ГАРАЛЕВІЧ, начальнік ДАІ РАУС.
Надрукавана ў №90 ад 22.11.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *