Происшествия. Криминал

Происшествия

Здарэнні. Крымінал
Пра здарэнні ў раёне расказаў намеснік начальніка РАУС Аляксандр Шумінскі.

“Форд”
Жыхар в. Прыазёрная звярнуўся ў РАУС з той нагоды, што са двара ягонага дома быў ўкрадзены аўтамабіль “Форд”. У супрацоўнікаў РАУС праз некалькі хвілін ужо быў падазроны – раней судзімы жыхар Наваполацка, які напярэдадні пабываў у гасцях у пацярпелага. Ён і прыхапіў ключы ад аўтамабіля. Супрацоўнікі РАУС знайшлі ліхадзея на чужым аўто ў Наваполацку. “Форд” вернуты гаспадару, а супраць новапалачаніна ўзбуджана крымінальная справа. Яму пагражае пазбаўленне волі ад 2 да 7 гадоў з канфіскацыяй маёмасці або без канфіскацыі.
Кантэйнеры
УП ЖКГ заключыла дагавор з прыватным унітарным прадпрыемствам Полацка на пакупку еўракантэйнераў. Папярэднюю аплату палачане ўзялі, а ніводнага кантэйнера так і не даставілі. Пракурорам Шумілінскага раёна прынята рашэнне аб узбуджэнні крымінальнай справы па арт. 210 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь “Крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі”. Махлярам пагражае пазбаўленне волі ад 5 да 12 гадоў.
Снарады
На полі ля в. Дворышча знойдзены два снарады часоў Вялікай Айчыннай вайны. Сапёры, што былі выкліканы з Віцебска, снарады абясшкодзілі і знішчылі.
Прэвентыўны нагляд
За незахаванне патрабаванняў прэвентыўнага нагляду супраць жыхара райцэнтра ўзбуджана крымінальная справа. Знаходзячыся пад наглядам, мужчына здзейсніў правапарушэнне: пранік у чужы дом у Шуміліне і ўкраў асабістыя рэчы гаспадыні дома. Мужчыну пагражае арышт або пазбаўленне волі да аднаго года.

Са зводак ДАІ
Няшчасны выпадак
На аўтадарозе Р-20 (у Мікіцісе, насупраць чыгуначнай станцыі) віцяблянін на “Пежо” збіў жанчыну, якая пераходзіла праезную частку па нерэгулюемым пешаходным пераходзе. 48-гадовая жанчына атрымала цяжкія цялесныя пашкоджанні і была дастаўлена ў бальніцу. Выратаваць пацярпелую не ўдалося. Падрабязнасці наезду на жанчыну высвятляюцца.
На трактары
Супрацоўнікі ДАІ спынілі ў Мікалаеве мясцовага жыхара, які ехаў на самаробным трактары і пры гэтым не меў правоў кіравання, рэгістрацыі і страхоўкі. Знешне ў мужчыны былі прыкметы алкагольнага ап’янення. Калі гэта будзе пацверджана заключэннямі па выніках біяаналізаў, то супраць мужчыны, які паўторна на працягу года сеў за руль п’яным, будзе ўзбуджана крымінальная справа.

Са Следчага камітэта
Аліменты
Жыхарка Язвіна чатыры разы прыцягвалася да крымінальнай адказнасці за нявыплату грашовых сродкаў на ўтрыманне дзяцей. На сённяшні дзень доўг складае больш за 5 тысяч рублёў.   Як паведаміў намеснік начальніка раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь Вадзім Сапега, па дадзеным факце РАСК зноў узбудзіў  крымінальную справу.
Банкаўская картка
РАСК узбудзіў крымінальную справу па факце крадзяжу больш чым 450 рублёў з банкаўскай карткі, якая належала жыхару райцэнтра. Следчымі ўстаноўлены асобы, якія могуць мець адносіны да злачынства. Вядзецца следства.
Падрыхтавалі Ларыса ЗАЙЦАВА і Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №83 ад 24.10.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *