Лёс Шумілінскага райпо і вясковага гандлю

Актуалии Новости Экономика

Лёс Шумілінскага райпо і вясковага гандлю

Напэўна, ўжо не з’яўляецца ні для каго сакрэтам, што сістэма спажывецкай кааперацыі ў нашым раёне знаходзіцца ў стадыі глыбокай дэпрэсіі, і пачалася яе рэарганізацыя. І ў насельніцтва, і ў кіраўніцтва раёна сабралася вялікая колькасць пытанняў да абласнога саюза спажывецкіх таварыстваў, райспажыўтаварыства, і наогул да сістэмы кааператыўнага гандлю. На мінулым тыдні ў райвыканкаме прайшла рабочая нарада, у якой бралі ўдзел старшыня райвыканкама Аляксандр Снараў, старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Новікава, намеснік старшыні райвыканкама Таццяна Вараб’ёва, начальнік аддзела эканомікі райвыканкама Галіна Калыхан – з аднаго боку і старшыня аблспажыўсаюза Аляксандр Пуцята, старшыня Бешанковіцкага райспажыўтаварыства  Галіна Галенка і выконваючая абавязкі старшыні Шумілінскага райспажыўтаварыства Наталля Карпава – з другога. Галоўнай тэмай размовы стаў лёс Шумілінскага райспажыўтаварыства і гандлёвае абслугоўванне насельніцтва раёна, асабліва сельскага.
Кіраўніцтва раёна адзначыла, што ўзровень работы кааператыўнага гандлю ў раёне ўпаў: у агульным аб’ёме тавараабароту доля райпо знізілася да 14%, колькасць закрытых магазінаў ідзе на дзясяткі, узнікаюць пытанні па забяспячэнні насельніцтва таварамі паўсядзённага попыту. “Хацелася б пачуць ад кіраўніцтва аблспажыўсаюза меркаванні і планы наконт далейшага лёсу сістэмы кааператыўнага гандлю ў нашым раёне, асабліва ўлічваючы той факт, што ў сельскай мясцовасці райспажыўкааперацыя застаецца на вядучых ролях”, – падкрэсліў Аляксандр Снараў.
Аляксандр Пуцята пацвердзіў, што Шумілінскае райпо фактычна апынулася ў сітуацыі банкруцтва, таму зараз ідзе ўпарадкаванне ўсіх спраў, улік актываў, падрыхтоўка да афіцыйнага абвяшчэння працэдуры  банкруцтва, на што патрэбна некалькі месяцаў. Шумілінскаму райпо пакінулі некалькі магазінаў у райцэнтры, каб даць магчымасць распрадаць акцызныя тавары і мець сродкі на бягучыя расходы. Але, як сказаў кіраўнік аблспажыўсаюза, галоўную задачу абласны саюз бачыць у тым, каб захаваць прысутнасць спажывецкай кааперацыі ў Шумілінскім раёне праз перадачу гандлёвых аб’ектаў ад Шумілінскага да Бешанковіцкага райспажыўтаварства. У аблспажыўсаюзе разумеюць сацыяльную функцыю, якую выконвае спажывецкі гандаль на сяле. Было сказана, што такая сітуацыя склалася яшчэ ў некалькіх раёнах, і там яна вырашаецца такім жа шляхам.
На нарадзе быў дэталёва разгледжаны комплекс пытанняў і прыняты рашэнні, якія б праяснілі і канкрэтызавалі сітуацыю, не пагоршылі становішча насельніцтва, асабліва вясковага. “У першую чаргу, людзей і кіраўніцтва раёна хвалюе закрыццё магазінаў нават у буйных населеных пунктах, дзе пражывае ад ста да трохсот пяцідзесяці чалавек – Прыазёрная, Язвіна, Лескавічы, Пабеда, Грудзінава, востра паставілі пытанне па магазіну жыхары Казьян і навакольных вёсак, гэтыя ж пытанні таксама непакояць жыхароў маланаселеных і аддаленых вёсак”, – адзначыла Ірына Новікава.
Стацыянарныя магазіны. Прадстаўнікі спажыўкааперацыі патлумачылі, што сітуацыя з гандлёвым абслугоўваннем насельніцтва ў населеных пунктах раёна была падрабязна вывучана, прынята рашэнне, што там, дзе існуе моцны прыватны гандаль, дзе з-за канкурэнцыі пазіцыі райпо страчаны, магазіны райспажыўтаварыства будуць зачынены. Бешанковіцкае райпо не возьме на абслугоўванне магазіны ў Обалі, Мікіцісе, Шуміліне. Шэраг магазінаў не працуюць з-за адсутнасці прадаўцоў, і знайсці кадры Шумілінскаму райпо не ўдалося (Прыазёрная, Язвіна). Калі вырашыцца пытанне з кадрамі, то можна будзе весці гаворку пра адкрыццё некаторых магазінаў. Што тычыцца магазіна ў Казьянах, то там малы гандлёвы абарот, які не забяспечвае акупнасць гандлёвай кропкі, таму гэтая зона будзе абслугоўвацца аўтамагазінам.
Пасля вострага абмеркавання бакі дамовіліся пра адкрыццё магазінаў пры наяўнасці прадаўцоў спачатку ў Язвіне, Прыазёрнай, Пабедзе, пазней – у Лескавічах. Будзе вывучана магчымасць адкрыцця магазіна ў Грудзінаве.
Аўтамагазіны. Аляксандр Пуцята і Галіна Галенка падкрэслілі, што ў тых жа Казьянах, Цаўях гандлёвае абслугоўванне будзе ажыццяўляцца аўтамагазінамі. Можна зразумець мясцовых жыхароў, якія прывыклі мець магчымасць у любы момант схадзіць у магазін, але эканамічнай мэтазгоднасці на іх утрыманне няма. Ставіцца задача, каб аўтамагазіны мелі годны асартымент і дастатковую колькасць тавараў на ўвесь маршрут. Кіраўнік райспажыўтаварыства сказаў, што раён да чатырох аўтамагазінаў, якія ёсць, атрымае яшчэ два сучасныя аўтамабілі са спецыяльным гандлёвым і халадзільным абсталяваннем. Гэта дазволіць забяспечыць усе маршруты, там, дзе будзе большы попыт, можна будзе павялічыць частату абслугоўвання. Пакуль што графікі і маршруты знаходзяцца ў стадыі адпрацоўкі, і могуць узнікаць пэўныя недарэчнасці. Бешанковіцкае райпо гатова перагледзець графікі работы аўтамагазінаў з улікам прапаноў сельвыканкамаў.
Грамадскае харчаванне. Захаваць аб’екты грамадскага харчавання не плануецца, адзначыў кіраўнік аблспажыўсаюза. Шумілінскае райпо гатова здаць у арэнду ці прадаць “Блюз”, сталовая “Дабееўскі мох” пакуль працуе.
На пытанне аб захаванні буфета ў цэнтральнай бальніцы прагучала абяцанне вырашыць яго станоўча, бо гэты аб’ект можа быць прыбытковы пры наяўнасці належнага асартыменту, які будзе забяспечвацца з Бешанковічаў.
Лёс закрытых магазінаў. Як адзначыў кіраўнік аблспажыўсаюза Аляксандр Пуцята, Шумілінскае райпо гатова разгледзець любыя прапановы па арэндзе ці продажы гандлёвых аб’ектаў як у гарадскіх пасёлках, так і ў сельскай мясцовасці. Так, ужо ёсць дамоўленасці з такімі вядомымі брэндамі як “Остров чистоты”, “Лагуна” (“АМИ мебель”), некаторымі іншымі. Устаноўлены прымальныя тарыфы на арэнду. Любыя камерцыйныя структуры, індывідуальныя прадпрымальнікі могуць звяртацца са сваімі прапановамі ў райспажыўтаварыства, яны будуць разгледжаны.
Наогул, як сказала старшыня Бешанковіцкага райспажыўтаварыства Галіна Галенка, яна супраціўляецца павелічэнню колькасці магазінаў таму, што трэба ствараць сучасныя гандлёвыя аб’екты, прывабныя і зручныя для пакупнікоў і работнікаў гандлю. Многія ж шумілінскія магазіны маюць непрывабны выгляд, іх трэба рамантаваць, даводзіць да толку, і паступова гэта будзе рабіцца, але прадпрыемства не мае сродкаў, каб паправіць усё разам. Да таго, трэба аператыўна вырашаць пытанні з рамонтам печаў, падвозам дроў у магазіны, іншыя неадкладныя праблемы.
Яна запэўніла кіраўніцтва раёна, што Бешанковіцкае райпо будзе працаваць над асартыментам аўтамагазінаў, каб пакупнікі былі задаволеныя. Калі людзі атрымаюць у аўтамагазіне ўсе неабходныя тавары, яны не будуць шкадаваць аб зачыненым магазіне.
Першы месяц работы магазінаў, якія ўжо перайшлі ў падпарадкаванне Бешанковіцкага райспажыўтаварыства, паказаў, што там палепшыўся асартымент, знізіліся цэны, і прадаўцы, і, самае галоўнае, пакупнікі задаволены. А менавіта гэта, як падкрэслівалася не адзін раз падчас нарады, з’яўляецца галоўным – забяспечыць належны ўзровень гандлёвага абслугоўвання насельніцтва раёна.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №83 ад 24.10.2017 г.



1 комментарий по теме “Лёс Шумілінскага райпо і вясковага гандлю

  1. Слово то какое «Банкрутства»…таже участь буде и с районом,да и «страны» в целом…РЫБА ГНИЕТ С ГОЛОВЫ

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *