Отличный вкус шумилинских сыров

Экономика

Смак шумілінскіх сыроў
Прадукцыя  шумілінскага вытворчага цэха ААТ “Малако” карыстаецца попытам сярод пакупнікоў, сцвярджаюць мясцовыя сыраробы. А ўсё таму, што вырабляецца яна па традыцыйнай тэхналогіі, без штучных араматызатараў і іншых дабавак. Сыр робяць выключна з цэльнага малака, а гэта робіць яго не толькі смачным, але і карысным для здароўя.
Сёння ў вытворчым цэху працуе каля 150 чалавек. Задача прадпрыемства: перапрацоўка малака і выраб сыроў. Малако пастаўляюць дзесяць сельгаспрадпрыемстваў раёна – гэта прыкладна пяцьдзясят тон за дзень. Яшчэ столькі ж прывозяць  з Новалукомля, Гарадка і Лёзна. Як адзначаюць тэхнолагі, апошнім часам малако ідзе добрай якасці. Напрыклад, з сельгаспрадпрыемстваў нашага раёна 55%  паступае гатункам “экстра-клас”, астатняе – вышэйшым.
“У гэтым годзе наш цэх выпусціў 1700 тон сыру, – расказаў начальнік цэха А. А. Мейсак. – Калі раней былі часовыя цяжкасці з рынкам збыту, то цяпер завод працуе роўна і стабільна. Кожныя суткі мы вырабляем па дзевяць тон сыру, які адпраўляем на ААТ “Малако” ў Віцебск. Рынак збыту – усе гарады Беларусі, значная частка прадукцыі ідзе ў Расійскую Федэрацыю. Там даўно ацанілі смак нашага сыру. Мы стараемся: захоўваем усе тэхналагічныя працэсы, каб наша прадукцыя не саступала самым лепшым еўрапейскім узорам”.
Рынак малочнай прадукцыі зараз даволі насычаны. І каб шумілінскім сыраробам вытрымаць канкурэнцыю, трэба прапаноўваць пакупнікам прадукцыю самай высокай якасці з экалагічна чыстай сыравіны і ў шырокім асартыменце. Па словах спецыялістаў, гэта ўдаецца дзякуючы наладжанай сістэме менеджмента бяспекі харчовых прадуктаў, укараненню міжнародных стандартаў якасці.
У сыраробаў адладжаная праграма  выпуску розных гатункаў прадукцыі, якія перспектыўныя сёння і заўтра (сыраробы ў гэтым упэўнены – аўт.) прынясуць немалы прыбытак.  “Мы вырабляем больш за дзесяць гатункаў розных сыроў, – расказала інжынер-тэхнолаг цэха Л. М. Пракопчык.  – Разам з традыцыйнымі “галандскім” і “расійскім”, “кастрамскім” і “пашахонскім”, адносна новымі – “слівачным” і “сметанковым”,  тэрмін выспявання якіх 60 сутак, выпускаем і так званыя хуткаспелыя сыры, якія праз 5-10 дзён ужо адправяцца да свайго пакупніка. Маюцца на ўвазе гатункі “галандскі-юніёр”, “цільзіцкі”, “паўночнадзвінскі”.
У вытворчым цэху стараюцца задаволіць попыт розных пакупнікоў, нават самых капрызных, якія, скажам, сядзяць на дыетах. Такія шукаюць на прылаўках магазінаў малатлустыя сыры: “дыетычны”, “палескі”, “элегантны”. Сыраробы пахваліліся, што асвоілі і новы від сыру –  “рускі эліт”, які хутка з’явіцца ў продажы. “У гэтага гатунку сапраўдны сырны смак, – кажа Ларыса Мікалаеўна. – Думаем, ён хутка знойдзе свайго пакупніка. А ўвогуле для чалавека любы сыр карысны. Ён валодае ўнікальнымі харчовымі якасцямі, бо ў ім спалучаюцца калій, кальцый, натрый, фосфар і іншыя мінеральныя рэчывы”.
Начальнік цэха А. А. Мейсак лічыць, што ўсе поспехі прадпрыемства – у працавітых і адказных работніках. А такіх нямала. Так, напярэдадні свята  сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці граматамі ААТ “Малако” ўзнагароджаны майстар-сырароб Ірына Сідарэнка і электраманцёр Юрый Пракопчык, падзякамі – сыраробы Ала Халмачова, Наталля Бычкова і Людміла Віткоўская, вадзіцель Цімафей Міраненка, слесар кацельні Уладзімір Гарцаў, лабарант хімбаканалізу Таццяна Суворава, таваразнаўца Марына Сяргеева, слесар-сантэхнік Сяргей Глазуноў.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №91 ад 25.11.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *