На маршруце – Сяргей Шніпаў

Актуалии Общество

На маршруце – Сяргей Шніпаў

Многія, хто карыстаецца грамадскім транспартам, маюцца на ўвазе рэйсавыя аўтобусы, ведаюць гэтага сціплага і спагадлівага вадзіцеля. Сапраўды, за чатыры гады работы Сяргей Шніпаў, вадзіцель аўтастанцыі Шуміліна аўтапарка №2 г. Полацка, на аўтобусе МАЗ 256 аб’ехаў увесь раён уздоўж і ўпоперак, пабываў на ўсіх маршрутах, ведае ў твар сваіх пастаянных пасажыраў. І зарэкамендаваў сябе як прафесіянал, акуратны і ўважлівы на дарозе вадзіцель, з якім спакойна і ўпэўнена можна адпраўляцца ў самы далёкі шлях.
“Сяргей Фірсавіч Шніпаў – адзін з лепшых вадзіцеляў, – кажа начальнік аўтастанцыі Шуміліна Вячаслаў Багданаў. – Граматны, ветлівы, надта адказны. Ён з усімі пасажырамі, нават самымі неўтаймаванымі, знаходзіць агульную мову. Сталыя людзі дык наогул яму часта выказваюць падзякі, маўляў, вельмі добры і спагадлівы ён чалавек, паважае старасць, спыняецца, можна сказаць, па першым патрабаванні. У калектыве яго таксама вельмі цэняць”.
Сяргей Фірсавіч ніколькі не ўтойвае, што любіць сваю справу, любіць тэхніку, любіць тое, што робіць. Ён бачыць шмат плюсаў у рабоце. Жартуе, што не кожнаму шанцуе мець работу літаральна пад вокнамі кватэры – жыве побач з аўтастанцыяй. Задавальняюць умовы і рэжым работы, тэхніка, калектыў, заробак.
Работа вадзіцеля рэйсавага аўтобуса  не з лёгкіх. У іх напружаны графік работы, напрыклад, С. Ф. Шніпаву на гэтым тыдні ў суботу трэба зрабіць за дзень пяць рэйсаў. У сераду першы рэйс на Дубраўскія прыпаў на 6.30 раніцы, у пятніцу на Крывое Сяло – у палову дзявятага вечара. І так з дня ў дзень, круглы год. Ды і з пасажырамі трэба ўмець ладзіць і кантактаваць. Тут часам і псіхолагам даводзіцца быць, і медыкам, і проста слухачом і дарадцам. А пра адказнасць я наогул маўчу: людзей прыходзіцца везці, таму заўсёды варта быць асабліва пільным і асцярожным.
С. Ф. Шніпаў – першакласны вадзіцель, у яго вадзіцельскіх правах адкрыты ўсе магчымыя катэгорыі. А вывучыўся на шафёра ён яшчэ да арміі, правы атрымаў у школе ДТСААФ. І таго часу – а гэта больш за трыццаць год – з баранкай не развітваецца.
За добрасумленную працу і адказныя адносіны да работы з нагоды  прафесійнага свята – Дня аўтамабіліста – Сяргей Фірсавіч Шніпаў узнагароджаны граматай галаўнога прадпрыемства. Ён гэтага заслужыў. І мы яго з гэтым віншуем.
Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №84 ад 27.10.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *