Криминал. Происшествя: с начала купального сезона утонули пять человек

Актуалии Происшествия

Трагедыі на вадзе
У нашым раёне сёлета патанулі пяць чалавек. Прычым, большасць з іх палезлі купацца ў рэчку ці возера ў нецвярозым стане. Нядаўна ў Мішневічах патанула двое мужчын: аднаму з іх было сорак гадоў, другому – трыццаць адзін. Ніякіх прыкмет насілля на іх целах не знойдзена. Патанулі самі, калі купаліся ў Абалянцы…
Цяляты
Са статку жывёлы, які кругласутачна пасвіцца на полі непадалёк ад вёскі Валатоўкі, не далічыліся двух цялят. Украў іх раней судзімы жыхар Заобалі. Як ён патлумачыў у сваіх паказаннях, цялят прадаў незнаёмым людзям.
Гэта не адзіная яго кража, раней ён вынес з дачы ў в. Андрэеўка чатыры алюмініевыя бітоны. Злодзей затрыманы і заключаны пад варту. Па абодвух крадзяжах супраць яго ўзбуджана крымінальная справа.
Грабежнік
У ходзе расследавання адной з крымінальных спраў міліцыянеры раскрылі грабеж. У доме пенсіянера з Мікіціхі пабываў мясцовы жыхар, адабраў у састарэлага 20 тысяч рублёў. Грабежнік затрыманы, супраць яго ўзбуджана крымінальная справа.
Мабільнік
У РАУС звярнулася жыхарка в. Полькавічы. На прылаўку мясцовага магазіна яна пакінула свой мабільны тэлефон, які нехта прыбраў да рук. Хутка пасля крадзяжу ў міліцыю з павіннай прыйшоў жыхар гэтай жа вёскі і расказаў, што гэта ён узяў мабільнік. Тэлефон пацярпелай вярнулі. Добраахвотнае прызнанне мужчыны ўлічылі – супраць яго не ўзбудзілі крымінальную справу.
Снарад
На полі за два кіламетры ад Ілава вяскоўцы знайшлі снарад часоў Вялікай Айчыннай вайны. Пра небяспечную знаходку паведамілі ў міліцыю. Група размініравання, што прыехала з Віцебска, абясшкодзіла снарад.
Злачынствы
Сёлета па лініі ўсіх службаў РАУС зарэгістравана 152 злачынствы, у тым ліку 112 па лініі крымінальнага вышуку. За мінулыя паўгода ў раёне адбыўся адзін разбой, два цяжкія цялесныя пашкоджанні (усе раскрыты).
Атручванне
На Купалле ў рэанімацыйнае аддзяленне райбальніцы быў дастаўлены 13-гадовы хлапчук. Дыягназ: алкагольнае атручванне. Дзе і з кім падлетак піў спіртныя напоі, высвятляюць міліцыянеры.
На мапедзе
Непрацуючы жыхар в. Каравайніца некалькі месяцаў таму трапіў у поле зроку дарожна-патрульнай службы: ехаў на аўто ў нецвярозым стане. Тады ён атрымаў больш за мільён рублёў штрафу. А нядаўна гэты ж мужчына нецвярозым сеў за руль мапеда. Да таго ж, на мапедзе не было патрэбных рэгістрацыйных знакаў. Супраць мужчыны ўзбуджана крымінальная справа.
ДТЗ
За студзень-чэрвень бягучага года ў раёне зарэгістравана 11 дарожна-транспартных здарэнняў. Два чалавекі загінулі, 13 паранены. Адно дарожна-транспартнае здарэнне адбылося па віне нецвярозага вадзіцеля.
Па матэрыялах РАУС падрыхтавала Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №52 ад 12.07.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *