Дабейскі сельсавет: штрыхі да партрэта

Актуалии Общество Экономика

Дабейскі сельсавет: штрыхі да партрэта

“Вы абавязкова да нас прыязджайце, нам ёсць, што вам паказаць, пра што расказаць”, – гасцінна адрэагаваў на прапанову напісаць пра жыццё Дабейскага сельсавета яго старшыня Аляксандр Аляксеенка. І мы адправіліся ў экспедыцыю з самымі радаснымі прадчуваннямі, якія ў поўнай меры апраўдаліся. А быў гэта цудоўны восеньскі дзень – як дадатковы камплімент і яркі мазок у палітру жыцця Дабейскага сельскага Савета.

Дабея і Дабейскі сельсавет. Гістарычны экскурс
Першае ўпамінанне Дабеі датуецца 1406 годам. Захаваліся звесткі, што ў гэты час тут быў Дабейскі мужчынскі манастыр.
Да 1752 года ў Дабеі існавала драўляная ўніяцкая царква.
З 1793 года ўпамінаецца мураваная праваслаўная царква Сашэсця Святога Духа ў Дабеі. На 1884 год яе наведвалі 1803 прыхаджаніны. Храм быў разбураны ў кастрычніку 1942 года падчас бою партызан з нямецка-фашысцкімі захопнікамі.
Многія дзясяткі гадоў свяшчэннікамі ў Дабейскім храме і бліжэйшых цэрквах служылі прадстаўнікі сям’і Мацкевічаў.
У “Гісторыка-юрыдычных матэрыялах” 1719 года ўпамінаецца ваяводскі маёнтак Дабея з праваслаўнай царквой, які належаў князю Марціяну Міхаілу Агінскаму, дзяржаўнаму і ваеннаму дзеячу Вялікага княства Літоўскага, віцебскаму кашталяну і ваяводзе.
У 1866 годзе існавала Дабейскае валасное вучылішча з 15 вучнямі.
У 1868 годзе ў Дабеі заснавана народнае вучылішча, у 1889 годзе ў ім навучаліся 43 хлопчыкі.
Існавала царкоўна-прыхадская школа, у 1889 годзе яе наведвалі 16 хлопчыкаў. У гады савецкай улады гэта была школа першай ступені, пазней – пачатковая школа.
У Дзяржаўным архіве Віцебскай вобласці захаваўся дакумент, датаваны 11.06.1920 г., у якім упамінаецца “кіраўніца Дабейскай дзіцячай пляцоўкі гр. Таццяна Херувімава” – гэта першае ўпамінанне пра Дабейскі дзіцячы сад.
Дабейская сельская бібліятэка – адна са старэйшых у Шумілінскім раёне. 21 студзеня 1921 года было прынята рашэнне аб адкрыцці хаты-чытальні.
20 жніўня 1924 года быў створаны Дабейскі сельскі Савет.
У лютым 1928 года ў вёсцы Боськава Дабейскага сельсавета быў створаны першы ў Сіроцінскім раёне калгас “Іскра”, які ўзначаліў М. А. Ільінец.
Шматвяковай гісторыяй можа пахваліцца не толькі Дабея. У “Інвентары Бешанковіцкай слабады, ці “прадмесця задзвінскага і фальваркаў на Расійскім баку, што належалі да Бешанковіцкага маёнтка графа Літавара-Храптовіча. Саст. 28 верасня 1781 года” ўпамінаюцца многія вёскі Дабейскага сельсавета: Амбросавічы (1508 г.); Горкі (1508 г.); Прыазёрная (Мошна) (1552 г.); Гародна (Гародня) (1618 г.); Непароты (1624 г.); Вялікія Ляжні (Лезне) і Сосніна (1649 г.); Маркава і Рускі (1780 г.); Бараноўскія (Міхалоўшчына), Боськава (Бошкава), Войлавічы (Войлевічы), Ільінцы (Ільмянец), Куціна, Лялюгі (Бісеркі), Пісарава (Пісарынкі), Слабодка, Смяшкова (1781 г.); Чарнецкае (Чэрніцкая), Хмялеўскія Ляжні (1826-40); Будзішча (Будушчы) (1867 г.).
Ёсць звесткі, што ў 1508 годзе ўладальнікам вёскі Амбросавічы быў князь Фёдар Іванавіч Глінскі.

І гэта толькі невялікая частка архіўнай інфармацыі, якую “раскапала” і прадаставіла нам краязнаўца Ала Бубен.

Галоўнае – гэта ўзаеміны з людзьмі
А старшыня ведае, што кажа. Мяркуйце самі. Сельсавет “умацаваны” двума сельскагаспадарчымі прадпрыемствамі – ААТ “Прыазёрны мір” і ААТ “Ляжні”. Ёсць перспектыўнае прыватнае вытворчае прадпрыемства. Тут развіты гандаль, паштовае, транспартнае, медыцынскае абслугоўванне, працуюць аб’екты сацыяльнай сферы.
Сельсавет размясціўся на больш як чатырнаццаці з паловай тысячах гектараў, якія прывабліваюць сваёй маляўнічасцю, прыроднай непаўторнасцю. Гэта сапраўдны дачны рай – успомніць хаця б Непароты. Карціну дапаўняюць лясы, чыстыя азёры, сярод якіх такія фаварыты адпачываючых, як Разван, Будавесць, Дабейскае. Не выпадкова, што ДАЦ “Дружба” размясціўся менавіта на гэтых землях, як і аграсядзіба з гаворачай назвай “Міжазер’е”. І гэта калі не ўспамінаць пра Вялікі камень…
Тут у 29-ці населеных пунктах (самыя буйныя з якіх – аграгарадок Амбросавічы, вёскі Вялікія Ляжні, Дабея і Прыазёрная)  жыве 1212 чалавек.
“Галоўнае – гэта ўзаеміны з людзьмі, – абазначае прыярытэты сваёй работы як старшыні Аляксандр Аляксеенка. Каму трэба – дапамагаем, каго трэба – выхоўваем. Але каб ведаць, чым жывуць людзі, і што найперш іх хвалюе, трэба самому быць сярод іх – ісці ў калектывы, размаўляць, адказваць на пытанні”. А таксама займацца прывычнымі клопатамі па добраўпарадкаванні, асвятленні населеных пунктаў, зносу лядашчых дамоў і іншымі задачамі, што стаяць перад сельскай адміністрацыяй.
Нам сапраўды падалося, што А. В. Аляксеенка ведае літаральна кожнага ў сваім сельсавеце, і кожнаму жыхару яму ёсць што сказаць.

Спытайце ў Алы Бубен
Калі вас цікавіць, адкуль узялася назва Дабея, калі ўтварылася гэтая ці іншая вёска сельсавета, якія і як жылі тут людзі – спытайце ў мясцовага бібліятэкара і выдатнага краязнаўцы Алы Бубен.
Краязнаўцы – гэта асаблівая каста людзей. Яны адзначаны павышанай самасвядомасцю, смеласцю перад агромістымі гістарычнымі пластамі, надзвычайнай скрупулёзнасцю і працавітасцю. Знешне яны, як правіла, сціплыя, не надта ўмеюць прэзентаваць сваю работу. Такая ж і яна – Ала Бубен. Гадзінамі можа расказваць пра Дабею, пра паходжанне назвы вёскі, пра яе гісторыю, вельмі перажывае, што вёска з такім багатым гістарычным мінулым страчвае свае перспектывы. Ёй, перавярнуўшай інфармацыйныя глыбы ў бібліятэках, архівах і інтэрнэце, усё здаецца, што нейкая вышэйшая сіла верне Дабеі і іншым вёскам былую моц і гаманкую шматлюднасць.

Прывітанне, дарагія падпісчыкі!
Куды б мы, журналісты, ні прыехалі, ногі самі вядуць нас на пошту: заўжды хочацца сказаць шчыры “дзякуй” людзям, якія з’яўляюцца пасрэднікамі паміж тымі, хто газету робіць, і тымі, хто яе чытае. І ў тым, што раёнка па-ранейшаму застаецца самай любімай і чытаемай газетай, вялікая заслуга ў тым ліку і нашых верных саратнікаў – работнікаў пошты.
Галіна Новікава на пошце ў Вялікіх Ляжнях працуе зусім нядаўна – змяніла на пасту Алу Лазуку, якая пайшла на заслужаны адпачынак. Новы начальнік паштовага аддзялення стараецца зрабіць усё магчымае, каб захаваць той аўтарытэт, якім нязменна карысталася пошта ў гэтай вёсцы. Дарэчы, на Ляжні сёння ідзе 40 раёнак.

Не так даўно спасцігае сакрэты прафесіі і Таццяна Літвін  – начальнік пошты ў Дабеі, а мінулы вопыт работніка гандлю ў гэтым толькі дапамагае. Таццяна заўважыла, што работа ёй вельмі падабаецца, і як вынік – 107 экзэмпляраў “Герой працы”. І гэта яшчэ не мяжа – патэнцыял ёсць і яна абавязкова яго выкарыстае.
Карыстаючыся выпадкам, мы перадаём палымянае “прывітанне” ўсім падпісчыкам “Герой працы” Дабейскага сельсавета.

Тэхніка ідзе на спачын
Напрацаваўшыся, сельскагаспадарчая тэхніка знаходзіць спачын на машынным двары. Камбайны, касілкі, варушылкі і іншыя разумныя агрэгаты тут мыюць, чысцяць, змазваюць. А трактары – круглагадовыя працаўнікі. Ім адпачываць не выходзіць. І гэтымі кастрычніцкімі днямі яны снуюць па палях, пераворваюць зямлю, стараюцца з усіх сваіх жалезных сіл, каб будучы ўраджай вырас больш важкім.

У ААТ “Прыазёрны мір” усім тэхнічным паркам кіруе вопытны галоўны інжынер Уладзімір Карнілаў. На машынным двары яму дапамагае малады спецыяліст Максім Пішчаленка, які працуе загадчыкам майстэрні.

Тайна «МВ-17»
Старшыня сельсавета, які за штурмана сядзіць на пярэднім сядзенні рэдакцыйнай машыны, кажа: «Зараз заедзем у “МВ-17”».
Мы не супраць, тым больш нас даўно цікавіла, што стаіць за гэтай таямнічай назвай і ці апраўданы чуткі пра тое, што гэтае дрэваапрацоўчае прадпрыемства развальваецца.
Нашу цікаўнасць у поўнай меры задаволіў дырэктар Уладзімір Дзямідаў. Ён расказаў, што “МВ-17”, якое зараз займаецца нарыхтоўкай і экспартам дроў, не збіраецца развальвацца, наадварот, мае цвёрды намер жыць і развівацца. Гэта не галаслоўная заява, ёсць усе падставы для перспектыў: прагны попыт на прадукцыю ў Швецыі, Даніі, Германіі, Чэхіі і ў іншых еўрапейскіх краінах, вялікія планы на развіццё прадпрыемства, аснашчэнне яго сучасным абсталяваннем, стварэнне прадпрыемства з замкнутым цыклам вытворчасці. І той факт, што “МВ-17” выказала жаданне выкупіць базу былога льнозавода, дзе яны зараз арандуюць памяшканні, яскравае сведчанне абгрунтаванасці гэтых планаў. Таму тым, хто шукае работу, можна пазнаёміцца з “МВ-17” бліжэй.
Але што ж крыецца за назвай “МВ-17”? Ды нічога асаблівага, усміхаецца Уладзімір. МВ – першыя літары прозвішча і імя інвестара прадпрыемства, які, дарэчы, жыве ў Латвіі. А лічба 17 выдае вялікую прыхільнасць інвестара да хакея. Памятаеце фільм “Легенда №17”?

Пра шкадаванні і новы фармат гандлю
Зоя Іванаўна Белавусава з 1984 года працуе ў сістэме спажыўкааперацыі раёна і не можа не шкадаваць, што яе роднае прадпрыемства прыйшло да банкруцтва. Яна ўпэўнена: у тым, што сітуацыя склалася менавіта так, вінавата не адно толькі райпо. Напрыклад, вяскоўцаў як кліентаў магазіна дыскрэдытавалі праблемы з выплатай зарплаты ў мясцовай гаспадарцы. А што такое магазін без пакупнікоў?..
Але перажыванні ніяк не замінаюць вопытнаму работніку працаваць у новых умовах. А работы з пераходам магазіна ў падпарадкаванне Бешанковіцкага райспажыўтаварыства прыбавілася. “І людзі ж задаволены,  – стараецца дадаць пазітыву размове старшыня сельсавета, а за гутаркай дапамагае Зоі Іванаўне, якая ні на хвіліну не прыпыніла сваёй работы, перанесці цяжкія каробкі з таварам. – Раней, кажуць, у магазіне купіць не было чаго, а цяпер грошай не хапае”.
Гэта сапраўды так: тавараабарот у гэтай гандлёвай кропцы павялічыўся раза ў паўтара, і калі раней 250-300 рублёў за дзень выходзіла, то цяпер – 400-600. Завоз тавараў здзяйсняецца два разы на тыдзень, пры гэтым выконваюцца ўсе заказы вяскоўцаў.
Наогул, пад Бешанковіцкае райпо перайшлі ўсе магазіны сельсавета. Толькі ў краму Прыазёрнай пакуль не знайшоўся прадавец, і клопат па гандлёвым абслугоўванні людзей там ляжыць на плячах прыватнае прадпрыемства “Казарка”.

Вось і лета прайшло
Мы не можам схаваць свайго захаплення жывёламі, якія перажоўваюць сянаж, ляніва пазіраючы на няпрошаных гасцей:
– Якія ж у вас прыгожыя гладкія кароўкі!
– Мы іх толькі ўчора на зіму паставілі. Ад’еліся за лета – аж цапы на шыях ледзьве сыходзіліся,  – кажа загадчыца фермы Непароты Вера Балбышкіна.
Час, пакуль каровы нагульваюць бакі, быў выкарыстаны для таго, каб прывесці ў парадак памяшканні фермы. Там праведзены рамонт, адноўлена сістэма водапаення, заменены вокны. У выніку 231 карова і 16 цялушак будуць зімаваць у чыстым, цёплым доме.

Праўда, адна і даволі сур’ёзная праблема ўсё ж была – з транспарцёрам гноевыдалення. Але мы не сумняваемся, што вопытны слесар, які ўзяўся за справу, яе ўжо вырашыў.  Як пойдуць справы  з надоямі, будзе залежаць ад кармоў.
Вакол фермы  –  выдатны газон, чысціня і парадак.  Магчыма, на надоі гэта і не ўплывае напрамую, але настрою ў рабоце жывёлаводам прыдае, што таксама важна ў тым ліку і для тых самых надояў.

Не забыць бы пра душу
З вясны ў Вялікіх Ляжнях распачалася будоўля каталіцкай капліцы ў гонар Міхала Архангела. У вёсцы 11 дамоў, дзе жывуць католікі, а таму тут неабходна месца для малення і дзіцячай нядзельнай школы, упэўнены настаяцель а. Анджэй Юхневіч ОМІ.

Вялікі камень і яго легенды
Колькі вякоў ляжыць у зямлі гэты каменны велікан, слухае вецер, грэе бакі пад сонцам, паціху абрастае мохам і легендамі.
Адну з тутэйшых легенд нам адкрыў Аляксандр Аляксеенка, вядома ж, па сакрэту (ну, а мы не можам не падзяліцца ёю з вамі, паважаныя чытачы).
Дык вось, існуе павер’е, што Вялікі камень, апроч усяго іншага, мае чароўную сілу, якая спрыяе маладой жанчыне стаць маці. Так гэта ці не, дакладна не ўстаноўлена, але тое, што гэтаму паверылі – факт.

Вось і нядаўна, расказвае Аляксандр Віктаравіч, настаўніцы, якія былі ў Шумілінскім раёне і прыехалі падзівіцца з нашага прыроднага асілка, хуценька ўскараскаліся на каменную спіну, пасядзелі там, думаючы пра сваё, гледзячы ў неба. Можа, падлічвалі, што вось якраз да прылёту буслоў… А ў аўтобусе тым часам засталіся толькі тыя, “каму яшчэ на пенсію рана, а буслоў чакаць позна”.
Праверыць, працуе камень у дэмаграфічным накірунку ці так ляжыць хітрун, рызыкнула і Наталля Чарнічэнка (гэткае журналісцкае расследаванне). Пра вынікі эксперыменту чытайце наступным летам у рубрыцы “Дэмаграфія па-шумілінску”.
P. S. Калі ў вашай хаце ўжо “сямёра па лаўках сядзяць”, усё адно завярніце да Вялікага каменя, пастойце побач, адчуйце подых вякоў. Пад’езд да прыроднага помніка цудоўны, ёсць альтанка, каб пасядзець, месца для прыгатавання шашлыкоў і нават дровы. Побач набірае сілу парк – 50 елачак і 120 клёнаў пасадзілі тут вясной.

На развітанне
Вядома, што правёўшы ўсяго толькі дзень у Дабейскім сельсавеце, немагчыма ўсё пабачыць і пра ўсё напісаць, тым больш толькі на двух газетных палосах. Але ж мы паставілі сабе шмат птушак на палях і будзем працягваць расказваць пра гэты рэгіён і людзей, якія тут жывуць. З радасцю прымем усе вашы парады і падказкі, шаноўныя жыхары Дабейскага сельсавета, дарагія падпісчыкі газеты “Герой працы”.
Мы ўдзячныя ўсім, хто дапамог у рэалізацыі гэтага выпуску рэдакцыйнага праекта. Дзякуй за цікавыя гутаркі, шчырыя меркаванні, смелыя заявы. Няхай у кожнага з вас абавязкова здзяйсняецца ўсё задуманае, няхай аптымістычным будзе ваш настрой, няхай Дабейшчына квітнее!
Наступны і апошні выпуск праекта “Сельсавет: штрыхі да партрэта” будзе прысвечаны Сіроцінскаму сельсавету. Так што, шаноўныя, чакайце на сваіх землях машыну з надпісам “ПРЭСА”.

Матэрыялы падрыхтавалі Аліна ПЯТРОВА і Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №85 ад 31.10.2017 г.



2 комментария по теме “Дабейскі сельсавет: штрыхі да партрэта

  1. Зоя Іванаўна, а потым Зінаіда Іванаўна… Да… Як заўсёды няўважлівыя…

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *