Абраны новы старшыня раённага савета ветэранаў

Новости Общество

Абраны новы старшыня раённага савета ветэранаў

31 кастрычніка прайшло пасяджэнне савета раённай арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў, на якое былі вынесены арганізацыйныя пытанні.
Большасцю галасоў была задаволена просьба К. Ф. Палоўнікавай аб складанні паўнамоцтваў старшыні раённага савета. Кацярына Фамінічна падсумавала вынікі сваёй работы на гэтай пасадзе, выказала шчырыя словы ўдзячнасці членам савета, кіраўнікам пярвічных арганізацый, усім, хто дапамагаў у рабоце з ветэранамі.
Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама В. Г. Навіцкая і старшыня раённага аб’яднання прафсаюзных арганізацый В. В. Юхнавец  выказалі К. Ф. Палоўнікавай словы падзякі за шматгадовую плённую працу і ўручылі ганаровыя граматы.
Члены савета прынялі рашэнне аб увядзенні ў склад раённага савета новых членаў: З. М. Вайцянковай, Т. В. Церах, В. Р. Штуро.
Старшыня пярвічнай арганізацыі ветэранаў райвыканкама В. П. Аўчыннікава адзначыла, што работа ветэранскай арганізацыі пачалася больш за трыццаць гадоў таму, ля вытокаў стаялі былыя кіраўнікі арганізацыі М. М. Станавенка,  А. А. Калкоў, Л. Ф. Мурашка, якія стварылі добры задзел для развіцця ветэранскага руху. В. П. Аўчыннікава прапанавала абраць старшынёй раённага савета ветэранаў Таццяну Васільеўну Церах, галоўнага захавальніка фондаў Шумілінскага гісторыка-краязнаўчага музея. Як заўважыла Вольга Пятроўна, кандыдатура новага старшыні доўга выбіралася, абмяркоўвалася сярод членаў савета, старшынь пярвічак, ветэранаў-актывістаў.
Па выніках галасавання Т. В. Церах аднагалосна была абрана старшынёй савета раённай арганізацыі Беларускага ГА ветэранаў.
Намеснік старшыні райвыканкама І. І. Шалахава, якая брала ўдзел у пасяджэнні, павіншавала Т. В. Церах з абраннем і пажадала ёй творчай работы, падкрэсліўшы, што Таццяна Васільеўна мае вопыт работы з ветэранамі.
Завяршылася пасяджэнне чаяваннем, падчас якога ў нефармальнай атмасферы абмяркоўваліся бягучыя і перспектыўныя справы арганізацыі.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №86 ад 03.11.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *