Шумилинские мелиораторы оценивают нынешний сезон как результативный

Актуалии Экономика

Дзе была пустка – закаласіцца жыта

З вясны да позняй восені ў меліяратараў – гарачы час.  Яны наводзяць парадак на зямлі.

І сёлета ў гэтым накірунку праведзена вялікая работа, у тэрмін выконваюцца даведзеныя планы, адзначае дырэктар прадпрыемства А. Я. Вайцянкоў.
Меліяратары добра ведаюць асаблівасці і катэгорыі грунтоў, біялагічныя асаблівасці сельгаскультур, арганізацыю і тэхналогію вытворчасці земляных работ. Такія веды – у дапамогу рабоце па рамонце асушальных сістэм. У прыватнасці, у мінулым месяцы работнікі ПМС здалі ў эксплуатацыю аб’ект Казьяны. Меліярацыйныя работы тут вяліся вельмі даўно – у пачатку 70-х гадоў, але з часам іх эфектыўнасць знізілася і прыстойны ўраджай было атрымаць практычна немагчыма. Таму палеткам далі другое дыханне: пачысцілі каналы, паклалі дрэнаж, выразалі кустоўе, пабудавалі два турбапераезды для заезду сельскагаспадарчай тэхнікі. Адным словам, давялі да ладу 165 гектараў, на якіх работнікі КУСГП “Мішневічы” засеялі азімыя зерневыя. Спадзяюцца ў наступным годзе атрымаць добры ўраджай.
Паралельна з аб’ектам Казьяны вяліся работы па доглядзе меліярацыйных сістэм па ўсіх гаспадарках раёна. “Дрэнаж час ад часу трэба прамываць, у адваротным выпадку поле ператворыцца ў балота, непрыдатнае для сяўбы, – расказала прараб ПМС В. І. Спірыдава. – Робім прамыўку пры дапамозе спецыяльных машын, у дапамогу – “Амкадор”. Работу вядзём строга па графіку, на нашым рахунку амаль 19 кіламетраў. У прыватнасці, сёлета працавалі на сістэмах Іскра-1, Гаравыя. Зараз работы вядуцца ў Язвіне. Прамыўку дрэнажу плануем рабіць да таго часу, пакуль не прыціснуць маразы”.
Работнікі ПМС падтрымліваюць у належным стане ўсе элементы меліярацыйнай сістэмы. У прыватнасці, сёлета ачысцілі ад ілу 47 кіламетраў каналаў. Тры экскаватары працавалі на сістэмах Гаравыя, Баёўка, Будавесць-Чэрніца і іншых.
Сярод агратэхнічных мерапрыемстваў, якія праводзяць меліяратары, пераважае ачыстка каналаў ад драўнінна-хмызняковай расліннасці і пустазелля. У ПМС створана спецыяльная брыгада з васьмі чалавек, якая займаецца гэтай работай. Вальшчыкі ў гэтым годзе выразалі кустоўе ў Башнях, Захараве, Дубраве, Непаротах, Заобалі іншых населеных пунктах (агульная адлегласць – 43 кіламетры). На наступны год зрэзаныя да зямлі пянькі апрацуюць гербіцыдамі – лазнякі працяглы час на гэтым месцы расці не будуць. Трэба адзначыць, што высечка хмызнякоў – адна з нямногіх работ меліяратараў, якую можна весці круглы год. Выдаляць кустоўе пры добрых умовах надвор’я пры дапамозе піл і кустарэзаў будуць і зімой.
Зараз сілы работнікаў ПМС кінуты на абкос каналаў. Сёлета з рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў на гэтыя мэты выдзелены немалыя сродкі. На мінулым тыдні было абкошана 457 кіламетраў ( у мінулым годзе было толькі 270 кіламетраў). У ПМС маюцца чатыры трактары з касілкамі. Зараз яны працуюць на сістэмах Кавалеўшчына і Усы, што на тэрыторыі ААТ “Прыдзвінскі”. Маюць на мэце весці работы да самых маразоў.
Наперадзе ў работнікаў ПМС – рэканструкцыя меліярацыйных сістэм Лаўжанскае-3 і Пушча. Работа меліяратараў да канца года будзе вымярацца асвоенымі гектарамі ўгоддзяў, а ў рэшце рэшт – ураджаем зерневых і кармавых культур, прыбаўкамі жывёлагадоўчай прадукцыі.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў № 87 ад 10.11.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *