Шумілінскіх даярак віншавалі ў Мінску

Актуалии Новости Экономика

Шумілінскіх даярак віншавалі ў Мінску

У мінулую пятніцу, 10 лістапада,  у Рэспубліканскім Палацы культуры прафсаюзаў  прайшло мерапрыемства па ўшанаванні і ўзнагароджанні лепшых жывёлаводаў рэспублікі. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі прафсаюз работнікаў аграпрамысловага комплексу сумесна з Міністэрствам сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі.
На мерапрыемстве наш раён прадстаўлялі лепшыя даяркі – Наталля Мікалаеўна Чаранок з СФГ “Раднік” (ферма Мішкавічы)  і Ала Пятроўна Зверава з ААТ “Лаўжанскае” (ферма Латкова).
“Што і  казаць – свята было арганізавана на вышыні, – усміхаецца Наталля Чаранок. – Усё прадумана да дробязяў: і шанаванне жывёлаводаў з вялікім стажам работы, і ўзнагароджанне мнагадзетных маці ад Беларускага саюза жанчын, і вітанне маладых спецыялістаў ад Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. Падарункі, кветкі, шчырыя словы ўдзячнасці за працу – усё было настолькі прыемным, што не перадаць словамі. На свяце прысутнічала 250 жывёлаводаў з усёй рэспублікі. Дэлегацыя Віцебскай вобласці налічвала 44 чалавекі”.
“Працую даяркай на ферме Латкова амаль дзесяць гадоў, а такое грандыёзнае свята для жывёлаводаў бачыла ўпершыню, – падзялілася ўражаннямі Ала Зверава. – Палац культуры прафсаюзаў, дзе пабывала ўпершыню, уразіў сваёй велічнасцю. Вельмі спадабалася выстава-дэгустацыя прадукцыі перапрацоўчай прамысловасці. З надыходзячым святам – Днём сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці – нас віншаваў  старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Мікалай Лабушаў. Ён сказаў столькі цёплых і ўдзячных слоў пра прафесію жывёлавода, што пасля іх на душы было вельмі прыемна. Думаю, выкажу думку ўсіх ўдзельнікаў мерапрыемства: нядрэнна б такія шанаванні на рэспубліканскім узроўні арганізоўваць кожны год. Хочацца, каб у наступныя гады на такіх мерапрыемствах пабывалі мае калегі. І справа зусім не ў падарунках (нам уручылі коўдры і цукеркі), а ва ўвазе да чалавека, у клопаце пра яго.  Вельмі важна, калі заўважаюць тваю нялёгкую працу, твае старанне, клопат і шчырасць. Пасля гэтага хочацца працаваць яшчэ лепш”.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №88 ад 14.11.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *