Доска почёта Шумилинского района: Вера Борисевич

Актуалии Экономика

Хто шчыра працуе – таму і шанцуе

Вестка пра тое, што прозвішча цялятніцы фермы Кардон Веры Іванаўны Барысевіч занесена на раённую Дошку гонару, хутка разнеслася па мясцоваму аграгарадку. “Заслужыла наша Вера, чаго тут і казаць – працуе сумленна”, – казалі калегі. “Хто шчыра працуе – таму і шанцуе! – нібыта падвяла вынік усіх размоў дырэктар КУСГП “Ульскі” Валянціна Лабейка. – Не кожны зможа так шчыраваць, як наша Вера Іванаўна. І не кожнай гаспадарцы пашанцавала на такую руплівіцу”.
Такой высокай адзнакі В. І. Барысевіч заслужыла сваёй стараннасцю і працавітасцю. Жанчына жартуе, што такія рысы перадаліся ў спадчыну ад маці, якая калісьці таксама працавала цялятніцай. І дачка абрала прафесію жывёлавода. Праўда, спачатку працавала даяркай на ферме Гусінцы, потым – у Кардоне. А калі на ферме пакінулі толькі цялят, Веры Іванаўне прапанавалі тут і застацца працаваць. “Прызнацца, крыху перажывала, нават пабойвалася: ці атрымаецца, – расказала жанчына. – Даглядаць нованароджаных, калі ў цябе іх з дзясятак – адна справа, а калі цялят больш за дзве сотні, і ўсе яны рознага ўзросту – гэта больш адказна і складана”. Але пасля таго, як жанчына адпрацавала на цялятніку некалькі тыдняў, з лёгкасцю ўздыхнула і сказала сама сабе: “Спраўлюся!” І вось ужо спраўляецца амаль чатыры гады. Сярэднясутачныя прывагі ў групе В. І. Барысевіч – адны з лепшых не толькі ў гаспадарцы, але і ў раёне: больш за пяцьсот грамаў.
А каб прывагі былі добрыя, жывёлу перш-наперш трэба накарміць, лічыць жанчына. І яна стараецца. Маленькім цяляткам разводзіць у цёплай вадзе замяняльнік малака і выпойвае з вядра, большым дае камбікорм, сена і сянаж. “Што кармы на ферме маем добрыя, гэта заслуга і механізатараў, і аграномаў, – кажа жанчына. –  Так што можна сказаць, што мае поспехі  – гэта і поспехі ўсіх тых, хто ўсё лета шчыраваў на нарыхтоўцы сенажу і сена”.
Вера Іванаўна прыходзіць на ферму два разы на дзень, каб напаіць-накарміць 270 цялятак сваёй групы. “Калі ёсць патрэба кудысьці ад’ехаць ці справіцца дома з агародам, замяняю Веру Іванаўну, – кажа загадчыца фермы Кардон Алена Дамарад.  – На яе групе працаваць любата – уся жывёла дагледжаная”.
Вера Іванаўна расказала, што зараз адчувае сябе ўпэўненай у сваёй прафесіі. “Як ні дзіўна самой сабе прызнацца, але працаваць цялятніцай мне падабаецца больш, чым даіць кароў, – кажа жанчына. – Напэўна, таму, што на маіх вачах з маленькага цяля вырастае вялікае. І якім яно будзе, у многім залежыць ад мяне. Адчуваю вялікую адказнасць за ўсіх маіх гадаванцаў, бо многія з іх у будучым папоўняць мясцовыя малочныя фермы. А добрыя надоі, як вядома – гэта дабрабыт гаспадаркі”.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №88 ад 14.11.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *