Доска почёта Шумилинского района: Крестьянское (фермерское) хозяйство «Родник»

Актуалии Экономика

Юрый Сямёнаў і яго каманда


Юрый Сямёнаў, Андрэй Гушча, Валянціна Гнядоўская і Аляксандр Лагуноў.

Сялянская (фермерская) гаспадарка “Раднік” у гэтым годзе занесена на раённую Дошку гонару. Такой пашаны гаспадарка ўдастоена за добрыя вытворчыя паказчыкі.
Каб у сённяшніх няпростых эканамічных умовах працаваць на зямлі, трэба правільна выбраць стратэгію і тактыку вядзення гаспадарчай дзейнасці, лічыць кіраўнік Юрый Віктаравіч Сямёнаў. Менавіта таму гаспадарка мае значныя поспехі і ў жывёлагадоўлі, і ў раслінаводстве. “Наша галоўная задача – працаваць з прыбыткам, – кажа Юрый Сямёнаў. –  Узровень рэнтабельнасці па гаспадарцы за мінулы год склаў 16,4% . Рэнтабельнасць раслінаводства – 59,4%, па надоях малака – 19,9%. Па лічбах нядрэнна здагадацца, на што мы накіроўваем асноўныя сілы. Варта займацца тым, што добра атрымліваецца, вырошчваць тое, што добра расце на шумілінскіх землях. Наша гаспадарка спецыялізуецца на вырошчванні элітнага насення зернебабовых, крыжакветных, бульбы і шматгадовых траў.
Гаспадарскі падыход і разлік даюць добры прыбытак. Здаецца, у “Радніку” і тэхнікі не больш, чым у іншых гаспадарках раёна, і людзі розныя. Але сеяць элітным насеннем, вытрымліваюць тэхналогію догляду за пасевамі – вось і вынік ёсць. Перш-наперш робяць стаўку на шматгадовыя травы, як бабовыя – вырошчваюць тры віды канюшыны, баркун белы, галегу ўсходнюю, так і злакавыя – добра растуць на мішкавіцкіх землях тры віды аўсяніцы, райграс пашавы, фестулоім і іншыя травы. Аграномы гаспадаркі заўсёды раяць сваім калегам сеяць усе названыя травы, прычым, пачынаць з галегі, культуры, якая з’яўляецца “ганьбой агранома на адзін год і шчасцем заатэхніка на пятнаццаць-дваццаць гадоў”. Менавіта з галегі, багатай на пратэін і бялок, атрымліваецца самы танны корм.
Элітнае насенне шматгадовых траў СФГ “Раднік” здае на “Віцебскнасентравы” (сёлета адвезлі 56 тон), а адтуль яго ўжо набываюць не толькі гаспадаркі Віцебшчыны, але і іншых абласцей.
Добрыя прыбыткі даюць гаспадарцы крыжакветныя культуры – да рапсу ў наступным годзе мяркуюць дадаць  рэдзьку масленічную і гарчыцу белую.
“Раднік” з’яўляецца элітнай гаспадаркай па вырошчванні бульбы. Сёлета яе было пасаджана 70 гектараў. Ураджайнасць “брыза” і “скарба”, з уборкай якіх сёлета абышліся сваімі сіламі – больш за 200 цэнтнераў з гектара. Засыпалі патрэбную колькасць на насенне, а з продажам астатняй не спяшаюцца – вясной бульба значна вырасце ў цане.
Юрый Сямёнаў, які з’яўляецца старшынёй праўлення Віцебскай абласной  асацыяцыі фермераў, любіць эксперыментаваць і спрабаваць вырошчваць новыя культуры.  Напрыклад, не першы год сеюць масленічны лён. А ў гэтым годзе ўпершыню СФГ “Раднік”, якая створана ў 1991 годзе,  рызыкнула вырошчваць кмен. З дваццаці гектараў намалацілі больш за пяць тон. Увесь ураджай прадалі.
Партрэт гаспадаркі быў бы няпоўным без поспехаў у жывёлагадоўчай галіне. За мінулы год тут дасягнулі пяцітысячных надояў на карову. Ёсць вынікі і ў гэтым годзе: за студзень-кастрычнік надой на адну карову склаў 4505 кілаграмаў, выручка ад рэалізацыі малака склала 946 тысяч рублёў.  З дзвюх ферм гаспадаркі, на якіх утрымліваецца 350 кароў, дояць малако гатункам “экстра-клас”. Падмуркам для якасці малака і яго колькасці з’яўляюцца добрыя кармы. А што яны менавіта такія – сумнявацца не прыходзіцца. У “Радніку” рыхтуюць сянаж не з разнатраўя, а са шматгадовых траў: бабовых, багатых на бялок, і злакавых, якія ўтрымліваюць дастатковую колькасць цукру. Круглы год фермы гаспадаркі забяспечаны камбікармамі, якія робяць з уласна вырашчаных рапсу, зернебабовых, пшаніцы, жыта. Немалаважная роля ў агульным поспеху і чалавечага фактара – жывёлаводы “Радніка” не прывыклі працаваць абы з рук.
Вядома, у СФГ “Раднік” не было б названых поспехаў, калі б не надзейная каманда. У яе складзе Юрый Віктаравіч называе выканаўчага дырэктара Аляксандра Лагунова , намесніка кіраўніка па раслінаводстве Андрэя Гушчу, галоўнага заатэхніка Сняжану Дземідовіч, галоўнага інжынера Андрэя Сямёнава, галоўнага бухгалтара Валянціну Гнядоўскую, ветурача Аляксандра Прохарава, тэхніка-асемянатара Івана Гусакова, усіх механізатараў і жывёлаводаў, чыя руплівая праца прыносіць гаспадарцы плён.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №89 ад 17.11.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *