В Шумилинском районе справили «Дожинки»

Актуалии Новости Экономика

Праца і свята разам ідуць

У мінулую суботу ў аграгарадку Мікіціха прайшло святкаванне Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу.
У Лаўжанскім сельскім цэнтры культуры і вольнага часу было мнагалюдна. Сюды сабраліся дэлегацыі з усіх сельскагаспадарчых і перапрацоўчых прадпрыемстваў раёна, прадстаўнікі іншых арганізацый. У фае былі наладжаны выставы самаробных кніг, створаных бібліятэкамі раёна, выстава гісторыка-краязнаўчага музея, прысвечаная гісторыі працоўных дасягненняў вяскоўцаў Шуміліншчыны. Выставу раённага конкурсу “Залаты сноп” майстры Дома рамёстваў дапоўнілі цікавым прадстаўленнем, якое прадэманстравала сімволіку народных абрадаў, звязаных з Дажынкамі.

Але ў цэнтры ўвагі былі працаўнікі  – механізатары і жывёлаводы, вадзіцелі і даяркі, камбайнеры і рабочыя, кіраўнікі і спецыялісты. Не былі забытыя і ветэраны сельскагаспадарчай галіны, якія атрымалі кветкі і падарункі. Сімвал вяршыні сялянскай працы – хлебны каравай – быў уручаны старшыні раённага выканаўчага камітэта Аляксандру Снараву і кіраўнікам сельскагаспадарчых прадпрыемстваў раёна.
Кіраўнік раёна ў сваёй прамове падсумаваў вынікі сялянскай працы, адзначыў, што сёлета сабрана больш за 20 тысяч тон збожжа (на 3 тысячы больш, чым у мінулым годзе), нягледзячы на складаныя ўмовы надвор’я, у якіх працавалі вяскоўцы. Не хаваў ён і недахопы ў рабоце, асабліва ў жывёлагадоўчай галіне, але падкрэсліў, што шмат зроблена па навядзенні парадку на фермах, па ўзнаўленні статку – гэта павінна паслужыць добрым задзелам для станоўчых зрухаў у наступным годзе. Аляксандр Снараў сказаў шчырыя словы прызнання і ўдзячнасці ўсім працаўнікам за самаадданую працу ў нялёгкіх умовах, а таксама выказаў упэўненасць, што кожны зробіць на сваім месцы ўсё магчымае, каб вынікі будучага года былі лепшымі.
Аляксандр Снараў уручыў Ганаровыя граматы райвыканкама і грашовыя прэміі пераможцам раённага вытворчага спаборніцтва.
Граматы ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама і грашовыя прэміі прызёрам спаборніцтва ўручыў першы намеснік старшыні райвыканкама Віталь Коваль. Віталь Уладзіміравіч уручыў таксама грашовыя прэміі і падарункі лепшым работнікам сельгасарганізацый, прадстаўнікам перапрацоўчай галіны АПК, кіраўнікам і работнікам арганізацый і прадпрыемстваў раёна, якія дапамагалі сялянам ў іх нялёгкай працы.

З прафесійным святам павіншавала работнікаў аграпрамысловага комплексу старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Новікава. Яна адзначыла, што сёлета вырашана ўзнагародзіць тых, хто ў сучасных умовах працягвае трымаць і развіваць падсобную гаспадарку, ускладваючы на свае плечы двайную працу – на грамадскіх фермах і палетках і на ўласных падворках. Ірына Мікалаеўна ўручыла Ганаровыя граматы раённага Савета дэпутатаў за актыўную працу па развіцці асабістай падсобнай гаспадаркі, добраўпарадкаванне прыдамавой тэрыторыі і актыўны ўдзел у грамадскім жыцці і грашовыя прэміі сем’ям Івановых з вёскі Жданоўка, Лявонавых з вёскі Пабеда і Сямёнавых з аграгарадка Башні.

Старшыня райкама прафсаюзаў работнікаў аграпрамысловага комплексу Вольга Пусянкова ўручыла граматы работнікам перапрацоўчых прадпрыемстваў. Таксама быў адзначаны як лепшы машынны двор ААТ “Прыазёрны мір”.

Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Валянціна Навіцкая ўручыла дыпломы пераможцаў маладым работнікам сельскагаспадарчых прадпрыемстваў – камбайнеру Ігару Літвіну (ААТ “Прыазёрны мір”), механізатару Уладзіміру Скітову (ААТ “Ляжні”), ветурачу Таццяне Нячай (КУСГП “Ульскі”).

Цудоўны канцэрт для ўдзельнікаў святочнага мерапрыемства прадставілі самадзейныя артысты УП “Віцебскаблгаз”. Кожны нумар гледачы праводзілі гарачымі працяглымі апладысментамі. Час праляцеў як адно імгненне, настолькі захапляльнымі былі танцавальныя і вакальныя нумары, іх прафесійнае выкананне. Выказваючы артыстам падзяку за канцэрт, старшыня райвыканкама Аляксандр Снараў пад шчырыя апладысменты залы заўважыў, што такі зарад энергіі і бадзёрасці павінен натхніць на новыя працоўныя дасягненні, і запрасіў артыстаў прыязджаць яшчэ.

На свяце былі падведзены вынікі раённага конкурсу “Залаты сноп”. Пераможцамі ў намінацыях сталі: “Лепшае арыгінальнае вырашэнне” – Шумілінскі яслі-сад №1 (загадчык Алена Садохіна), “Лепшае мастацкае афармленне” –  Аляксей Гласковіч і Ганна Шэнда (Лаўжанскі СЦК), “Захаванне рэгіянальных традыцый”  – Жанна Кадукова (Грудзінаўскі СК-бібліятэка), “Багаты сноп” – Надзея Лазука (Ляжнёўскі СК), “Лепшае аўтарскае вырашэнне” – Таццяна Каласкова і Таццяна Чупрукова (Шумілінскі раённы цэнтр дзяцей і моладзі).
Узорны сноп прадаставіў Дом рамёстваў.

Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №90 ад 21.11.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *