Рыбацкае шчасце Міхаіла Лісейцава

Мир увлечений

Рыбацкае шчасце Міхаіла Лісейцава
Лавіць рыбу Міхаіл Лісейцаў пачаў, напэўна, адначасова з тым, як навучыўся хадзіць. Ну, хіба крыху пазней. А якія яшчэ былі варыянты, калі рэчка побач і калі бацька – заядлы рыбак?

Вядома, што спачатку была простая вудачка і простая хлапечая забава. Як аказалася, гэтая забава перарасла ў сур’ёзнае захапленне, у тое, без чаго сёння дарослы мужчына не ўяўляе свайго жыцця.
У канцы васьмідзясятых, пасля службы ў арміі, М. Лісейцаў пераехаў у Мікіціху, хаця сам родам з Браншчыны. Прыехаў аднойчы да сябра ў госці, з якім разам служыў, паглядзеў, што тут край дужа багаты на азёры (а гэта было вельмі важнай акалічнасцю), і прыняў рашэнне памяняць месца жыхарства. Тут, у Мікіцісе, знайшоў каханую, стварыў сям’ю, выхаваў двух сыноў.
У канцы дзевяностых Міхаіл Лісейцаў “падсеў” на спінінг, прыдбаў годныя рыбалоўныя снасці. Вось калі пачалася ўжо сапраўдная рыбалка! Рыбак аджыў, адчуў сапраўднае рыбацкае шчасце. У яго аднаго з першых з’явілася безынерцыйная катушка, самыя “наварочаныя” спінінгі, воблеры і прынады. Ён наогул вельмі прагрэсіўны ў гэтым плане, любіць, як кажуць, эксперыментаваць, спрабаваць новае. Нядаўна ацаніў “пляцёнку” (дагэтуль былі монашнуры). Гэта зусім іншы ўзровень, пераконвае Міхаіл, гэта як параўнаць іншамарку з “жыгулямі”.
У паўсядзенным жыцці Лісейцава ўсё закручана вакол рыбалкі. Міхаіл нават работу сабе знайшоў (працуе вартаўніком у лясгасе), каб было паболей вольнага часу.
Адзін з сыноў, старэйшы Стас, таксама прыахвоціўся да рыбалкі. Меншы, Арцём, кажа бацька, паспрабаваў, але яго не зачапіла, ён “захварэў” экстрэмальнымі падарожжамі. Хаця абодва з дзяцінства, як кажуць, не вылазілі з лодкі.
Зараз бацька з сынам на пару едуць рыбаліць, прычым, вельмі актыўна прымаюць удзел у самых разнастайных спаборніцтвах. І трэба сказаць, часта становяцца пераможцамі.
У рыбацкім дзённіку і фотаальбоме рыбака Міхаіла Лісейцава – шмат важкіх трафеяў. Трапляліся на кручок карпы па 10 кг (самае цікавае, што і на спінінг вылаўленыя), шчупак вагой 7,400. Самыя рэкордныя рыбіны злоўлены на возеры Будавесць у Башнях. У гэтым сезоне Міхаіл Васільевіч “узяў у палон” шчупака пад 5,5 кг. Значыць, сезон прайшоў не дарэмна.
Надрукавана ў №92 ад 28.11.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *